Саміт БРІКС у Казані стаў галоўнай інфармацыйнай нагодай апошніх дзён для беларускай і расійскай прапаганды. Расійскія чыноўнікі называюць мерапрыемства «правалам для ЗША і ЕС"і «поспехам Пуціна», надаючы вагі такім ацэнкам спасылкамі на публікацыі ў ангажаваных заходніх СМІ. Беларускія прапагандысты рэтранслююць тэзісы Лукашэнкі, які ў Казані заявіў, што аб’яднанне «можа наблізіць канец гісторыі дамінавання калектыўнага Захаду». Праўда, ад удзелу ў «эпахальным» саміце БРІКС пад зручнай нагодай адмовіўся Луіс да Сілва, прэзідэнт Бразіліі (адной з заснавальніц БРІКС). І нават лідар адной з самых прарасійскіх краін Еўропы, Сербіі, адмовіўся ад запрашэння, спаслаўшыся на шчыльны графік міжнародных сустрэч і іншыя «розныя рэчы». Што прапагандысты недагаворваюць пра БРІКС і чаму спробы Масквы зрабіць з гэтага аб’яднання антызаходнюю і антыўкраінскую кааліцыю скончыліся няўдачай? Тлумачым.
БРІКС прыдумалі на Захадзе
Набліжэнне канца дамінавання «калектыўнага Захаду» выглядае амбіцыйнай задачай. Пад якой, праўда, частка чальцоў БРІКС, відаць, не падпісвалася. Як сцвярджае Bloomberg са спасылкай на індыйскіх чыноўнікаў, Нью-Дэлі імкнецца зберагчы аб’яднанне ад ператварэння ў антыамерыканскі орган. Яго новы чалец ААЭ таксама супрацьстаіць спробам ператварыць БРІКС у глабальную апазіцыю Захаду, бо мае вельмі добрыя адносіны з заходнімі краінамі, у тым ліку з ЗША.
Такім чынам, ідэя глабальнага супрацьстаяння з Захадам, відаць, не аб’ядноўвае краіны БРІКС. А што тады наогул іх аб’ядноўвае? Бо практычна ўсе міжнародныя аб’яднанні і арганізацыі будуюцца вакол нейкай агульнай ідэі, агульнай задачы.
Так, для АПЕК гэта адстойванне інтарэсаў нафтаздабыўных краін, якія не хочуць прадаваць за бясцэнак чорнае золата. Для NATO — савецкая, а потым і расійская ваенная і палітычная пагроза. Для ЕС, СНД, МЕРКАСУР, АСЕАН і іншых рэгіянальных аб’яднанняў — захаванне ці ўмацаванне эканамічнай, а часам і палітычнай інтэграцыі паміж суседнімі дзяржавамі. У якасці базы для міждзяржаўнага аб’яднання можа выступаць і агульная гісторыя краін-чальцоў — як, напрыклад, у брытанскай Садружнасці нацый, Франкафоніі, Супольнасці партугальскамоўных краін ці ў тым жа СНД.
Часам міжнародныя саюзы спрабуюць будаваць і на ідэалагічных падмурках — як блокі прасавецкіх сацыялістычных краін АВД і СЭУ, Антыкамінтэрнаўскі пакт і вось «Берлін — Рым — Токіа» падчас Другой сусветнай вайны, Баліварыянскі альянс для Амерык (АЛБА). Як, зрэшты, і ЕС, які базуецца не толькі на эканамічных інтарэсах сваіх сябраў, але і на прыхільнасці да прынцыпаў свабоды, дэмакратыі, павазе правоў чалавека і яго асноўных свабод.
Але ў першых пяці чальцоў БРІКС няма наогул нічога падобнага да прыдатнага падмурку для аб’яднання ў міждзяржаўнае аб’яднанне, якое рэальна працуе. Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка знаходзяцца ў чатырох розных частках свету, маюць розны грамадска-палітычны лад, розную гісторыю, розныя паноўныя рэлігіі (і рознае стаўленне да рэлігіі ў цэлым). Эканамічныя інтарэсы гэтых краін шмат у чым процілеглыя. Напрыклад, Расія, эканоміка якой грунтуецца на экспарце прыродных рэсурсаў, зацікаўленая ў максімальна высокіх цэнах на нафту, газ, металы, лес. А вось «майстэрня свету» Кітай, наадварот, імкнецца атрымліваць гэтую сыравіну для сваёй прамысловасці па максімальна нізкай цане.
