Раніцай 21 лістапада горад Днепр быў атакаваны ў тым ліку міжкантынентальнай балістычнай ракетай. Пра гэта паведаміла камандаванне Паветраных сіл УСУ.
Камандаванне ПС удакладніла, што горад зазнаў удар ракетамі розных тыпаў з 05.00 да 07.00 раніцы 21 лістапада.
«У прыватнасці, з Астраханскай вобласці РФ была запушчаная міжкантынентальная балістычная ракета, з Тамбоўскай вобласці са знішчальніка МіГ-31К — аэрабалістычная ракета Х-47М2 „Кінжал“, са стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС сем крылатых ракет Х-101 (раён пускаў — Валгаград)», — расказалі ў ПС УСУ.
Сіламі СПА былі знішчаныя шэсць ракет Х-101. Па іншых ракетах — без істотных наступстваў, заявілі ў паветраных сілах.
Мэр Дняпра Барыс Філатаў паведаміў, што ў выніку абстрэлу пацярпеў будынак цэнтра рэабілітацыі інвалідаў. Разбураная кацельня, выбітыя вокны.
«Па людзях інфармацыя ўдакладняецца», — дадаў ён.
Міжкантынентальная балістычная ракета — балістычная ракета класа «зямля — зямля» з далёкасцю не менш за 5500 км, то-бок з магчымасцю паражэння цэляў на іншых кантынентах. Ракеты гэтага класа, як правіла, абсталёўваюцца ядзернымі баявымі часткамі і прызначаныя для паражэння стратэгічна важных аб’ектаў праціўніка, размешчаных на вялікіх адлегласцях.
Напярэдадні па ўкраінскіх тэлеграм-каналах шырока разышлася інфармацыя пра тое, што Расія ў адказ на ўдары па сваіх тылах балістычнымі ракетамі ATACMS можа ўдарыць эксперыментальнай балістычнай ракетай «Рубеж», здольнай несці ядзерны зарад.