«Ах, Вагнер, ах, Вагнер». Лукашэнка папракнуў міністра і афіцэраў, якія па тэлевізары ўсхвалялі расійскіх наймітаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 20 лютага раскрытыкаваў высокапастаўленых беларускіх сілавікоў, якія дэманстратыўна ўсхвалялі наймітаў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера, што перабраліся ў Беларусь.

Николай Карпенков с шевроном ЧВК Вагнера. Фото: пресс-служба Внутренних войск МВД Беларуси
Мікалай Карпянкоў з шаўронам ПВК Вагнера. Фота: прэс-служба ўнутраных войскаў МУС Беларусі

Палітык адзначыў, што ролю баевікоў ПВК Вагнера ў расійскай агрэсіі супраць Украіны ён «не перабольшвае».

— Заўсёды [папярэджваю] і міністра, і іншых тут некаторых, якія на экране [тэлевізараў] з вагнераўцамі практычна кожны дзень [усклікаюць]: «Ах, Вагнер, ах, Вагнер», — сказаў Лукашэнка, пасля чаго камера яго прэс-службы паказала міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова, што сядзеў у зале. — Малайцы, хлопцы. Дзякуй, расказалі нам пра досвед ваенных дзеянняў. А ўсё астатняе нашыя афіцэры ведаюць не горш. Адны і тыя ж акадэміі заканчвалі. Яны (беларускія афіцэры. — Заўв. рэд.) гэта ведаюць.

Палітык падкрэсліў, што больш за ўсё ў размовах з наймітамі ПВК Вагнера, якія вучылі беларускіх сілавікоў, яго здзівіла тое, што, паводле іх ацэнкі, беларускія салдаты і афіцэры «фізічна слаба падрыхтаваныя». Лукашэнка адзначыў, што з гэтым сцверджаннем «абсалютна згодны».

— Абсалютна дакладна. Так было і ў маім войску савецкім, у якім я служыў, — заявіў палітык.

Ён таксама адзначыў, што галоўны ўрок, які ён вынес з расійска-ўкраінскай вайны, — гэта важнасць контрбатарэйнай барацьбы і супрацьдзеяння беспілотнікам.

— Асабліва супрацьдзеянне беспілотнікам. Найважнейшае пытанне, якое мы мусім цяпер вырашыць. Сёлета я першарадную ўвагу буду надаваць гэтаму, — сказаў на заканчэнне Лукашэнка.

Адзначым, што ўнутраныя войскі, якімі камандуе намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў, не раз праводзілі сумесныя вучэнні з наймітамі ПВК Вагнера. Гэтыя мерапрыемствы шырока асвятляліся беларускімі прапагандыстамі.

— Усё інструктары ПВК Вагнера нам перадаюць, усім сваім баявым досведам дзеляцца, але самае галоўнае — з усімі камандамі інструктараў, якія знаходзяцца ў нас, у нашых частках, не ў якасці інструктараў, а ў якасці дарадцаў, калі раптам спатрэбіцца, прайшло баявое зладжванне, — казаў Мікалай Карпянкоў у эфіры СТБ у лютым гэтага года, дапусціўшы, што расійскія найміты могуць у выпадку неабходнасці ўдзельнічаць і ў мерапрыемствах МУС у перыяд выбараў.

У снежні 2023 года Мікалай Карпянкоў паказаўся на зборах байцоў спецпадраздзяленняў у куртцы з шаўронам ПВК Вагнера. На ім быў выяўлены контур Беларусі з чэрапам і надпісам «Спецназ УВ МУС PMC Wagner Group».

Сцяг ПВК Вагнера заўважылі і на паказальным выступе атрада спецназа «Тарнада» ў вайсковай частцы 3310 у Мінску. Ён вісеў на флагштоку побач з дзяржаўным сцягам Беларусі і сцягам спецназа.

Чытайце таксама