«Яму нават свае раілі, каб не блытаў калонію з СІЗА». Што вядома пра начальства ПК-3, дзе памерлі ўжо два палітвязні
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


На выходных стала вядома пра смерць у ПК № 3 у Віцебскай вобласці палітвязня Вадзіма Храсько. Гэта ўжо другая смерць асуджанага за палітыку ў гэтай калоніі — у траўні 2023-га тамсама памёр Мікалай Клімовіч. Расказваем, хто кіруе гэтай установай і якія там умовы.

Филипп Стурченко, начальник ИК №3. Фото взято с его страницы в VK
Філіп Стурчанка, начальнік ПК № 3. Фота ўзятае з яго старонкі «ВКонтакте»

Што вядома пра ключавыя фігуры ў адміністрацыі «Віцьбы»?

ПК № 3 знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Віцьба, часта адбываць пакаранне ў яе адпраўляюць былых сілавікоў, суддзяў, бізнесоўцаў, але трапляюць туды і палітвязні. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», у «Віцьбе» знаходзіцца як мінімум 110 «вінаватых» перад дзяржавай.

Цяпер калоніяй кіруе 47-гадовы Філіп Стурчанка, пры ім і памёр Вадзім Храсько. Паводле інфармацыі аб’яднання былых сілавікоў BELPOL, Стурчанка прыйшоў у папраўчую ўстанову паўгода таму, 31 ліпеня 2023-га. Цяпер ён палкоўнік унутранай службы.

Стурчанка нарадзіўся ў расійскім Чалябінску, пазней пераехаў у Віцебск, скончыў мясцовую школу, атрымаў беларускае грамадзянства. У 1995-м, пасля службы ў войску, пайшоў у міліцыю. Пачынаў працаваць сілавік у СІЗА № 2 у Віцебску, якое лічаць у Беларусі адным з самых суровых. Першыя пяць гадоў быў кантралёрам, потым яшчэ тры — інструктарам па выхаваўчай рабоце. Наступныя пяць працаваў на пасадах оперупаўнаважанага і старшага ўпаўнаважанага аператыўнага аддзела пры СІЗА. У 2006 годзе Філіп Стурчанка завочна скончыў Акадэмію МУС. І праз два гады перайшоў ва ўпраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) Віцебскай вобласці. З 2010-га ўзначальваў там аддзел, пакуль у 2014-м зноў не вярнуўся ў СІЗА № 2 на пасаду начальніка рэжымнага аддзела. Ну, а далей узначаліў ВК-3.

Да яго калоніяй у Віцьбе пяць гадоў кіраваў 47-гадовы палкоўнік унутранай службы Аляксей Старавойтаў. За часамі яго службы памёр Мікалай Клімовіч, у якога была інваліднасць II групы праз праблемы з сэрцам. Старавойтаў даслужыўся да начальніка, пачаўшы з нізоў у гэтай жа папраўчай установе ў 1998-м — з пазіцыі кантралёра, пазней быў інструктарам па баявой і фізічнай падрыхтоўцы. У 2004 годзе ён стаў оперупаўнаважаным аператыўнага аддзела, у 2011-м узначаліў аддзел тылавога забяспечання, а праз тры гады стаў намеснікам начальніка калоніі.

Як даведаўся BELPOL, у 2001 годзе ў Віцебску на Старавойтава напаў невядомы мужчына — у выніку той атрымаў колатае раненне ў грудную клетку. Пазней на працы яго чатыры разы прыцягвалі да дысцыплінарнай адказнасці. У 2016-м, да прыкладу, за тое, што не правёў праверку па факце парушэння дысцыпліны. Ужо калі працаваў у адміністрацыі калоніі — за неналежнае выкананне службовых абавязкаў і кепскую арганізацыю працы падначаленых, невыкананне імі службовай дысцыпліны.

Яшчэ адна важная фігура ў калоніі — намеснік начальніка па рэжымна-аператыўнай рабоце (РАР). Гэтую пасаду з 2018 года займае 35-гадовы Дзяніс Федчанка, выпускнік крымінальна-выканаўчай Акадэміі МУС, які з першага дня пасля вучобы працаваў у гэтай жа калоніі.

Старавойтаў. «Чалавек, які з „рабамі“ не размаўляе»

Імёны суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі.

Былы следчы і палітвязень Леў успамінае, што Старавойтава бачыў даволі рэдка. У асноўным падчас праверак, калі адміністрацыя на чале з начальнікам магла зазірнуць на прамзону, у атрад або абысці ўсю калонію.

