Ізраільская армія паведаміла, што ў панядзелак пачала «абмежаваную аперацыю» на поўдні Лівана, мэта якой — аб’екты ліванскай групоўкі «Хезбала» ў памежных раёнах, піша Руская служба Бі-бі-сі.
«Некалькі гадзін таму ЦАХАЛ пачаў абмежаваныя, лакалізаваныя і мэтавыя наземныя рэйды на аснове дакладнай разведвальнай інфармацыі супраць тэрарыстычных аб’ектаў і інфраструктуры „Хезбалы“ ў Паўднёвым Ліване. Гэтыя цэлі размешчаныя ў вёсках непадалёк ад мяжы і ўяўляюць непасрэдную пагрозу ізраільскім супольнасцям на поўначы Ізраіля», — гаворыцца ў паведамленні Арміі абароны Ізраіля.
Вайскоўцы дадалі, што ізраільскія ВПС і артылерыя падтрымліваюць наземныя войскі дакладнымі ўдарамі па вайсковых цэлях у гэтым раёне.
У панядзелак з’яўляліся паведамленні, што Ізраіль рыхтуецца да наземнай аперацыі на мяжы з Ліванам, каб засцерагчы паўночныя раёны краіны, што зазнаюць пастаянныя абстрэлы з боку баевікоў «Хезбалы».
На такую магчымасць намякаў ізраільскі міністр абароны Ёаў Галант, увечары неназваны супрацоўнік амерыканскай адміністрацыі сказаў журналістам, што аперацыя можа пачацца ў панядзелак.
У панядзелак увечары ў Ізраілі прайшло паседжанне вайсковага кабінета, на якім, як паведамляюць ізраільскія СМІ, быў ухвалены наступны этап аперацыі супраць «Хезбалы».
Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер заявіў на брыфінгу, што ізраільскія ўлады праінфармавалі Вашынгтон пра «шэраг аперацый», у тым ліку наземных, у Ліване.
«Яны паведамілі нам, што гэта абмежаваныя аперацыі, засяроджаныя на інфраструктуры „Хезбалы“ паблізу мяжы», — заявіў ён.
У Пентагоне паведамілі, што міністр абароны ЗША Лойд Осцін правёў размову са сваім ізраільскім калегам, падчас якога бакі «пагадзіліся з неабходнасцю дэмантажу інфраструктуры атак» на паўночнай мяжы, каб не дапусціць нападаў з боку «Хезбалы».
Осцін таксама падкрэсліў, што неабходнае «дыпламатычнае рашэнне, каб гарантаваць, што цывільныя асобы змогуць бяспечна вярнуцца ў свае дамы па абодва бакі мяжы».
Канцэнтрацыя тэхнікі ля мяжы
У панядзелак Ёаў Галант звярнуўся да войскаў, сканцэнтраваных ля мяжы з Ліванам, і заявіў: «Ліквідацыя [лідара „Хезбалы“ Хасана] Насралы — важны крок, але не апошні. Для таго каб бяспечна вярнуць нашых жыхароў паўночных раёнаў у іх дамы, мы задзейнічаем усе нашыя магчымасці, уключаючы вас».
У панядзелак увечары ЦАХАЛ абвясціў адзін з раёнаў на мяжы Ізраіля з Ліванам закрытай вайсковай зонай, доступ у якую забаронены. Гэты раён уяўляе адносна невялікі выступ на мяжы, то-бок з трох бакоў аточаны тэрыторыяй Лівана.
Тэлекампанія CNN паведамляла са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі, што ў раёне мяжы з Ліванам сканцэнтравалі каля 100 адзінак ізраільскай ваеннай тэхнікі, у тым ліку танкі і баявыя машыны пяхоты.
Намеснік кіраўніка «Хезбалы» Наім Касэм заявіў, што групоўка гатовая да ізраільскага ўварвання.
