Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш вядзе перамовы з расійскімі ўладамі наконт аднаўлення «збожжавай угоды» ў абмен на санкцыйныя саступкі Маскве. Пра гэта, як піша «Еўрапейская праўда», паведамляе Bild, які атрымаў доступ да ліста Гутэрыша, што ён адправіў міністру замежных справаў РФ Сяргею Лаўрову.
У сваім лісце генеральны сакратар ААН прапануе кіраўніку МЗС РФ пагадненне з чатырох пунктаў паміж ААН і Расіяй, якія павінныя прывесці да аднаўлення «збожжавай угоды».
«Усе чатыры пункты важныя, бо іх рэалізацыя выканала б усе патрабаванні тэрарыстычнага рэжыму Уладзіміра Пуціна і ўзнагародзіла яго атакі на ўкраінскія цывільныя аб’екты», — адзначае Bild.
Паводле матэрыялу, у першым пункце Гутэрыш прапануе скасаванне санкцый ЕС супраць «Рассельгасбанка», што дазволіць яму абысці абмежаванні, звязаныя з адключэннем ад SWIFT.
У прыватнасці, кіраўнік ААН прапануе выкарыстоўваць спецыяльна створаную даччыную кампанію падсанкцыйнага расійскага банка пад назвай RSHB Capital S. A. для абыходу санкцый. Па вялікім рахунку, ААН хоча актываваць фэйкавы банк, які падрывае санкцыі ЕС супраць расійскіх банкаў.
Спасылаючыся на прэс-службу Еўракамісіі, выданне паведамляе, што ўлады ЕС выказалі гатоўнасць праз ААН «знайсці канструктыўнае рашэнне з дапамогай стварэння даччынага прадпрыемства «Рассельгасбанка».
Паводле інфармацыі Bild, у другім пункце Гутэрыш прапануе застрахаваць расійскія грузавыя караблі ад украінскіх атак падчас перамяшчэння ў Чорным і Азоўскім морах, для чаго страхавая кампанія для расійскага экспарту прадуктаў харчавання і ўгнаенняў, якая фінансуецца ААН, можа пачаць працу з кампаніяй Lloyd’s цягам 4−6 тыдняў.
Паводле звестак выдання, у трэцім пункце генеральны сакратар ААН абяцае ўладам РФ дапамогу ў вяртанні актываў, замарожаных у выніку еўрапейскіх санкцый. Як гаворыцца ў ягоным лісце, «расійскія кампаніі па вытворчасці ўгнаенняў павінныя звярнуцца ў адпаведныя нацыянальныя органы ЕС па адпаведныя выключэнні».
Згодна з чацвёртым пунктам, які прыводзіць Bild, расійскім караблям, якія перавозяць харчовыя прадукты і ўгнаенні, павінныя дазволіць швартавацца ў партах краін ЕС, для чаго ААН правяла перамовы з Еўракамісіяй і асобнымі партовымі адміністрацыямі ў Германіі, Бельгіі, Іспаніі і Нідэрландах.
Прадстаўнік МЗС Украіны Алег Нікаленка ў адказ на публікацыю Bild заявіў, што пазіцыя ўкраінскага боку застаецца нязменнай: аслабленне санкцый супраць Расіі ў абмен на аднаўленне «збожжавай угоды» стане перамогай расійскага харчовага шантажу і прывядзе да новага шантажу з боку Крамля.
«Міжнароднай супольнасці варта працаваць над вяртаннем Расіі да выканання сваіх абавязанняў, а не ўзмацняць яе пачуццё беспакаранасці, прапаноўваючы саступкі. Украіна, як адзін з гарантаў сусветнай харчовай бяспекі, гатовая працягваць экспарт збожжавых на сусветныя рынкі, у тым ліку ў краіны Афрыкі і Азіі, як у рамках Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы, так і па альтэрнатыўных маршрутах у Чорным моры і па сушы», — напісаў Нікаленка на сваёй старонцы ў Facebook.