— Ён у асноўным не кантактаваў са зняволенымі. Паводзіў сябе, ведаеце, як чалавек, які з «рабамі» не размаўляе, — тлумачыць суразмоўца. — Мне падаўся напышлівым. Я б сказаў, што Старавойтаў — кар’ерыст. Калі я толькі заехаў, палітычных было мала, і праз гэта за імі больш сачылі. Напрыклад, кожны раз пасля прамзоны, паходаў у сталоўку ці жылую зону раздзявалі дагала. Калі такіх людзей стала больш, гэта пачалі практыкаваць радзей. Наколькі гэта была ініцыятыва начальніка, не ведаю, думаю, там больш датычны начальнік па РАР (гаворка пра Федчанку. — Заўв. рэд.). Абодва яны за рэжым Лукашэнкі.

Алексей Саровойтов, бывший начальник ИК №3. Фото: BELPOL
Аляксей Старавойтаў, былы начальнік ПК № 3. Фота: BELPOL

На палітычных у калоніі перыядычна складалі рапарты за розныя парушэнні. Тым, хто асабліва не трапляўся на вочы, іх выпісвалі мінімум раз на год, каб чалавек не падпадаў пад умовы амністыі або змякчэння пакарання. Парушэнні разглядаліся на камісіі, у тым ліку пры начальніку. Раней у інтэрв'ю «Люстэрку» Леў успамінаў, што падчас яго тэрміну Старавойтаў прымушаў зняволеных рабіць прышчэпкі ад кавіду. За адмову пагражаў пазбавіць спатканняў — нібыта з меркаванняў эпідэмічнай бяспекі.

— Мне пашанцавала: на камісіі я часта трапляў не да яго, бо сядзеў бы ў ШІЗА — ён бэчэбэшнікаў туды часта адпраўляў. Прычым звычайных палітвязняў спачатку накіроўвалі на 10 дзён, потым падаўжалі яшчэ на 20. А астатнім, напрыклад, дадуць за бойку шэсць сутак — і яны выйдуць пасля, — тлумачыць мужчына.

Знаёмыя Льва, якія выйшлі з «Віцьбы» пазней, расказвалі, што Старавойтаў сышоў з калоніі праз пытанні, звязаныя са здароўем.

Як расказвае Георгій, што вызваліўся ўвосень 2023-га, у калоніі абмяркоўвалі, што Аляксею Старавойтаву не падоўжылі кантракт. Паводле словаў мужчыны, размовы пра гэта былі яшчэ да смерці Клімовіча. Таму ён упэўнены, што сыход начальніка не звязаны з надзвычайнм здарэннем.

— Хадзілі чуткі, што ён збіраўся ісці вышэй па службовай лесвіцы. Гэтая інфармацыя з’явілася яшчэ за паўгода да сыходу, — успамінае суразмоўца. — Старавойтаў падтрымліваў уладу. Калі палітычных стала больш, нельга было нават сабрацца разам папіць гарбаты, пагутарыць. Памятаю, пасля майго першага парушэння пачалося прамыванне мазгоў: «Навошта табе ўсё гэта трэба было? У цябе дзед ваяваў?» Суцэльны маналог. Я разумеў: калі пачаць спрачацца, гэта прамая дарога ў ШІЗА.

Яшчэ адзін экс-палітвязень, Кірыл, расказвае, што ўпершыню сутыкнуўся з былым начальнікам калоніі на размеркаванні па атрадах.

— Усё было нармальна, ён пытаў, хто я такі, адкуль, за што сяджу. Дыялог быў просты: «Ну што, не жылося спакойна? Адарвалі цябе ад сытага жыцця. Пасядзіш спакойна — і едзь да сям'і». Пра Старавойтава я даведаўся яшчэ да таго, як трапіў у калонію. Расказвалі, што ён дастаткова адэкватны, гэтак жа потым ён сябе і паводзіў. Але гэта са мной — тут жа ўсё індывідуальна. Ад іншых зняволеных часам я чуў поўны трэш, а часам усё было дастаткова культурна. Хоць не скажу, што бывалі абразы. Проста з кімсьці ён быў больш рэзкім і агрэсіўным. Пры мне ён, можа, адзін раз груба пагаварыў са зняволеным. Але начальнікі там у асноўным усе такія — усе ім павінныя кланяцца, — заключае суразмоўца.

