У Кіеве ад расійскага ракетнага ўдару пацярпеў як мінімум 51 чалавек. Пра гэта паведамілі ў гарадской вайсковай адміністрацыі.
«Вораг зноў выкарытсаў балістычнае ўзбраенне. Прыблізна ў тры гадзіны ночы расіяне ажыццявілі пускі ракет, хутчэй за ўсё, з паўночна-ўсходняга напрамку. Сіламі СПА ўсе варожыя цэлі былі знішчаныя. Аднак абломкі ўпалі ў трох левабярэжных раёнах горада», — расказалі ў вайсковай адміністрацыі
У выніку атакі ўзніклі пажары, пашкоджаныя некалькі шматкватэрных і прыватных жылых дамоў. Станам на 6 гадзін раніцы пацярпеў 51 чалавек, у тым ліку 6 дзяцей.
Як паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко, у выніку падзення абломкаў ракеты на праезную частку дарогі адбылося пашкоджанне водаправоднай сеткі. Аварыйныя брыгады працуюць на месцы, каб аператыўна яго ліквідаваць.
У Паветраных сілах УСУ дадалі, што па Кіеве былі выпушчаныя 10 ракет.