Ужо больш за паўтара года мы назіраем за ўварваннем Расіі ва Украіну. Днямі успыхнуў і імкліва патух канфлікт у Нагорным Карабаху. Гэтыя гарачыя пункты так ці інакш у фокусе ўвагі беларускіх медыя і, адпаведна, беларусаў. Але проста цяпер у свеце масава забіваюць людзей у вельмі розных месцах. Расказваем пра краіны, дзе ў верасні 2023 года ідуць кровапралітныя канфлікты.
1. Грамадзянская вайна ў Емене
Канфлікт цягнецца з 2014 года. Шыіцкія паўстанцы-хусіты і іх саюзнікі супрацьстаяць афіцыйным уладам (якіх падтрымліваюць суніты) і кааліцыі арабскіх краін на чале з Саудаўскай Аравіяй (якую падтрымліваюць ЗША). У дапамозе хусітам абвінавачваюць Іран і Расію (імаверна, менавіта праз падтрымку Тэгеранам хусітаў іранская зброя часам трапляе ва УСУ). У лістападзе 2021-га ААН выпусціла даклад, у якім прагназавала, што да канца года колькасць ахвяр канфлікту дасягне 377 000 чалавек, а да 2030-га — 1,3 млн. Гэта не толькі непасрэдна ваенныя страты: у статыстыцы ўлічваюцца людзі, якія загінулі ў тым ліку ад ускосных прычын — напрыклад, узніклага голаду.
2. Грамадзянская вайна ў М’янме

Грамадзянскі канфлікт у М’янме доўжыцца з перапынкамі з 1948 года. Першапачаткова гэта было супрацьстаянне ўладаў і камуністычнай апазіцыі, аднак унутры краіны існуюць і этнічныя, і рэлігійныя канфлікты (будысты супраць мусульман-рахінджа). У 2021 годзе сітуацыя пагоршылася пераваротам, які прывёў да ўлады вайскоўцаў (на іх загад больш чым сотню чалавек забілі ўсяго за адзін дзень). Канфлікт у М’янме ўжо да 2006 года прывёў да гібелі 210 000 чалавек, і толькі за апошні год у гэтай краіне загінула каля 14 500 чалавек.
3. Вайна з наркакартэлямі ў Мексіцы

Афіцыйна ні ў якай вайне Мексіка не ўдзельнічае — са снежня 2006 года ўрад краіны вядзе «вайну» з магутнымі наркакартэлямі, і падкантрольныя Мехіка сілы не могуць яе выйграць. Толькі за першы год колькасць ахвяр склала амаль 3000 чалавек. У 2019 годзе ўлады Мексікі абвясцілі пра заканчэнне вайны, у рэальнасці яна працягваецца. Паводле некаторых ацэнак, страты ўжо дасягнулі 300 000 чалавек, за апошні год загінула 7635 чалавек — гэта супастаўна з найбуйнейшымі «сапраўднымі войнамі», якія цяпер вядуцца.
4. Грамадзянская вайна ў Сірыі

Сірыйская вайна ідзе з 2011 года. У ёй удзельнічаюць не толькі мясцовыя сілы (урад і паўстанцы), але і іншыя краіны (Расія, Турцыя, заходняя кааліцыя на чале з ЗША). Паводле звестак ААН, з 2011 да 2022-га канфлікт забраў жыцці больш чым 300 000 чалавек, а за апошні год — 5931 чалавека.
5. Вайна ў Сахелі

Сахель — гэта не краіна, а рэгіён у Афрыцы, дзе размяшчаецца мноства дзяржаваў, найважнейшыя з якіх — Буркіна-Фасо, Малі, Нігер, Нігерыя, Чад і Маўрытанія. Усплёск гвалту ў рэгіёне пачаўся ў 2012 годзе, тут ваююць розныя групоўкі з рознымі інтарэсамі і вонкавыя сілы (уключаючы ПВК Вагнера, якую абвінавачваюць тут у ваенных злачынствах). За апошні год праз вайну ў рэгіёне больш за ўсё загінула жыхароў Нігерыі (каля 9000 чалавек), Буркіна-Фасо (7320 загінулых) і Малі (каля 4000).
6. Грамадзянская вайна ў Самалі

