Суд у Берліне правёў першае паседжанне па справе 80-гадовага Манфрэда Н., якога абвінавачваюць у забойстве чалавека на мяжы ўсходняга і заходняга Берліна 29 сакавіка 1974 года. У той час Манфрэд быў супрацоўнікам таемнай паліцыі і разведкі ГДР «Штазі». Пра гэта паведамляе BILD.
Паводле звестак следчых, 31-гадовы афіцэр «Штазі» Манфрэд застрэліў ля Берлінскай сцяны 38-гадовага паляка Чэслава Кукучку, які хацеў з’ехаць на Захад. Забойства адбылося на былым памежным пераходзе. Паводле абвінаваўчага заключэння, афіцэр забіў сваю ахвяру «трапным стрэлам у спіну з хованкі». Прычым зрабіў ён гэта пасля таго, як паляку выдалі ўсе дакументы на выезд і ён ішоў з ГДР у ФРГ. Паляк праходзіў апошні кантрольна-прапускны пункт, у той момант пачуўся стрэл.
Мужчына выклікаў цікавасць пракуратуры яшчэ ў 1990-я, але абвінавачанні яму выставілі толькі з чацвёртай спробы, калі назбіралі дастатковую колькасць доказаў.
У прыватнасці, у 2016 годзе следчыя атрымалі новыя звесткі з архіва «Штазі», якія сталі вырашальным ключом да высвятлення асобы забойцы паляка на мяжы. Паводле версіі абвінавачання, у той дзень афіцэру «Штазі» паставілі задачу «абясшкодзіць» Кукучку.
Чакаецца, што Манфрэду вынесуць прысуд 23 траўня. На першым паседжанні яго адвакат заявіў, што абвінавачаны не прызнае віну. Увесь гэты час ён спакойна жыў у прыватным доме пад Ляйпцыгам.