Роўна 50 гадоў таму, 6 кастрычніка 1973 года, на Блізкім Усходзе чарговым разам загрукаталі гарматы — пачаўся адзін з найбуйнейшых канфліктаў сучаснасці, які ў Ізраілі і большасці краін свету ведаюць як вайну Суднага дня, а ў арабскіх краінах — як Кастрычніцкую вайну. Маштабы яе бітваў былі беспрэцэдэнтнымі, калі весці адлік з 1945 года, і дзяржава Ізраіль літаральна стаяла на мяжы знішчэння. А многія ўрокі таго канфлікту паўплывалі на развіццё ваеннай навукі і знаходзяць свой адбітак сёння — у тым ліку на вайне ва Украіне. Расказваем пра ход вайны Суднага дня.
Доўгая дарога да канфлікту
У 1973 годзе сітуацыя на Блізкім Усходзе была далёкая ад спакойнай. Усяго за шэсць гадоў да гэтага, у 1967-м, Ізраіль падчас Шасцідзённай вайны ўшчэнт разграміў кааліцыю арабскіх дзяржаваў (Егіпет, Іярданія, Ірак і Сірыя), якая нашмат пераўзыходзіла яго сіламі. Армія абароны краіны зацвердзілася як галоўная баявая сіла ў рэгіёне, а ўзброеныя сілы галоўных праціўнікаў — Егіпта і Сірыі — былі фактычна знішчаныя. Вырашальную ролю ў разгроме арабскіх войскаў адыграла ізраільская авіяцыя, якая бамбіла ВПС праціўніка на аэрадромах і спальвала калоны арабскай тэхнікі на маршы. Бліскуча паказалі сябе і танкавыя войскі.
Аднак арабскія лідары, якія яшчэ ў 1967 годзе недвухсэнсоўна заяўлялі пра жаданне «скінуць габрэяў у мора», рыхтаваліся да рэваншу. Выйграўшы Шасцідзённую вайну, Ізраіль заняў тэрыторыю Сінайскага паўвострава да самага Суэцкага канала і Галанскія вышыні (побач з Сірыяй), стварыўшы на поўдні і поўначы краіны «падушкі бяспекі», на якіх пабудаваў умацаванні. Сысці адтуль ізраільцяне згаджаліся толькі калі арабы гарантуюць, што не будуць будаваць там умацаванні і размяшчаць войскі.

Арабы здавацца не збіраліся: яшчэ ў 1967 годзе ў сталіцы Судана яны падпісалі «Хартумскую рэзалюцыю», якая вельмі выразна сфармулявала так званую палітыку «трох не»: не міру з Ізраілем, не перамовам з Ізраілем, не прызнанню Ізраіля.
Егіпцяне пасля паразы ў «вялікай» вайне паспрабавалі весці на Сінайскім паўвостраве «малую». Канфлікт малой інтэнсіўнасці, які атрымаў назву егіпецка-ізраільскай вайны на знясіленне, афіцыйна пачаўся ў 1969 годзе. Ён уяўляў сабой бясконцую чараду егіпецкіх абстрэлаў і налётаў дыверсійных груп на пазіцыі ізраільцян на Сінаі. Разлік прэзідэнта арабскай краіны Гамаля Абдэля Насэра быў на тое, што праціўнік не вытрымае людскіх і матэрыяльных стратаў (насельніцтва Ізраіля тады не дасягала 3 мільёнаў — гэта менш за траціну насельніцтва сучаснай Беларусі, а ў самім Егіпце тады жыло больш за 30 мільёнаў) і адступіць.
Аднак ізраільцяне паказалі, што ў гэтую гульню можна гуляць ўдваіх. ВПС краіны былі нашмат мацнейшыя і ў адказ на абстрэлы наносілі дакладныя ўдары па важных аб’ектах Егіпта, і невядома было, хто першым «скончыцца». Усяго за некалькі дзён у ліпені 1969 года была знішчаная СПА егіпцян у раёне Суэцкага канала. Арабаў выручыў толькі СССР, які ў тым жа годзе адправіў ім цэлую дывізію СПА з авіяцыяй і сучаснымі ракетнымі комплексамі «Квадрат» (мы яшчэ пачуем пра гэтую зброю).