Стурчанка. «Яму нават свае раілі, каб не блытаў калонію з СІЗА»

Калі ў калоніі з’явіўся Філіп Стурчанка, абстаноўка і правілы сталі больш жорсткімі, адзначае Кірыл. Гэта ж ён чуў ад іншых экс-зняволеных, якія выйшлі на волю пазней і звязваліся з ім:

— На праверках ён паводзіў сябе звычайна, хлопцы казалі, што камунікаваў з імі адэкватна. Але калі раней за «парушэнне» можна было адкараскацца пазачарговым дзяжурствам або вымовай, то за Стурчанкам у 90% выпадкаў гэта быў ШІЗА. Стала значна горш. Ён жа былы начальнік рэжымнага аддзела віцебскага СІЗА, а яно вядомае сваёй жорсткасцю і неадэкватнасцю. Я не сустракаў ніводнага чалавека, якому там нармальна сядзелася. Ну і Стурчанка пачаў наводзіць свае парадкі. Адразу з’явіліся нейкія ідыёцкія рэжымныя моманты. Напрыклад, памянялі шыхтаванне ў сталоўку: спачатку атрады павінныя шыхтавацца ў лакальным участку, потым праз брамку выходзіць па адным і шыхтавацца на пляцы. Забаранілі спатканні (нават кароткія) з усімі, каго няма ў асабістай картцы зняволенага, хоць наогул ён мае права бачыцца з любымі людзьмі, нават з сябрамі, бо гэта, скажам так, спрыяе яго выпраўленню.

Кірыл адзначае, што стала горш і з меддапамогай. Ускладнілі нават працэс атрымання таблетак.

— Гэта і так было няпроста: спачатку тлумачыць доктару, што з табой, потым пісаць заяву на прэпарат, а той мусіць яе падпісаць, — расказвае мужчына. — Толькі пасля пішаш сваякам ліст, і яны высылаюць лекі. То-бок вельмі доўгі працэс. Але тая ж лабараторная дыягностыка, аналізы там даступныя і рабіліся хутка. Быў даволі сучасны рэнтген-апарат. У медчастцы, вядома, усё залежыць ад таго, з чым ты прыйшоў, якой кваліфікацыі табе трапіўся доктар і ў якім настроі. Але не магу сказаць, што там зусім не лечаць.

Георгій таксама заўважыў змены з прыходам новага начальніка. Паводле яго, новаўвядзеннямі не былі задаволеныя і шараговыя супрацоўнікі.

— Як гаворыцца, новая мятла па-новаму мяце. Стурчанка прыйшоў з СІЗА і пачынаў пад свой грабянец усё перабудоўваць, збіраўся канкрэтна заціскаць гайкі, — успамінае Георгій. — Яму нават свае, іншыя людзі ў адміністрацыі, раілі, каб не блытаў калонію з СІЗА. Бо праз перагіны можа страйкаваць уся калонія. Усё ж такі тут мусіць быць больш свабоды ў зняволеных. Я заспеў толькі яго прыход, моцна зменаў яшчэ не адчуў, але свабоды станавілася менш. Раней было прасцей перасоўвацца па той жа тэрыторыі атрада, а потым стала складаней. Стурчанка падтрымліваў палітыку ўлады. Калі выклікалі на камісію па парушэннях, пачыналіся гэтыя размовы ў стылі «навошта вам гэта трэба было».

Федчанка. «Ён адпраўляе справаздачы наверх па палітычных. Разумны, хітры афіцэр»

Денис Федченко, замначальника по режимно-оперативной работе ИК №3. Фото: BELPOL
Дзяніс Федчанка, намеснік начальніка па рэжымна-аператыўнай рабоце ПК № 3. Фота: BELPOL

Усе трое суразмоўцаў кажуць, што за побыт у калоніі больш адказвае намеснік па рэжымна-аператыўнай працы Дзяніс Федчанка. Пад яго кантролем і пільнай увагай на «Віцьбе», у прыватнасці, знаходзіліся палітвязні. Год таму адзін з вязняў, якія вызваліліся, расказваў праваабаронцам, што Федчанка курыруе такіх асуджаных і адказвае за рэпрэсіі. З ягоных словаў, сілу там выкарыстоўваюць рэдка, асабліва да гэтай катэгорыі зняволеных, называючы гэта «спецсродкамі».

— Федчанка аддае загады аператыўнікам, 80% працы якіх — гэта збор інфармацыі на палітвязняў, — казаў ён. — Калі аператыўнікі знайшлі нейкае парушэнне, яны раяцца, напрыклад, ці закрыць у ШІЗА. Але рашэнні прымае Федчанка. Ён асабіста аддаваў указанне збіць аднаго чалавека. Калі заязджаеш, трэба падпісваць розныя дакументы. А ён у шапцы нейкага дакумента напісаў каля свайго прозвішча «незаконна асуджаны». Адміністрацыя вельмі раззлавалася — спыталі, навошта ён так напісаў. Той адказаў, што яго затрымлівалі такія ж злачынцы, як і яны. Тады Федчанка сказаў, што не даруе яму гэтага, і аддаў загад «выкарыстаць спецсродкі» — зняволенага моцна збілі. Як правіла, там валяць на падлогу і б’юць. У ШІЗА ён прабыў адразу 27 сутак. Яго вадзілі аднаго ў душ, каб іншыя не бачылі яго сінякоў. Гэта быў сакавік 2021 года.