Каму ж наогул прыйшло ў галаву аб’яднаць гэтыя розныя краіны з вельмі рознымі інтарэсамі і эканомікамі ў нейкую агульную сутнасць пад назвай БРІКС?
Магчыма, вы здзівіцеся, але БРІКС прыдумалі не ў Расіі, не ў Кітаі, не ў Індыі і нават не ў Бразіліі. «Хросны бацька» гэтага аб’яднання — брытанскі эканаміст Джым О’Ніл, які працаваў на амерыканскі інвестыцыйны банк Goldman Sachs. У 2001 годзе ён напісаў артыкул, які мусіў пераканаць інвестараў (то-бок патэнцыйных кліентаў яго банка) у прывабнасці эканомік буйных, але слаба развітых краін — Бразіліі, Расіі, Індыі і Кітая.
Каб не пералічваць гэтую групу цалкам кожны раз, О’Ніл і прыдумаў абрэвіятуру BRICs з першых літар у назвах кожнай з краін на англійскай мове (Brazil, Russia, India, China). S у канцы паказвала на множны лік новага слова. Пры гэтым BRIC сугучнае з англійскім словам brick — «цагліна». Выходзіла, што брытанец у сваім артыкуле параўноўваў чатыры слабаразвітыя эканомікі з хуткім ростам з цаглінамі — цвёрдымі, надзейнымі, добра зразумелымі і важкімі. Вельмі ўдалая метафара для будучых інвестараў.
Дарэчы, пазней О’Ніл прыдумаў яшчэ адну вобразную і добра запамінальную абрэвіятуру для краін, якія развіваюцца, але меншага калібру — MINT (у перакладзе з англійскай — «мята»). Сюды ён аднёс Мексіку, Інданезію, Нігерыю і Турцыю.
Такім чынам, першапачаткова краіны-«цагліны» BRICs — гэта не міжнародная арганізацыя з дзяржаваў, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі. А такі ж маляўнічы і зручны для ўспрымання эканамічны тэрмін, як «азіяцкія тыгры» або «азіяцкія цмокі» ў дачыненні да хуткарослых эканомік Паўднёвай Карэі, Тайваня, Ганконга і Сінгапура.
Праўда, працуе гэтая аналогія толькі часткова. Усе «азіяцкія тыгры» сапраўды імкліва развіваліся з канца 1960-х гадоў, дагнаўшы, а то і перагнаўшы за паўстагоддзя паводле ўзроўню развіцця эканомікі найбуйнейшыя заходнія дзяржавы. А вось з прагнозамі О’Ніла пра непазбежны і хуткі рост эканомік краін-«цаглін» усё аказалася не так проста. Праз 14 гадоў выявілася, што з забегам на сярэднюю дыстанцыю краіны BRICs справіліся вельмі па-рознаму. Эканомікі Кітая і Індыі сапраўды хутка раслі — хоць і не без пэўных праблем. А вось Бразілія і Расія ўвайшлі ў перыяд поўнамаштабнай рэцэсіі (то-бок запаволення эканамічнага росту і спаду).
У выніку ў 2015 годзе Goldman Sachs без лішняга шуму закрыў інвестыцыйны фонд BRIC, які страціў 88% кошту сваіх актываў з 2010 года. А ў 2023-м Джым О’Ніл прызнаў, што яго прагнозы наконт бурнага росту краін BRICs да 2050 года аказаліся памылковымі, а менавіта — залішне аптымістычнымі.
Чаму БРІКС — гэта не паўнавартасная міжнародная арганізацыя
Эканамічна неплацежаздольны тэрмін BRICs тым не менш паспелі заўважыць у тых краінах, да якіх ён адносіўся. У чэрвені 2006 года на Пецярбургскім эканамічным форуме з ініцыятывы расійскага боку сустрэліся міністры эканомікі Бразіліі, Расіі, Індыі і Кітая. У расійскіх крыніцах звычайна пішуць, што на гэтай сустрэчы і была заснаваная арганізацыя. Аднак фактычна міжнародная арганізацыя з назвамі БРІК або БРІКС не была заснаваная ні тады, ні пазней. Не існуе яе і цяпер.