Савецкія зенітчыкі дапамаглі Егіпту не дапусціць разгрому, але не забяспечыць перамогу ў вайне на знясіленне — у 1970-м было заключанае перамір'е. У вайне загінула, паводле заходніх ацэнак, 5000 егіпцян і 368 ізраільцян. Савецкія зенітчыкі сышлі з краіны толькі праз два гады, пакінуўшы Егіпту сваё ўзбраенне.
Адначасова з самалётамі і сродкамі СПА Савецкі Саюз пастаўляў егіпцянам і сірыйцам іншыя найлепшыя свае ўзбраенні — на Блізкі Усход ішлі тысячы танкаў, сотні бамбардзіроўшчыкаў, супрацьтанкавыя комплексы, нават балістычныя ракеты. Сотні ваенных дарадцаў вучылі велізарныя арміі — да 1973 года арабскія войскі былі гатовыя да новай вайны. І яна пачалася.
Планы бакоў
Ізраіль, які атрымаў поўную перамогу ў Шасцідзённай вайне, у новым канфлікце ровар вынаходзіць не планаваў. Авіяцыя краіны папаўнялася найноўшымі амерыканскімі самалётамі «Фантом» і «Скайхок», таксама ізраільскія ВПС мелі выдатныя французскія знішчальнікі «Міраж» і рабілі ў сябе іх аналагі (ізраільская разведка загадзя выкрала ў французаў усю патрэбную дакументацыю), а ўсім гэтым багаццем кіравалі дасведчаныя лётчыкі. Пакуль у арабаў не было такіх моцных ВПС, у Ізраілі лічылі, што можна быць спакойнымі.
У выпадку вайны планавалася хутка здушыць варожыя ВПС і СПА, пасля чаго танкавымі ўдарамі пад прыкрыццём з паветра давяршыць разгром арабскіх войскаў. У такіх умовах трэба было вытрымаць толькі першыя ўдары праціўніка — для гэтага на Сінайскім паўвостраве пабудавалі абарончую лінію, якая ўключала бетонныя ўмацаванні, міны, калючы дрот і пясчаны вал па беразе Суэцкага канала з трубамі, каб у выпадку спробаў фарсіравання з боку Егіпта ліць у ваду гаручую сумесь.
Вайсковае кіраўніцтва Егіпта і Сірыі выдатна разумела, наколькі моцная армія абароны Ізраіля, асабліва яе авіяцыя і танкавыя войскі. Супрацьпаставіць ёй аналагічныя сілы яны не маглі — ізраільскія лётчыкі і танкісты па кваліфікацыі нашмат пераўзыходзілі арабаў, колькі б тыя ні выставілі тэхнікі. Таму быў знойдзены «асіметрычны адказ».
ВПС Ізраіля планавалася нейтралізаваць звышмагутнай сучаснай эшаланаванай СПА, а супраць танкаў выкарыстаць тысячы супрацьтанкавых ракетных комплексаў (якія на той момант былі таксама найноўшай зброяй). Егіпцяне таксама навучыліся пераадольваць водныя перашкоды — для іх вайна непазбежна мусіла пачацца з фарсіравання Суэцкага канала.
Крывавы пачатак
Арабскія арміі пачалі вайну, а другой гадзіне дня 6 кастрычніка 1973 года. Дзень выбралі ўдалы: на яго выпала адно з самых святых для іўдзеяў свята — Ём-Кіпур, або Судны дзень. У гэтую дату большасць ізраільцян ходзіць у сінагогу, амаль не працуе грамадскі транспарт, зачыненыя амаль усе ўстановы.
Ізраільская разведка канцэнтрацыю арабскіх армій побач з межамі цалкам правароніла — хоць, мяркуючы па ўсім, мела ў Егіпце найсур’ёзнейшую агентуру (ізраільскім агентам, напрыклад, лічыўся нават зяць экс-прэзідэнта Егіпта Ашраф Марван, які дакладна назваў дату пачатку вайны). Тым не менш папярэджанняў кіраўніцтва краіны не паслухала, і пра тое, хто вінаваты ў негатоўнасці да вайны, спрачаюцца дагэтуль.