Суразмоўца «Люстэрка» Кірыл, наадварот, называе намесніка «адным з самых адэкватных афіцэраў» у калоніі.

— Прынамсі, Федчанка можа слухаць і чуць. Не скажу, што ён агрэсіўны, — вельмі разумны, хітры афіцэр. Хоць, натуральна, падтрымлівае дзейную ўладу. З палітычнымі ён заўсёды праводзіў асабісты прыём і гутарку: чаму сюды трапіў, як ставішся да таго, што зрабіў, як бацькі паставіліся. То-бок складаў псіхалагічны партрэт. Ён — той, хто адпраўляе па палітычных справаздачы наверх, а характарыстыка ў іх фармуецца па тым, што расказваюць пра іх аператыўнікі і тыя, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй. Але тут, калі па табе ёсць загад зверху, цябе ў любым выпадку закатаюць, будзеш рэгулярна ездзіць у ШІЗА, ПКТ. І да тых, хто лаяўся з адміністрацыяй, пытанні былі. А калі загаду няма — сядзі спакойна і будзеш нікому не цікавы.

Георгій заспеў час, калі ў калоніі памёр Мікалай Клімовіч. Мужчына кажа, што не заўважыў перапалоху ці іншай відавочнай рэакцыі ад супрацоўнікаў. Сам ён стараўся сабраць сабе асабістую аптэчку і лячыцца самастойна.

— Яны паводзіліся як звычайна. Яны ж на баку ўлады, што ім будзе за гэта? Там амаль уся адміністрацыя паводзіцца фанабэрыста, размаўляе пагардліва, хоць у калоніі ёсць людзі, якія кіравалі цэлымі вытворчасцямі, — кажа ён. — Я ў санчастку хадзіў рэдка, у тым ліку таму, што ў чарзе да доктара заўсёды была куча людзей. Больш чым палова — звычайныя зэкі, якія ідуць, каб адкасіць ад «промкі». Дактары таксама гэта разумеюць, у выніку менш надаюць увагі нават тым, хто рэальна хварэе. Таму, груба кажучы, дзесьці нават самі зняволеныя сабе ў гэтым плане палкі ў колы ставяць. Але ў цэлым, калі звяртаешся па дапамогу, табе дапамогуць. У пачатку майго тэрміну яшчэ былі гэтыя антыкаранавірусныя меры, вылучаліся дадатковыя палаты — некаторыя людзі па два-тры тыдні ў ізалятары ляжалі. Прычым розніцы, за што сядзіць чалавек, асабліва не было. Хоць перыядычна адміністрацыя, думаю, падказвала, што да палітычных трэба халадней ставіцца.

Кірыл таксама кажа, што пры ім асуджаныя атрымлівалі меддапамогу. Неабходная тэрапія была як у людзей з ВІЧ, гепатытам і цукровым дыябетам, так і ў тых, хто захворваў на штосьці прастуднае. Таму мужчыну здзівіла, што на «Віцьбе» за год памерла двое зняволеных.

— Пра смерць Клімовіча мы даведаліся ўскосна. Як я разумею, ён памёр у каранціне, яго нават не падымалі ў зону. А як такое магло адбыцца з Храсько, я наогул не ўяўляю. Калі ў чалавека пнеўманія, павінныя быць сімптомы, кашаль. У медчастцы, калі хоць нейкае падазрэнне, робяць здымак, калі трэба — хоць кожны раз. Антыбіётыкі шырокага спектру, гарачкапаніжальныя там ёсць, — разважае ён. — Так, начальніку медчасткі глыбока ўсё роўна на зняволеных, ён можа не падпісаць дазвол на нейкі прэпарат, але гэта заўсёды можна было вырашыць праз адміністрацыю — з палітвязнямі ім лішнія праблемы, агалоска не патрэбныя. Да таго ж у віцебскай калоніі сядзіць шмат былых бізнесоўцаў, суддзяў і чыноўнікаў, раней там увогуле было лягчэй, я ведаю хлопцаў, якіх вывозілі лячыцца ў шпіталь у Віцебск, нават у Мінск. Таму мне незразумела, як так маглі дацягнуць, што чалавек памёр. Можа, адбіліся кардынальныя перамены ў кіраўніцтве, бо і хлопцы казалі, што за Стурчанкам стала нашмат горш. А можа, проста склаліся абставіны.

Чытайце таксама