Ён прызнаў, што гібель кіраўніка арганізацыі Хасана Насралы і шэрагу найвышэйшых камандзіраў стала магутным ударам па групоўцы, але адзначыў, што яе ваенныя магчымасці засталіся ранейшымі.
У панядзелак увечары з’яўляліся паведамленні пра абстрэлы памежных раёнаў Лівана ізраільскімі войскамі, аднак ЦАХАЛ іх не пацвярджаў.
Пра перамяшчэнні ізраільскіх войскаў проста на мяжы і побач з ёй паведамлялі прадстаўнікі «Хезбалы» і ліванскіх службаў бяспекі.
AFP і Reuters таксама паведамлялі са спасылкай на крыніцы, што ліванская армія адвяла войскі ад паўднёвай мяжы на некалькі кіламетраў.
Ваенны ціск дзеля дыпламатыі
Як паведамляе партал Axios са спасылкай на ізраільскіх чыноўнікаў, ухваленая на паседжанні кабінета аперацыя на мяжы з Ліванам будзе абмежаванай як у часе, так і маштабам.
Паводле іх, яна не скіраваная на акупацыю паўднёвых раёнаў Лівана.
Пры гэтым афіцыйныя асобы адмовіліся паведаміць, наколькі глыбока ізраільскія войскі зайшлі ў Ліван і як доўга працягнецца аперацыя, адзначае CNN.
Як піша Times of Israel, ізраільскія чыноўнікі паведамілі амерыканскім калегам, што мэта аперацыі — ліквідаваць пазіцыі «Хезбалы» ўздоўж паўночнай мяжы Ізраіля, каб стварыць умовы для дыпламатычнага пагаднення, у адпаведнасці з якім сілы групоўкі будуць адкінутыя за раку Эль-Літані ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Савета Бяспекі ААН.
Неназваны амерыканскі чыноўнік паведаміў выданню, што Белы дом разумее і прымае такі план, але Вашынгтон, паводле яго словаў, па-ранейшаму занепакоены тым, што ізраільская армія захрасне ў Ліване ці будзе вымушаная пашырыць аперацыю.
Іншая амерыканская крыніца Times of Israel адзначыла, што Ізраіль прадстаўляў уварванне ў Ліван у 1982 годзе таксама як «абмежаваную аперацыю», якая ў выніку ператварылася ў 18-гадовую акупацыю паўднёвага Лівана.
«Мы прызнаем, што часам ваенны ціск можа спрыяць дыпламатыі. Гэта праўда. Таксама праўда, што ваенны ціск можа прывесці да пралікаў. Ён можа прывесці да ненаўмысных наступстваў», — сказаў на вечаровым брыфінгу прадстаўнік Дзярждэпа Мэцью Мілер.
Абстрэлы Бейрута
У выходныя і панядзелак Ізраіль працягваў наносіць удары па пазіцыях «Хезбалы» ў Ліване. У ноч на панядзелак ён упершыню атакаваў цэнтр Бейрута (ранейшыя ўдары наносіліся па паўднёвых ўскраінах горада).
У выніку гэтага ўдару загінулі трое лідараў Народнага фронту вызвалення Палестыны (НФВП), у тым ліку, паводле звестак AFP, начальнік службы бяспекі НФВП Махамад Абдэль-Ааль.
НФВП — яшчэ адна ваенізаваная групоўка, якая ваюе супраць Ізраіля (прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША, Канадзе, ЕС і Вялікабрытаніі).
Увечары ў панядзелак паўднёвыя ўскраіны Бейрута, дзе размяшчаюцца аб’екты «Хезбалы», зноў зазналі абстрэл ізраільскіх войскаў.
Карэспандэнты Бі-бі-сі ў Бейруце, а таксама журналісты іншых сусветных СМІ, якія працуюць у горадзе, паведамілі пра серыю магутных выбухаў. Крыніца AFP у службах бяспекі Лівана заявіла, што па поўдні Бейрута нанеслі прынамсі шэсць удараў.