Рэч у тым, што нават сам БРІКС называе сябе не «арганізацыяй», а «нефармальным аб’яднаннем дзяржаваў». Чым ён, уласна, і ёсць. У яго няма ніякіх пастаянна дзейных органаў накшталт сакратарыята, і фактычна ён існуе толькі падчас самітаў.
Адзіная досыць важная і пастаянна дзейная інстытуцыя, створаная БРІКС, — гэта Новы банк развіцця (НБР) са штаб-кватэрай у Шанхаі. Гэты банк з’явіўся як альтэрнатыва Міжнароднаму валютнаму фонду і Сусветнаму банку ў 2014 годзе.

У момант яго стварэння расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін сур’ёзна збіраўся ператварыць НБР у інструмент для процідзеяння Захаду. Ён сцвярджаў, што новы фінансавы інстытут будзе спрыяць большай незалежнасці краін — удзельніц групы ад фінансавай палітыкі заходніх дзяржаваў. Складана меркаваць, наколькі задума Пуціна разбурыць з дапамогай новага банка фінансавую гегемонію Захаду ажыццявілася. Але вядома, што 3 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, НБР перастаў прымаць і адпраўляць плацяжы ў адну з краін-заснавальніц, Расію, з прычыны выкарыстання «прынцыпаў разумнай банкаўскай дзейнасці».
Да цяперашняга часу НБР прыкметна адасобіўся ад БРІКС і нават не супадае з гэтым нефармальным аб’яднаннем краінамі-ўдзельніцамі: у яго ўвайшлі, напрыклад, Бангладэш, Уругвай і Алжыр, якія не ўваходзяць у БРІКС.
Няма ў БРІКС і асноватворнага дакумента накшталт статута або якой-кольвек міжнароднай дамовы. На самітах аб’яднання іх удзельнікі публікуюць звычайна дэкларацыі і сумесныя заявы, якія ні да чога не абавязваюць.
Як правіла, іх сутнасць зводзіцца да гатоўнасці змагацца за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага. Так, у першай сумеснай заяве кіраўнікоў дзяржаваў аб’яднання, апублікаванай па выніках саміту 2009 года ў расійскім Екацярынбургу, гаварылася пра «пабудову гарманічнага свету з трывалым мірам і ўсеагульным росквітам». А таксама выкладалася агульнае бачанне спосабаў пераадолення сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу.
Выніковая дэкларацыя сёлетняга казанскага саміту БРІКС выглядае прыкладна гэтак жа. Краіны, якія падпісаліся пад ёй, падтрымалі ідэю рэформаў ААН і яе Савета бяспекі, прызналі законныя памкненні афрыканскіх краін, адзначылі найважнейшую ролю жанчын у развіцці дзяржаваў, заклікалі да тэрміновага вылучэння грошай для вырашэння праблем апустыньванняў і выступілі за шматпалярнае ўладкаванне свету.
Акрамя таго, яны адзначылі, што ў кожнай дзяржавы — чальца нефармальнага аб’яднання ёсць уласная нацыянальная пазіцыя што да сітуацыі ва Украіне і вакол яе. Таксама падпісанты дэкларацыі выказалі «глыбокую занепакоенасць» негатыўным уздзеяннем аднабаковых санкцый на сусветную эканоміку. Але нічога нават аддалена падобнага да падтрымкі расійскага ўварвання ў суседнюю краіну ў дакуменце няма.
Выходзіць, Расіі так і не ўдалося ператварыць саміт у інструмент згуртавання краін «Глабальнага Поўдня» супраць Украіны і Захаду. БРІКС так і застаўся па сутнасці нефармальным клубам для сустрэч, перамоваў і заяваў без абавязанняў. Але чаму?
Лебедзь, рак, шчупак, крот і іншыя
Нават у першых чатырох краін — удзельніц БРІК (тады абрэвіятура заставалася менавіта такой: Бразілія, Расія, Індыя, Кітай) было не так і шмат агульнага, каб трансфармаваць аб’яднанне ў паўнавартасную міжнародную арганізацыю з выразнымі агульнымі мэтамі і задачамі. Гэта не кажучы пра найскладанейшыя, амаль невырашальныя супярэчнасці паміж Індыяй і Кітаем, тэрытарыяльныя спрэчкі якіх спраўна іскраць кожныя некалькі гадоў. У дадатак Пекін даўно з’яўляецца ключавым саюзнікам Пакістана — геапалітычнага антаганіста Нью-Дэлі ў Паўднёвай Азіі. А Індыі ў сваю чаргу сяброўства ў нібыта «антызаходнім» нефармальным аб’яднанні не перашкаджае наладжваць скіраванае відавочна супраць Кітая абароннае супрацоўніцтва з краінамі Захаду і Японіяй.
