Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Паводле звестак, агучаных расійскім Цэнтрвыбаркамам, на прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Расіі, з рэкордным для сябе паказчыкам перамог Уладзімір Пуцін — палітык нібыта набраў 87,28% галасоў. Гэтым разам ён нават упершыню за сваю доўгую кар’еру на найвышэйшай дзяржаўнай пасадзе абагнаў па афіцыйным узроўні электаральнай падтрымкі Аляксандра Лукашэнку. Але ці можа такі рост працягвацца бясконца? Мы вырашылі паглядзець, як выглядаюць выбары там, дзе афіцыйны ўзровень народнай падтрымкі кіроўнага кандыдата дасягнуў максімальна магчымай мяжы 100% — у Паўночнай Карэі.

Пуцін і Лукашэнка: хто больш?

У своеасаблівай выбарчай «гонцы» Аляксандр Лукашэнка ўвесь час апярэджваў Уладзіміра Пуціна і заўсёды мог пахваліцца вышэйшым узроўнем народнай падтрымкі, які прыпісваў яму беларускі ЦВК.

Праўда, на першых прэзідэнцкіх выбарах 1994 года былому дырэктару саўгаса спатрэбіліся для перамогі два туры. У першым ён набраў усяго 44,82% галасоў выбаршчыкаў, але затое ў другім — 80,34%. Уладзімір Пуцін жа на сваіх першых прэзідэнцкіх выбарах у Расіі ў 2000 годзе набраў 52,94% галасоў (у першым і адзіным туры). У далейшым усе выбары з удзелам Лукашэнкі і Пуціна афіцыйна заканчваліся пасля першага тура.

Владимир Путин и Александр Лукашенко на заседании Высшего госсовета Союзного государства 29 января 2024 года. Фото: пресс-служба Кремля
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка на паседжанні Найвышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 29 студзеня 2024 года. Фота: прэс-служба Крамля

У 2001 годзе Цэнтрвыбаркам Беларусі «прысудзіў» Лукашэнку 76,65% галасоў выбаршчыкаў, а Пуцін у 2004-м у адказ набраў «усяго» 71,31% галасоў. На выбарах 2006 года ЦВК абвясціў вынік Лукашэнкі — 83% галасоў, прычым палітык сам тады прызнаў, што гэта сфальсіфікаваны вынік — нібыта насамрэч ён набраў нават больш. Уладзімір Пуцін прапусціў выбары 2008 года, «саступіўшы» на адзін тэрмін пасаду прэзідэнта Дзмітрыю Мядзведзеву (пры якім экс-прэзідэнт быў прэм’ер-міністрам). На выбарах 2010 года Лукашэнка афіцыйна атрымаў 79,65% галасоў, а Уладзімір Пуцін у 2012-м — усяго 63,60%. На выбарах 2015 года выбарчыя камісіі налічылі за Лукашэнку рэкордныя 83,47% галасоў, а Пуцін у 2018 годзе атрымаў 76,69%.

І вось цяпер звыклая сітуацыя зламалася. На выбарах 2020 года ЦВК Беларусі заявіў, што за Лукашэнку нібыта прагаласавалі 80,10% выбаршчыкаў. А на цяперашніх выбарах у Расіі Уладзімір Пуцін атрымаў рэкордныя 87,28% галасоў — то-бок на цэлых 7 працэнтных пунктаў больш, чым абвясціў падкантрольны Лукашэнку ЦВК чатыры гады таму.

Як заўважыла «Медуза», Пуціну на гэтых выбарах прыпісалі большую долю галасоў, чым калі-кольвек прыпісвалі Лукашэнку. Але расійскі прэзідэнт пакуль яшчэ адстае ад некаторых аўтарытарных азіяцкіх лідараў постсавецкай прасторы. Напрыклад, Нурсултан Назарбаеў у 2015 годзе перамагаў на выбарах у Казахстане з вынікам у 97,55%, Гурбангулы Бердымухамедаў у Туркменістане ў 2017 годзе атрымаў 97,69% галасоў, а Ільхам Аліеў у Азербайджане ў 2024 годзе — 92,12%.

Зрэшты, усе гэтыя вынікі блякнуць на фоне фантастычных дасягненняў выбарчай сістэмы Паўночнай Карэі. У 2014 годзе яе цяперашні кіраўнік Кім Чэн Ын удзельнічаў у выбарах у парламент. Паўтарыць яго нечуваны вынік Лукашэнку ці Пуціну будзе няпроста.

Ким Чен Ын во время визита во Владивосток, 16 сентября 2023 года. Фото: Reuters
Кім Чэн Ын падчас візіту ва Уладзівасток, 16 верасня 2023 года. Фота: Reuters

Навошта Кім Чэн Ыну ўдзел у выбарах?

