У Лівіі ў выніку магутнага шторму «Даніэль» загінула каля трох тысяч чалавек, каля 10 тысяч зніклі без вестак, паведамляе Al Jazeera са спасылкай на мясцовыя ўлады.
У Лівію «Даніэль» прыйшоў 9 верасня. Ён дасягнуў узбярэжжа ў раёне Бенгазі і рушыў на ўсход, руйнуючы прыбярэжныя вёскі і гарады. Мацней за ўсё ад стыхіі пацярпеў партовы горад Дэрна, дзе жыло каля 125 тысяч чалавек. «Даніэль» разбурыў дзве дамбы, пасля чаго ў горад хлынулі патокі вады з рэк. Вада затапіла большую частку горада, змываючы ў мора цэлыя раёны з іх жыхарамі. Усё адбылося ноччу, што знізіла шанцы мясцовых жыхароў выжыць. Выратавальныя службы змаглі трапіць у затоплены горад праз суткі.
«Колькасць зніклых без вестак вылічаецца тысячамі, а колькасць загінулых, як чакаецца, дасягне 10 тысяч», — заявілі ў Міністэрстве аховы здароўя Лівіі. Паводле некаторых ацэнак, каля 20 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
«Целы ляжаць усюды — у моры, на зямлі, пад будынкамі. Я не перабольшваю, калі кажу, што 25% горада знікла. Многія, многія будынкі абрынуліся», — расказаў міністр грамадзянскай авіяцыі Лівіі Хічэм Шкіўат Reuters пра тое, што адбываецца ў Дэрне.
Іншыя ўсходнія гарады, уключаючы другі па велічыні горад Лівіі Бенгазі, таксама пацярпелі ад шторму. Тамер Рамадан, кіраўнік дэлегацыі Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, сказаў, што колькасць загінулых будзе «велізарнай».
Пошукава-выратавальныя работы працягваюцца. Улады абвясцілі надзвычайнае становішча, закрылі школы і крамы і ўвялі каменданцкую гадзіну.
У Лівіі абвешчаная трохдзённая жалоба па ахвярах катастрафічнага шторму — самага магутнага прыроднага катаклізму ў гісторыі краіны.