А тым часам мудрагелісты нефармальны клуб пачаў расці, уключаючы ў сябе новых чальцоў — і новыя супярэчнасці паміж імі. Аб’яднанне, якое ні да чога не абавязвае і на самітах якога можна «па-за чаргой» пагутарыць з лідарамі такіх эканамічных гігантаў, як Кітай і Індыя, аказалася даволі прывабнай дыялогавай пляцоўкай для кіраўнікоў іншых краін. У 2011 годзе да яго далучылася Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка — з гэтага моманту ў англамоўнай назве краін-«цаглін» BRICs апошняя літара S стала вялікай, абазначаючы ўжо не множны лік, а новага чальца (South Africa).
Пасля леташняга саміту ў Ёханэсбургу ў БРІКС запрасілі адразу шэсць дзяржаваў — Аргенціну, Егіпет, Эфіопію, Іран, Саудаўскую Аравію і ААЭ. У гэтай хвалі пашырэнняў аказаліся адразу дзве пары непрымірымых геапалітычных праціўнікаў: Іран і Саудаўская Аравія, а таксама Егіпет і Эфіопія. Зрэшты, частка гэтай праблемы вырашылася сама сабой: Саудаўская Аравія перадумала ўступаць у нефармальны клуб — як і Аргенціна. Але блізкі партнёр Саудаўскай Аравіі — ААЭ. Нікуды не падзеліся і супярэчнасці паміж Егіптам і Эфіопіяй — як і статус асноўнага саюзніка ЗША па-за NATO, якім мае Каір.
Нагадаем, што менавіта ёханэсбургскі саміт БРІКС стаў бліскучай дэманстрацыяй таго, што Уладзімір Пуцін не можа свабодна выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах нават такое нефармальнае аб’яднанне без абавязанняў. Расійскі прэзідэнт проста не адважыўся прыляцець у ПАР, бо ўлады гэтай краіны сур’ёзна паставіліся да ордара на яго арышт, выдадзенага Міжнародным крымінальным судом.
У 2024 годзе заяўкі на ўступленне ў БРІКС падалі Малайзія, Азербайджан, сябра НАТО Турцыя і саюзны Расіі рэжым Башара Асада ў Сірыі. А вось Казахстан адмовіўся ўступаць у аб’яднанне ў агляднай будучыні.
Першыя чатыры дзяржавы БРІК аб’ядноўвалі хаця б іх буйныя памеры, слабаразвітая эканоміка і перспектывы яе хуткага росту, якія ўбачыў у сваім памылковым (для Расіі і Бразіліі) прагнозе брытанскі эканаміст Джым О’Ніл. Але яшчэ складаней знайсці нешта агульнае ва ўсіх дзевяці цяперашніх сябраў нефармальнага аб’яднання. Цяпер у яго, напрыклад, уваходзяць тэакратычны ісламскі Іран і камуністычны Кітай, дзе мусульман сістэмна пераследуюць.
Пры гэтым эканоміка Кітая (ацэнка на 2024 год — 18,5 трлн даляраў) амаль удвая большая за эканомікі ўсіх астатніх сябраў аб’яднання (10,2 трлн даляраў) — і даволі слаба з імі звязаная. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты з ВУП на душу насельніцтва 53 916 даляраў — адна з найбагацейшых краін Азіі, а Эфіопія з 1910 далярамі — адна з самых бедных краін Афрыкі і свету ў цэлым.
Кожны ўдзельнік БРІКС мае ўласны досвед узаемаадносін з Захадам і сваю мадэль міжнародных адносін. Іран дзесяцігоддзямі існуе як абкладзеная з усіх бакоў санкцыямі дзяржава-ізгой, у той час як ААЭ ператварыліся ў адзін з фінансавых цэнтраў свету, які актыўна супрацоўнічае з Захадам. Кітай рыхтуецца да магчымага сутыкнення з ЗША, калі тыя падтрымаюць Тайвань, а Індыя пашырае супрацоўніцтва з гэтым востравам і закупляе найноўшую амерыканскую зброю.