Улада ў КНДР ужо амаль 76 гадоў, з моманту ўтварэння гэтай дзяржавы ў 1948 годзе, утрымліваецца прадстаўнікамі дынастыі Кімаў. Фактычна ў краіне склалася спадчынная перадача ўлады — як у манархіях. Са снежня 2011 года (пасля смерці свайго бацькі і папярэдняга кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Іра) найвышэйшым кіраўніком КНДР з’яўляецца Кім Чэн Ын. Але «найвышэйшы кіраўнік» — гэта нефармальная пасада, тытул. Таксама палітык займае рэальныя пасады Генеральнага сакратара кіроўнай Працоўнай партыі Карэі, Старшыні Дзяржаўнага савета КНДР і Вярхоўнага галоўнакамандуючага Карэйскай народнай арміі.

Нягледзячы на фактычна спадчынны характар перадачы вярхоўнай улады ў КНДР, згодна з канстытуцыяй, крыніца ўлады і суверэнітэту ў гэтай краіне — усё яшчэ народ. І органы ўлады ўсіх узроўняў павінныя абірацца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права на таемным галасаванні.

Галоўнае ўвасабленне нарадаўладдзя ў краіне — Вярхоўны народны сход КНДР, паўночнакарэйскі парламент. Менавіта ён, згодна з канстытуцыяй, — орган вярхоўнай улады. То-бок да 2016 года, калі для Кім Чэн Ына была створаная пасада Старшыні Дзяржаўнага савета, менавіта старшыня прэзідыума Вярхоўнага народнага сходу фармальна лічыўся кіраўніком КНДР.

Ким Чен Ын на Верховном народном собрании, Пхеньян, КНДР, 9 сентября 2022 года. Фото: Reuters
Кім Чэн Ын на Вярхоўным народным сходзе, Пхеньян, КНДР, 9 верасня 2022 года. Фота: Reuters

Лідар паўночнакарэйскага парламента выконваў, напрыклад, такія цырыманіяльныя абавязкі кіраўніка дзяржавы, як прыманне даверчых грамат у амбасадараў іншых краін. Пры гэтым фактычныя кіраўнікі краіны, Кімы, гэтай пасады ніколі не займалі. У гэтым плане сітуацыя ў КНДР вельмі нагадвала тую, якая склалася ў СССР за часамі кіравання Іосіфа Сталіна. Тады намінальным кіраўніком дзяржавы быў старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Міхаіл Калінін. Той самы, які на сустрэчы з савецкімі грамадзянамі наўпрост заяўляў: «Нічога ў мяне не прасіце, я чалавек безуладны».

Такім чынам, з аднаго боку, у Кім Чэн Ына не было ніякай неабходнасці праходзіць праз выбарчыя працэдуры — сваю ўладу ён атрымаў фактычна ў спадчыну ад бацькі. Пры гэтым ні адна з пасадаў, якія займае трэці з дынастыі Кімаў, не абіраецца наўпрост грамадзянамі. Але, з іншага боку, канстытуцыя КНДР працягвае па-старому называць крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне народ. І прадугледжвае магчымасць удзелу ў парламенцкіх выбарах, з дапамогай якіх можна прадэманстраваць грамадзянам у краіне і за мяжой найвышэйшы ўзровень усенароднай падтрымкі лідара.

Як Кім Чэн Ына выбіралі ў парламент

Кім Чэн Ына вылучылі кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага народнага сходу 13-га склікання 4 лютага 2014 года. Ён ішоў на выбары ад Пэктусанскай выбарчай акругі № 111, размешчанай у Пхеньяне і названай у гонар святой гары Пэктусан, на схілах якой нібыта нарадзіўся бацька Кім Чэн Ына, Кім Чэн Ір (насамрэч ён ураджэнец вёскі Вяцкае ў расійскім Хабараўскам краі). Выбаршчыкі гэтай акругі — пераважна вайскоўцы, у тым ліку супрацоўнікі Міністэрства народных узброеных сіл.

Ким Чен Ын машет рукой, садясь в поезд на железнодорожной станции в городе Артем под Владивостоком, Россия, 17 сентября 2023 года. Фото: Reuters
Кім Чэн Ын махае рукой, сядаючы ў цягнік на чыгуначнай станцыі ў горадзе Арцём пад Уладзівастокам, Расія, 17 верасня 2023 года. Фота: Reuters

У гонар вылучэння Кім Чэн Ына выбаршчыкі акругі № 111 арганізавалі танцавальны вечар. Ён пачаўся з выканання «Песні пра выбары», пад якую выбаршчыкі танцавалі, выказваючы пашану і цёплыя віншаванні кандыдату. Потым вайскоўцы таксама выканалі танцы пад песні «Шчасце Карэі» і «Наш сацыялізм — найлепшы ў свеце».

