Суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд 68-гадовай мясцовай жыхарцы Зінаідзе Казак, прызнаўшы яе вінаватай у абразе Аляксандра Лукашэнкі, народнага засядальніка, прадстаўніка ўлады, а таксама ў гвалце або пагрозе яго ўжывання ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Жанчыну прысудзілі да 4,5 года" хатняй хіміі «і абавязалі выплаціць штраф у памеры васьмі тысяч рублёў.
Паводле матэрыялаў судовага паседжання, Зінаіда Казак у перыяд са снежня 2020-га да сярэдзіны 2021 года напісала некалькі каментароў у Telegram пра пракурорскіх работнікаў, суддзяў, супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку Юрыя Караева, які ў той час быў міністрам унутраных справаў. Суд прызнаў яе каментары абразлівымі. Некалькі «пацярпелых» запатрабавалі ад жанчыны кампенсацыі маральнай шкоды на суму чатыры тысячы рублёў.
Сваю віну Казак прызнала часткова, матэрыяльныя прэтэнзіі адхіліла.
Жанчыну затрымалі 27 красавіка 2023 года. Да 30 красавіка яна была пад вартай, пасля чаго яе перавялі пад хатні арышт.