Грамадзянская вайна ў Самалі пачалася ў 1988 годзе, у розны час склад праціўнікаў мяняўся, тут ваявалі ўрадавыя сілы, ісламскія групоўкі, уключаючы «Харакат аш-Шабаб» і «Ісламскую дзяржаву», ствараліся і разбураліся недаўгавечныя дзяржавы. Не дапамагло ўмяшальніцтва ЗША і ААН. Ужо ў канцы 90-х гадоў называліся лічбы ў 500 000 загінулых. За апошні ж год у Самалі загінула каля 10 000 чалавек.
7. Канфлікты ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга
Адна з найбуйнейшых афрыканскіх краін, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, дзесяцігоддзямі пакутуе ад некалькіх жорсткіх канфліктаў. Проста цяпер на тэрыторыі краіны дзейнічаюць сілы ААН, племянныя ўзброеныя фарміраванні, ісламісцкія і хрысціянскія групоўкі, у розны час урад спрабаваў вырашыць крызіс з дапамогай войскаў Руанды, Уганды і іншых краін. Страты былі каласальныя — толькі з 1998 да 2002-га загінула да 350 000 чалавек. Цяпер маштабы канфліктаў скараціліся, але не варта перамяншаць трагедыю: толькі за апошні год ад ваенных дзеянняў загінула 4680 чалавек.
8. Грамадзянская вайна ў Судане

Грамадзянскія войны ў Судане не сціхаюць апошнія дзесяцігоддзі і ўжо прывялі да ўтварэння новай краіны Паўднёвы Судан (там таксама была грамадзянская вайна, але яна скончылася). Тым не менш пасля аддзялення часткі тэрыторыі мір не надышоў — баявыя дзеянні ў заходняй правінцыі Дарфур прыводзяць да ўсё новых ахвяр. Вайсковыя колы ў краіне канкуруюць з арганізацыяй «Сіл аператыўнай падтрымкі» (RSF), створанай на аснове арабскіх апалчэнняў — гэтыя дзве сілы вядуць цяпер вайну. У красавіку 2023-га ў краіне пачаліся сутыкненні паміж Узброенымі сіламі Судана і Сіламі хуткага рэагавання. Вайскоўцы змагаюцца за ўладу, канфлікт цягнецца дагэтуль — баявыя дзеянні ідуць нават у сталіцы краіны. Толькі за апошні год праз канфлікт у Судане загінула 9216 чалавек.
9. Вайна са злачыннасцю на Гаіці
Астраўная дзяржава знаходзіцца ў Карыбскім басейне. Сутыкненні тут пачаліся ў 2021 годзе і падобныя да мексіканскай вайны з наркакартэлямі — цэнтральны ўрад не можа справіцца са злачыннасцю і шматлікімі атрадамі самаабароны. Людзі гінуць сотнямі, і генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў скіраваць на востраў спецназ і атрады вайсковай падтрымкі. Толькі за апошні год на Гаіці загінула 1637 чалавек, іншыя крыніцы кажуць пра 2439 загінулых з пачатку 2023 года.
10. Вайна ў Афганістане
Шматгадовая вайна ў Афганістане вядзецца з 1978 года, калі ў выніку Саурскай рэвалюцыі краіна пайшла сацыялістычным шляхам. Затым было савецкае ўварванне, дзесяцігадовая вайна, улада талібаў, уварванне кааліцыі на чале з ЗША, а з 2021 года — зноў улада талібаў. Пасля гэтага частата сутыкненняў зменшылася, але яны не спыніліся цалкам: у краіне за апошні год падчас баявых дзеянняў загінуў 1501 чалавек.
Чытайце таксама