Як сцвярджаюць дзяржаўныя СМІ, пры гэтым на тварах выбаршчыкаў «свяціліся вялікі гонар і пачуццё ўласнай годнасці», яны «дэманстравалі цвёрды намер са зброяй у руках абараняць рэвалюцыйную ўладу народа і высока ацэньвалі палкаводчыя здольнасці кандыдата ў дэпутаты». Потым прыйшла чарга выканання ваенных песень «На сваім ходзе» і «Песня лётчыка». Завяршыўся танцавальны вечар песняй «Мы абаронім генерала Кім Чэн Ына цаной свайго жыцця».

Удзел Кім Чэн Ына ў тых парламенцкіх выбарах аказаўся настолькі трыумфальным, наколькі гэта наогул магчыма — цалкам адпаведна ўрачыстай цырымоніі вылучэння. 10 сакавіка паўночнакарэйскі ЦВК далажыў, што ў галасаванні на Пэктусанскай выбарчай акрузе № 111 прагаласавалі абсалютна ўсе зарэгістраваныя выбаршчыкі (то-бок яўка склала 100%). І 100% з іх прагаласавалі за Кім Чэн Ына.

Паўночнакарэйскія СМІ сцвярджалі, што вынікі галасавання ў акрузе № 111 адлюстроўваюць аднадушную волю вайскоўцаў КНДР і ўсяго народа.

Гэта наогул магчыма? Здаецца, так

Згаданыя вышэй лічбы Кім Чэн Ына цалкам могуць быць рэальнымі. Гісторыя выбараў у Паўночнай Карэі не будзе поўнай без згадкі пэўных асаблівасцяў выбарчага працэсу, якія дапамагаюць зафіксаваць такую палітычную аднадушнасць яе грамадзян. Калі такія практыкі возьмуць на ўзбраенне арганізатары выбараў у Беларусі і Расіі, можна будзе меркаваць, што адрыў Кім Чэн Ына ад Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі прыкметна зменшыцца.

Выбары ў Паўночнай Карэі безальтэрнатыўныя — то-бок у кожнай з 687 акругаў балатуецца роўна адзін папярэдне ўхвалены ўладамі кандыдат. Галасаванне на выбарах абавязковае для ўсіх грамадзян, за кошт чаго і дасягаецца яўка, блізкая па ўсёй краіне да 100%. Ранні прыход на выбарчы ўчастак успрымаецца ўладамі як прыкмета адданасці, таму ў месцах для галасавання раніцай дня выбараў звычайна фармуюцца доўгія чэргі.

Северокорейский лидер Ким Чен Ын во время посещения грибной фермы, фотография опубликована Центральным телеграфным агентством Северной Кореи (ЦТАК) в Пхеньяне 16 июля 2013 года. Фото: Reuters
Паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын падчас наведвання грыбной фермы, фатаграфія апублікаваная Цэнтральным тэлеграфным агенцтвам Паўночнай Карэі (ЦТАК) у Пхеньяне 16 ліпеня 2013 года. Фота: Reuters

Прыйшоўшы на ўчастак, грамадзяне атрымліваюць бюлетэнь з імем адзінага кандыдата. Пасля гэтага ў выбаршчыка ёсць два варыянты дзеянняў:

  • нічога не адзначаючы ў бюлетэні, апусціць яго ў скрыню, якая стаіць на бачным месцы; такое дзеянне будзе залічанае як голас за;
  • прайсці ў кабінку для «таемнага» галасавання, дзе можна выкрасліць (альбо не выкрасліць) адзінага кандыдата — і апусціць бюлетэнь у скрыню ўжо пасля гэтага.

Зрэшты, паход у кабінку аўтаматычна выклікае падазрэнне ў паўночнакарэйскіх спецслужбаў. Карэйскае правіла добрага тону — апускаць бюлетэнь у скрыню адразу пасля атрымання.

З такім падыходам выбары ў КНДР ператварыліся ў фармальнасць. Яны выкарыстоўваюцца ўладамі ў першую чаргу як перапіс насельніцтва і механізм праверкі месцазнаходжання жыхароў, з дапамогай якога можна выявіць, хто з іх самавольна змяніў месца жыхарства або збег за мяжу. Для гэтага ў перыяд перадвыбарнай кампаніі сябры выбарчых камісій наведваюць кожны дом у краіне, каб пераканацца, што ўсе зарэгістраваныя выбаршчыкі знаходзяцца на месцы.

Мы спадзяёмся, што беларусы ніколі не ўбачаць выбараў са стапрацэнтным вынікам у сябе дома. Але лічым важным вас папярэдзіць пра «перадавыя» практыкі ў гэтай сферы, каб нашая краіна не стала падобнай да ўсходніх «калег».

Падтрымайце рэдакцыю «Люстэрка», каб мы працягвалі гаварыць пра важнае (і трохі пра страшнае) 👇

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

Гэта бяспечна?

Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».

Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.

Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.

Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.