Неапазнаны аб’ект, праз які сёння ў неба падымалі знішчальнікі NATO, аказаўся чарадой птушак, піша Delfi са спасылкай на інфармацыю, якую атрымала агенцтва LETA ў латвійскіх паветраных сілах (ПС).
У ведамстве растлумачылі, што 17 верасня прыборы назірання за паветранай прасторай прынялі за лётны аб’ект чараду птушак.
Нацыянальныя ўзброеныя сілы разам з саюзнікамі NATO працягваюць маніторынг сітуацыі на ўсходняй мяжы, узмоцненае назіранне за паветранай прасторай, адзначаецца ў заяве Міністэрства абароны Латвіі.
Нагадаем, раніцай 17 верасня паветраныя сілы Латвіі зафіксавалі непадалёк ад дзяржаўнай мяжы неапазнаны аб’ект, які наблізіўся да латвійска-беларускай мяжы і перасёк яе на тэрыторыі Краслаўскага краю.
Для агляду рэгіёна ў паветра былі паднятыя знішчальнікі місіі NATO па патруляванні паветранай прасторы з вайсковай базы ў Ліелвардзе. У латвійскай паветранай прасторы падазроных аб’ектаў не выявілі. Самалёты вярнуліся на месца дыслакацыі.
7 верасня ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю ўпаў расійскі беспілотнік тыпу Shahed. Узброеныя сілы Латвіі назіралі за сітуацыяй, аднак не прынялі рашэння збіваць дрон ці падымаць у паветра дзяжурныя знішчальнікі NATO, што выклікала крытыку з боку часткі грамадства. Пасля падзення беспілотніка была дэактываваная яго баявая частка, якая не выбухнула.