У Крывым Рогу, дзе ўчора, 11 лістапада, у пяціпавярховы жылы дом прыляцела расійская ракета, ратавальнікі дасталі з-пад завалаў целы траіх дзяцей і іх мамы. Наймалодшай з загінулых было ўсяго два месяцы.
Нагадаем, Расія ўдарыла балістыкай па Крывым Рогу ў панядзелак, 11 лістапада. Адна з ракет трапіла ў жылую пяціпавярхоўку. Зніклымі без вестак лічылася сям’я — жанчына і трое дзяцей. Іх бацьку пашчасціла выжыць — у момант удару ён выйшаў на кухню, расказвала журналістам свякроў зніклай.
Першым пад заваламі ўжо позна ўначы ратавальнікі знайшлі цела жанчыны. Раніцай былі знойдзеныя дзеці.
Як піша тэлеграм-канал «Свої. Кривий Ріг», загінулыя — сям’я Кулік. Алене было 32 гады, старэйшаму сыну Кірылу — 10 гадоў, Дзяміду — 2 гады 8 месяцаў і самай малодшай, Ульяне — усяго два месяцы.

У жывых застаўся толькі іх бацька Максім Кулік.
Паводле апошніх звестак, у выніку ўдару пацярпелі 14 чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Вядома, што 10-гадовай дзяўчынцы аказалі дапамогу на месцы. 11-гадовы хлопчык знаходзіцца ў бальніцы ў стане сярэдняй цяжкасці. Усяго шпіталізаваныя трое пацярпелых.