Пасля артылерыйскага і авіяцыйнага ўдару егіпцяне пачалі пераправу праз Суэцкі канал. Сістэма трубаў, якая дазваляла ізраільцянам разліць гаручую вадкасць па вадзе, з нейкай прычыны не спрацавала. А абарончая лінія аказалася абсалютна неэфектыўнай і не ўтрымала армію, што наступала. Былы прэзідэнт Ізраіля Хаім Герцаг у класічнай працы «Арабска-ізраільскія войны» пісаў: «І ўсё ж, нягледзячы на ўвесь гераізм ізраільскіх салдат, фартыфікацыйныя збудаванні сябе не апраўдалі. Многія гады яны служылі чымсьці сярэднім паміж апорнымі пунктамі, задачай якіх была абарона канала ад нападу егіпцян, і пунктамі назірання і апавяшчэння. У ролі першых яны былі занадта слабыя і раскіданыя, а для ролі другіх у іх было занадта шмат абслуговага персаналу».

Ізраільцянам заставалася разлічваць на магутную авіяцыю і танкавыя ўдары, якія абавязкова скінуць тых, хто наступае, назад у канал. Контрудары адбыліся ўжо 6 кастрычніка — але ізраільскім войскам не ўдалося дамагчыся ніякага поспеху.
Арабскі план цалкам спрацаваў. Калі самалёты ВПС Ізраіля спрабавалі атакаваць егіпецкія войскі, насустрач ім ляцелі звышгукавыя ракеты савецкіх зенітных комплексаў «Квадрат». На той момант гэта былі ледзь не найлепшыя ЗРК у свеце — і толькі неймаверная шчодрасць СССР дазволіла арабам іх атрымаць.

Супрацьстаяць іх ракетам, душачы іх радыёэлектроннай барацьбой або ўнікаючы, было вельмі складана — і ізраільскія самалёты пачалі гінуць. Частка авіяцыйных удараў дасягала цэлі, але для зрыву аперацыі гэтага было недастаткова.
Правалілася і танкавая контратака. Наблізіўшыся да канала, ізраільскія танкі трапілі пад масіраваны агонь супрацьтанкавых ракетных комплексаў «Малютка», ад якіх амаль не ратавала браня. Сотні ракет ляцелі з загадзя падрыхтаваных пазіцый, і танкі згаралі дзясяткамі — паводле Хаіма Герцага, у адной з ізраільскіх брыгад, якія атакавалі, за паўдня са 100 танкаў засталося ўсяго 23.
«Ізраільскія танкі атакавалі, як даўнейшая конніца: зухавата, без падтрымкі пяхоты і з недастатковай падтрымкай артылерыі. Такая атака не мела сэнсу перад супрацьтанкавай зброяй, якую засяродзілі егіпцяне на полі бою», — піша Герцаг. Ён жа згадвае, што поспех аперацыі падаваўся неверагодным самім егіпцянам — з больш чым статысячнай групоўкі яны чакалі страціць падчас перасячэння Суэцкага канала да 30 тысяч забітымі і параненымі, а фактычна загінула ўсяго 208 чалавек.
Паводле ўсіх стандартаў гэта быў трыумф — егіпецкая армія ідэальна пераадолела ўмацаваную абарону, адбіўшы пры гэтым контратакі адной з самых прафесійных армій свету. Ізраільцяне адступілі ўглыб Сіная, а войскі Егіпта спыніліся.
Якім бы вялікім ні быў поспех, ён быў магчымы толькі пакуль арабскія салдаты не выходзілі з-пад «парасона» сучаснай савецкай СПА. Крыніца згадваюць, што адзіная брыгада Егіпта, якая парушыла гэтае правіла, ужо 8 кастрычніка была цалкам знішчаная самалётамі Ізраіля. Егіпцянам заставалася стаяць і чакаць вынікаў наступу галоўнага саюзніка — Сірыі.
Паўночны фронт вайны
Сірыйцы экзамен, у адрозненне ад егіпцян, правалілі. Як і саюзнікі, яны пачалі атаку на Галанскія вышыні, а другой гадзіне дня, спрабуючы велізарнымі масамі танкаў і пяхоты прарваць абарону і знішчыць ізраільскія часткі да таго, як падыдуць падмацаванні (арабы лічылі, што праз святкаванне Суднага дня мабілізацыя ў ізраільцян зацягнецца). Групоўка сірыйцаў налічвала да 1200 танкаў, а супрацьстаяла ім ад сілы 180 машын у дзвюх брыгадах ізраільскай арміі. Перамога падавалася лёгкай. Калі б усё пайшло па плане, перад сірыйскай арміяй ляжала б адкрытая дарога ў цэнтральныя раёны Ізраіля — а прарыў туды фактычна азначаў поўную перамогу ў вайне.