«Шэсць ці сем ізраільскіх удараў прыпала на паўднёвыя прыгарады Бейрута», — сказаў суразмоўца агенцтва.
Раней Армія абароны Ізраіля заклікала жыхароў трох паўднёвых раёнаў ліванскай сталіцы неадкладна эвакуявацца.
«Вы знаходзіцеся паблізу аб’ектаў, якія належаць тэрарыстычнай групоўцы „Хезбала“, супраць якой ЦАХАЛ распачне рашучыя дзеянні, — напісаў у сацсетцы X на арабскай мове прадстаўнік ЦАХАЛ Авічай Адраі, прыклаўшы да паста карты з адзначанымі на іх будынкамі. — Дзеля бяспекі вас і вашай сям'і вы павінныя неадкладна эвакуявацца з гэтых будынкаў на адлегласць не менш за 500 метраў».
Нетаньяху звярнуўся да жыхароў Ірана
Тым часам у панядзелак прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху выступіў з прамым відэазваротам да жыхароў Ірана — краіны, улады якой падтрымліваюць варожыя ізраільцянам групоўкі: ліванскую «Хезбалу», палестынскі ХАМАС і еменскіх хусітаў.
У троххвілінным відэа, апублікаваным у сацсетцы Х, Нетаньяху абвінаваціў лідараў Ірана ў тым, што яны ўвесь час кажуць прамовы пра абарону сектара Газа і Лівана, але насамрэч «кожны дзень гэты рэжым кідае наш рэгіён усё глыбей у цемру, усё глыбей у вайну».
— На Блізкім Усходзе няма такога месца, да якога Ізраіль не зможа дастаць. Няма месца, куды мы не здольныя пайсці, каб абараніць наш народ і нашую краіну, — заявіў пры гэтым ізраільскі прэм’ер-міністр. — З кожнай секундай рэжым вядзе вас, годны персідскі народ, усё бліжэй да прорвы.
Нетаньяху дадаў, што калі Іран «нарэшце будзе вольны» — і гэты момант «надыдзе нашмат хутчэй, чым некаторыя думаюць», — іранскі і ізраільскі народы зажывуць у міры.
— Іран будзе квітнець як ніколі раней. Не дайце невялікі фанатычнай тэакратычнай групцы задушыць вашыя мары і надзеі. Вы вартыя лепшага. Народ Ірана мусіць ведаць, што Ізраіль — з вамі. Няхай нашая сумесная будучыня будзе мірнай і багатай, — заявіў Нетаньяху.
Паток бежанцаў
Паводле звестак Камітэта ААН па справах бежанцаў, з пачатку ізраільскіх авіяўдараў па Ліване каля 100 тысяч ліванцаў і сірыйцаў, якія жылі ў краіне, эвакуяваліся ў суседнюю Сірыю.
«І паток не спыняецца», — напісаў у сацсетцы Х вярхоўны камісар пасправах уцекачоў Філіпа Грандзі.
Сотні ліванцаў з брытанскім грамадзянствам прыбываюць у аэрапорты Лондана. Большасць лічыць, што вярнуцца дадому яны не змогуць яшчэ доўга.
— Сітуацыя становіцца вельмі напружанай. Насамрэч у Ліване няма бяспечнай зоны. Любы раён можа быць атакаваны, — сказала ліванка Наталі Кесервані, якая прыехала ў Брытанію ў панядзелак разам са сваёй маці і дзецьмі.
Паводле ліванцаў, якія прыляцелі ў Лондан, аэрапорт Бейрута працуе, але колькасць ахвочых з’ехаць з краіны значна пераўзыходзіць магчымасці мясцовых авіяліній, бо многія замежныя кампаніі спынілі палёты.
— Людзі спяць ля брамы аэрапорта, перад аэрапортам. Я не ўпэўнены чаму — можа, ім няма дзе спыніцца ці яны проста чакаюць найбліжэйшага даступнага рэйса, — сказаў адзін з пасажыраў самалёта з Бейрута ў Лондан.