На прыкладзе Індыі і Кітая добра відаць, што ў часткі сябраў БРІКС праблемы ва ўзаемаадносінах адно з адным значна больш сур’ёзныя, чым нейкія супярэчнасці з Захадам. Пры гэтым, як ужо згадвалася вышэй, Індыя цяпер наогул выступае супраць далейшага пашырэння групы, каб зберагчы яе ад ператварэння ў антыамерыканскі орган. Гэтую пазіцыю падтрымліваюць ААЭ, Бразілія і ПАР. Прычым апошняя ўспрымае як спробу аслабіць уласны ўплыў запрашэнне ў БРІКС сваіх афрыканскіх канкурэнтаў — Нігерыю і Марока. А Бразілія не хоча дапускаць у нефармальны клуб Венесуэлу і Нікарагуа, адносіны з якімі ў яе ў апошнія гады разладзіліся.
Піяр у абмен на танныя рэсурсы?
Але дзе ж ва ўсёй гэтай разнастайнасці мэтаў, інтарэсаў і падыходаў месца Расіі? Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны сцвярджаюць, што Крэмль спрабуе выкарыстоўваць саміт БРІКС для падтрымкі яе ваенных намаганняў ва Украіне. Нават нягледзячы на адсутнасць падтрымкі вайны ў выніковай дэкларацыі, саміт БРІКС у Казані даў магчымасць паказаць (у першую чаргу расіянам), што РФ і яе лідар Уладзімір Пуцін не ператварыліся ў ізаляваных ад астатняга свету ізгояў. Мерапрыемства, удзельнікамі якога сталі лідары, дыпламаты і чыноўнікі больш чым з 30 краін і генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, вельмі слаба падобнае да атрыбутаў паўнавартаснай міжнароднай ізаляцыі.
Але што прапануе наўзамен іншым удзельнікам сама Расія? Чаму лідары дзяржаваў, у тым ліку велізарных Індыі і Кітая, ахвотна ўдзельнічаюць у саміце нефармальнага аб’яднання, ціснуць рукі і абдымаюцца з чалавекам, ордар на арышт якога выдаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе?
У рамках цяперашняга БРІКС Расія выступае галоўным донарам танных энергарэсурсаў. У 2023 годзе менавіта ключавыя чальцы аб’яднання — Індыя і Кітай — сталі імпарцёрамі 90% расійскай нафты. Страціўшы праз развязаную агрэсію супраць Украіны значную частку плацежаздольнага заходняга рынку, Расія становіцца ўсё больш падобнай да сыравіннага прыдатку Кітая. КНР танна купляе расійскія прыродныя рэсурсы — напрыклад, газ. І завальвае рынак РФ прадукцыяй уласнай прамысловасці. Прыкладна паводле такой схемы выбудоўвалі эканамічныя адносіны са сваімі ўладаннямі каланіяльныя дзяржавы мінулых эпох.
Для некаторых краін БРІКС — у першую чаргу Кітая і Індыі — удзел у піяр-акцыі накшталт саміту нефармальнага аб’яднання выглядае цалкам прымальнай цаной за магчымасць і далей атрымліваць ад Расіі танныя рэсурсы. Мяркуючы з усяго, крамлёўскія ўлады таксама выдатна разумеюць, што галоўная карысць ад аб’яднання, на якую яны могуць разлічваць, — менавіта інфармацыйная, прапагандысцкая. Прынамсі, старшыня камітэта расійскай Дзярждумы па бяспецы і супрацьдзеянні карупцыі Васіль Піскароў сур’ёзна заклапаціўся нібыта «спробамі замежных агентаў дыскрэдытаваць» саміт у Казані. Паводле яго, замежнікі нібыта хацелі сабраць негатыўныя водгукі пра саміт, а Захад нібыта хацеў запоўніць інфаполе фэйкамі.
Можна дапусціць, што нешта такое адбывалася насамрэч. Але хвалявалі б такія з’явы расійскія ўлады ў тым выпадку, калі б Масква на саміце атрымала рэальную дапамогу і падтрымку ад іншых удзельнікаў нефармальнага клуба? Наўрад. А вось калі станоўчы эфект ад мерапрыемства для расійскіх уладаў у першую чаргу інфармацыйны, то іх заклапочанасць «дыскрэдытацыяй» саміту ў Казані адразу робіцца зразумелай.
Чытайце таксама