На практыцы атрымалася трохі інакш. Ізраільцяне не адступілі і прынялі бой — і, нягледзячы на вялікую перавагу праціўніка, здолелі не пусціць сірыйскія войскі ўглыб краіны. Калі дзень скончыўся, ізраільскія танкісты вялі бой ноччу, хоць іх машыны не мелі нават прыбораў начнога бачання (у адрозненне ад савецкіх Т-62, на якіх ваявалі сірыйцы). У выніку абедзве ізраільскія брыгады, абараняючыся, амаль цалкам загінулі — аднак ім удалося нанесці сірыйцам жахлівыя страты і не пусціць ворага ўнутр краіны, забяспечыўшы магчымасць суайчыннікам адмабілізавацца.
У гэтых баях рэзка выявілася розніца ва ўзроўні падрыхтоўкі ізраільскіх і арабскіх танкістаў — да прыкладу, лейтэнант Арміі абароны Ізраіля Цві Грынгольд падбіў 6−7 кастрычніка ад 20 да 60 танкаў праціўніка. Усяго ж Сірыя страціла да 500 танкаў.
Неўзабаве на фронт прыбылі адмабілізаваныя часткі Ізраіля, і лёс сірыйскай кампаніі быў вырашаны. Ізраільская авіяцыя, страціўшы некалькі дзясяткаў самалётаў, навучылася змагацца нават з сучаснымі савецкімі сродкамі СПА і пачала ўпэўнена пазбаўляць арабскія арміі іх «парасона».
Ізраільскія танкісты ачысцілі Галанскія вышыні і пачалі наступ на Дамаск, каб вывесці Сірыю з вайны. Рэшткі сірыйскай арміі спрабавалі контратакаваць, ім дапамаглі Іярданія і Ірак, якія таксама адправілі свае танкі на вайну. Але на той момант іракцы наогул не мелі баявога досведу — ізраільцяне лёгка разграмілі іх. Актыўныя баявыя дзеянні на сірыйскім фронце скончыліся.
«Нікелевая трава»
Хоць агрэсія ў дачыненні да Ізраіля была відавочнай — як і тое, што ў яго нашмат менш рэсурсаў, — дапамагаць краіне зброяй амаль ніхто не стаў. Ролю асноўнага пастаўшчыка ўзялі на сябе ЗША, якія аператыўна арганізавалі паветраны мост і пачалі аперацыю «Нікелевая трава».

Прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан загадаў адправіць на дапамогу ізраільцянам «усё, што можа лётаць» — са Злучаных Штатаў грузы перапраўляліся на базу на Азорскіх астравах, якія належаць Партугаліі (акрамя Лісабона, у Еўропе ніхто не захацеў даць для паветранага моста свае аэрадромы), а затым у Ізраіль. З 12 кастрычніка, менш чым праз тыдзень пасля пачатку канфлікту, краіна пачала атрымліваць усё неабходнае для вайны, аж да новых знішчальнікаў наўзамен збітых.
Пасля Голда Мэір, на момант вайны — прэзідэнт Ізраіля, расказвала ў мемуарах, што на паседжанні Сацыялістычнага інтэрнацыяналу ўжо пасля перамогі на яе папрокі ў неаказанні дапамогі ізраільцянам павісла маўчанне, і толькі адзін чалавек сказаў: «Яны не могуць гаварыць. У іх горла забітае нафтай». Гэта быў намёк на тое, што супрацоўніцтва з арабскімі краінамі, багатымі на вуглевадароды, для многіх было найважнейшым.
Заканчэнне вайны
У той час як сірыйскія войскі цярпелі паразу, на егіпецкім фронце было «без перамен»: інтэнсіўнасць баявых дзеянняў у параўнанні з першымі двума днямі вайны заставалася нізкай. Ізраільцяне апраўляліся ад страшнага пабоішча (паводле даклада дзяржсакратара ЗША Генры Кісінджэра, ужо на 9 кастрычніка было падбіта каля 500 іх танкаў), егіпцяне паводзілі сябе пасіўна, толькі зрэдку атакуючы. Хаім Герцаг згадвае, што да гэтага часу з дапамогай дымавых завес і артылерыі Армія абароны Ізраіля навучылася змагацца і з супрацьтанкавымі ракетнымі комплексамі «Малютка», што звяло адну з галоўных пераваг арабаў на нішто.
