Уладзімір Пуцін гатовы спыніць вайну і пачаць перамовы пра спыненне агню пры ўмове прызнання за Расіяй тэрыторый на цяперашніх лініях фронту. Пра гэта, як піша агенцтва Reuters, яму расказалі пяць набліжаных да Крамля крыніц.
Паводле інфармацыі Reuters, Пуцін расчараваны тым, што Захад перашкаджае мірным перамовам, а прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наогул выключае іх магчымасць. Пры гэтым ён гатовы ваяваць, калі Кіеў і Захад не пойдуць насустрач.
«Пуцін можа змагацца столькі, колькі спатрэбіцца, але Пуцін таксама гатовы да спынення агню — каб замарозіць вайну», — заявіла адна з высокапастаўленых расійскіх крыніц, якая, як піша агенцтва, працавала з Пуціным і ў курсе размоваў на найвышэйшым узроўні ў Крамлі.
Дзве крыніцы паведамілі, што Пуцін прытрымліваецца думкі, што поспехаў у вайне на гэты момант дастаткова, каб прадаць гэта як перамогу расійскаму народу.
Тры крыніцы заявілі, што Пуцін разумее, што любыя новыя наступальныя намаганні запатрабуюць яшчэ адной агульнанацыянальнай мабілізацыі, чаго ён не хацеў бы, бо яго папулярнасць знізілася пасля першай мабілізацыі ў верасні 2022 года.
Паведамляецца, што, паводле ўсіх суразмоўцаў, фіксацыя ў пагадненні ўсіх дасягненняў РФ на поле бою не падлягае абмеркаванню.
«Пуцін скажа, што мы перамаглі, што NATO напала на нас, а мы захавалі свой суверэнітэт, што ў нас ёсць наземны калідор у Крым, і гэта праўда», — сказала адна з іх.
Яшчэ адзін фактар, які падмацоўвае пункт гледжання кіраўніка Крамля наконт таго, што вайна мусіць скончыцца, — тое, што чым даўжэй яна зацягваецца, тым больш удзельнікаў баявых дзеянняў вяртаюцца ў Расію, не задаволеныя пасляваеннымі перспектывамі працаўладкавання і даходаў, што патэнцыйна стварае напружанасць у грамадстве, сказала адна з крыніц, якія працавалі з Пуціным.
Пры адсутнасці спынення агню Пуцін хоча захапіць як мага больш тэрыторыі, каб узмацніць ціск на Украіну. Як заявіла адна з крыніц, Пуцін будзе павольна заваёўваць тэрыторыі, пакуль Зяленскі не прапануе спыніцца. Пры гэтым, паводле крыніцы, расійскі лідар выказаў сваім памочнікам меркаванне, што Захад не дае дастатковай колькасці зброі, што падрывае маральны дух Украіны.
Усе пяць крыніц, піша Reuters, паведамілі, што Пуцін сказаў сваім дарадцам, нібыта ў яго няма планаў у дачыненні да тэрыторыі NATO, пра што ён заяўляў публічна. Дзве крыніцы адзначылі занепакоенасць Расіі з нагоды ўсё большай небяспекі эскалацыі адносін з Захадам, уключаючы ядзерную, праз супрацьстаянне ва Украіне.
Умовы бакоў што да перамоваў
Уладзімір Пуцін сам неаднаразова заяўляў, што ён адкрыты да мірных перамоваў па Украіне.
— Мы хочам усёабдымнага, устойлівага і справядлівага ўрэгулявання гэтага канфлікту мірнымі сродкамі. І адкрытыя да дыялогу па Украіне, але гэта павінныя быць перамовы, якія ўлічваюць інтарэсы ўсіх уцягнутых у гэты канфлікт краін, у тым ліку і нашыя інтарэсы, — заявіў прэзідэнт РФ у інтэрв'ю кітайскаму інфармацыйнаму агенцтву «Сіньхуа» 15 траўня.
Пры гэтым ён заўсёды падкрэслівае, што Расія не адмовіцца ад сваіх заваёваў ва Украіне.
— Усе разумеюць, што гэта немагчыма! І яны, гэтыя кіраўнічыя колы на Украіне, гэта разумеюць. І заходнія эліты разумеюць. Усе разумеюць. Проста гэтыя так званыя формулы міру, пра якія гавораць на Захадзе ці на Украіне, — гэта працяг рэалізацыі дэкрэта прэзідэнта Украіны пра забарону весці перамовы з Расіяй. Вось што гэта такое. Гэта забаронныя патрабаванні для перамоўнага працэсу, — сказаў Пуцін у студзені 2024 года.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэслівае, што любыя перамовы з Расіяй могуць быць толькі на аснове прапанаванай Кіевам «формулы міру», якая прадугледжвае поўны вывад расійскіх войскаў, а таксама гарантыю бяспекі для Украіны і ўсёй Еўропы.
У адваротным выпадку, упэўнены Зяленскі, гэта будзе не спыненне вайны, а замарозка канфлікту, якая дазволіць Расіі назапасіць сілы для новай агрэсіі.