Mercedes S-Klasse W221 у падоўжанай версіі, на якім Уладзімір Пуцін і лідар КНДР Кім Чэн Ын праехалі па плошчы Пхеньяна, быў нелегальна ўвезены ў Паўночную Карэю, піша BILD.
Такія аўтамабілі выраблялі ў Германіі ў 2005−2013 гадах. BILD адзначае, што Mercedes нелегальна завезлі ў КНДР, бо міжнародныя санкцыі забараняюць пастаўкі Паўночнай Карэі любых прадметаў раскошы.
У Mercedes адкрылі рассоўны дах, Пуцін і Кім усталі і высунуліся ў люк шырынёй каля 1,5 метра.
«Двум дыктатарам і так было цесна, яны стаялі, шчыльна датыкаючыся адзін да аднаго. Але нават дэманструючы моцнае сяброўства, Кім і Пуцін не маглі абмяняцца ні словам, бо гавораць на розных мовах. Сітуацыя стала яшчэ больш камічнай, калі ў невялікі люк высунуўся трэці мужчына — перакладчык, які дапамог дыктатарам абмяняцца парай рэплік», — піша BILD.