Прастаяўшы так амаль тыдзень, 14 кастрычніка егіпецкія войскі паспрабавалі дапамагчы саюзнікам і арганізаваць танкавую атаку ўглыб Сінайскага паўвострава. Ізраільцяне адбілі яе без асаблівых праблем для сябе і прыступілі да аперацыі, якая мусіла скончыць вайну, — фарсіраванню Суэцкага канала. Потым планавалася перарэзаць шляхі забяспечання егіпецкіх армій, што ўжо пераправіліся, і прымусіць іх капітуляваць.
Прарывацца трэба было ў раёне так званай Кітайскай фермы — звычайнай сельскагаспадарчай фермы, на якую да вайны завезлі японскае абсталяванне (а салдаты Ізраіля прынялі японскія іерогліфы за кітайскія). 15 кастрычніка танкавая дывізія вядомага камандзіра Арыэля Шарона (пасля прэм’ер-міністра Ізраіля) нанесла тут удар і здолела выйсці да Суэцкага канала. Частка войскаў неадкладна пераправілася праз водную перашкоду — і цяпер салдаты Ізраіля былі ў тыле ў егіпецкай арміі.
Спробы Егіпта перарэзаць «калідор» да канала поспеху не мелі, затое прывялі да аднаго з самых маштабных танкавых баёў у гісторыі — бітвы ля «Кітайскай фермы». Сотні егіпецкіх танкаў Т-62 і Т-55 разрознена падыходзілі да поля бою і паслядоўна знішчаліся ізраільскімі танкістамі. Страты бакоў былі несувымерныя — адна з егіпецкіх брыгад у баі страціла 65 танкаў, 30 бронетранспарцёраў і артылерыі, падбіўшы ці то тры, ці то чатыры танкі Ізраіля.
Да гэтага часу ізраільскай авіяцыі і часткам па той бок канала ўжо ўдалося здушыць егіпецкую СПА, і цяпер самалёты Ізраіля звыкла панавалі ў паветры (у паветраным баі арабы не маглі супрацьпаставіць ізраільцянам амаль нічога), аказваючы падтрымку часткам, якія ўжо прарваліся за водную перашкоду, і не даючы рэшткам ВПС Егіпта бамбіць іх. 22 кастрычніка сілы Ізраіля выйшлі на шашу да Каіра, сталіцы Егіпта — да горада было не больш за 100 кіламетраў.
Аднак да поўнага ваеннага разгрому арабаў не дайшло. СССР ужо 22 кастрычніка сабраў Савет Бяспекі ААН, які заклікаў бакі да неадкладнага спынення агню. Ізраільцяне працягвалі наступ да 24 кастрычніка, атачыўшы адну з дзвюх егіпецкіх армій, якія ўдзельнічалі ва ўварванні. Вайна скончылася спыненнем агню і адводам войскаў. У выніку арабы нават не лічаць, што прайгралі ў канфлікце, а егіпцяне святкуюць 6 кастрычніка дзень перамогі (хаця без умяшання дыпламатаў Каір наўрад ці змог бы пазбегнуць паразы). Разам з тым ваенная моц арабскіх армій у выніку вельмі сур’ёзна вырасла — яны змагаліся дастаткова ўмела і адважна і паказалі сваё ўменне карыстацца сучаснай тэхнікай і тактыкай.
Вайна Суднага дня стала для Ізраіля самым цяжкім канфліктам у гісторыі — у першыя яго дні лёс краіны вісеў на валаску. Велізарную ролю ў канфлікце адыграла высокадакладная зброя — масавае з’яўленне досыць дасканалых супрацьтанкавых і зенітных ракет паставіла пад пытанне дамінаванне традыцыйных на той момант родаў войскаў накшталт танкаў і авіяцыі. Як паказвае досвед расійска-ўкраінскай вайны, цяпер гэтая тэндэнцыя схільная нарастаць — тэхналогіі адыгрываюць на палях бітваў усё больш вызначальную ролю.
Чытайце таксама


