Ранняй раніцай 17 ліпеня Крымскі мост падарвалі другі раз — упершыню гэта здарылася 8 кастрычніка 2022-га. Адбылося гэта нягледзячы на ўсе меры бяспекі, прынятыя расійскімі спецслужбамі пасля атакі летась. Разбіраемся, хто і як мог гэта зрабіць і чаго чакаць цяпер.
Што вядома цяпер
Пра тое, што адбывалася пасля падрыву Крымскага моста сёння раніцай, мы падрабязна пісалі. Калі сцісла, то сітуацыя цяпер прыкладна такая:
- адзін пралёт аўтамабільнага моста ў раёне 145-й апоры падарваны, яшчэ адзін прасеў. Чыгуначны мост амаль не пацярпеў, па ім зноў ходзяць цягнікі. Частку грузавых машын цяпер будуць перапраўляць на паромах, пасажыраў аўтобусаў перавязуць на электрычках, грузавікі і легкавікі адправяць у абыход па анексаваных тэрыторыях (так званым сухапутным калідоры ў Крым);
- загінулі два чалавекі, пацярпеў адзін;
- афіцыйныя асобы Расіі сцвярджаюць, што да атакі датычная Украіна пры падтрымцы спецслужбаў ЗША і Вялікабрытаніі, а ўдар па мосце наносілі беспілотныя водныя матацыклы. Афіцыйна Украіна адказнасці за ўдар на сябе не брала, аднак крыніцы ў СБУ паведамілі адразу некалькім украінскім выданням, што мост падарвалі ў выніку сумеснай аперацыі Службы бяспекі і Ваенна-марскіх сіл краіны. Інструментам былі названыя «надводныя беспілотнікі»;
- ва УСУ заявілі, што выбухі на мосце маглі быць расійскай правакацыяй на фоне пытання па пралангацыі збожжавай угоды. Пазней Расія заявіла пра спыненне ўгоды, але прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што мост тут ні пры чым.
Чым маглі падарваць мост
Хоць абодва бакі кажуць пра выкарыстанне беспілотнікаў, якія перамяшчаюцца па вадзе (ці нават пад ёй), пра канкрэтныя тактычна-тэхнічныя характарыстыкі гэтых апаратаў практычна нічога не вядома. Хутчэй за ўсё, перад намі не тыя дроны, якімі «правяралі на трываласць» порт у Севастопалі пачынаючы з мінулай восені (а апошняя атака адбылася некалькі дзён таму).
Тады УСУ атакавалі цэлі параўнальна невялікімі беспілотнымі катарамі, што перасоўваліся па паверхні і, як мяркуецца, маглі несці ўсяго некалькі дзясяткаў кілаграмаў выбухоўкі. Гэтага дастаткова, каб паспрабаваць патапіць караблі Чарнаморскага флоту, але для пашкоджання канструкцыі Крымскага моста патрэбныя нашмат больш сур’ёзныя зарады.
Разам з тым варыянт з гідрацыкламі або іншымі відамі беспілотнікаў, якія апускаюцца ў ваду, пакуль будуць не больш чым здагадкамі: якой-кольвек інфармацыі пра наяўнасць такіх апаратаў ва УСУ няма. Аднак прарасійскія крыніцы сцвярджаюць, што мост мог быць падарваны брытанскімі падводнымі беспілотнікамі Remus 600 «з дадатковай нагрузкай выбухоўкі».
Тэарэтычна такія дроны могуць быць ва УСУ — Вялікабрытанія яшчэ летась заяўляла пра пастаўкі неназваных падводных апаратаў Украіне (некаторыя тады дапусцілі, што гаворка акурат пра дроны серыі Remus).
Аднак само па сабе гэта нічога не тлумачыць: брытанскі апарат створаны для размінавання, як і колькі «дадатковай нагрузкі выбухоўкі» ён здольны браць і ці здольны — пытанне адкрытае. Наўрад ці гэтыя машыны могуць таемна падбірацца да праціўніка: іх выраблялі для зусім іншых мэтаў.
Тэарэтычна можна дапусціць, што дроны тут наогул ні пры чым. У адрозненне ад восені мінулага года, сёння ўкраінцы маюць дальнабойную зброю, здольную даставаць да моста, — гэта крылатыя ракеты Storm Shadow. Аднак для такога маштабу разбурэнняў адной ракеты, хутчэй за ўсё, не хапіла б. А не заўважыць больш-менш масавы прылёт сёння наўрад ці магчыма.
Таму з упэўненасцю казаць пра зброю, якая пабіла Крымскі мост, пакуль не атрымаецца — магчыма, пазней з’явяцца новыя падрабязнасці.
Навошта падрываць Крымскі мост
У афіцыным каментары Службы бяспекі Украіны што да падрыву моста спікер Арцём Дэхцярэнка згадаў словы кіраўніка ведамства Васіля Малюка — апошні адзначаў, што нормы міжнароднага права дазваляюць пераразаць лагістычныя сувязі ворага. Крымскі мост, сказана ў каментары, — адзін з такіх калідораў паставак для УС Расіі.
Варта адзначыць, што гэта не першы мост у Крыме, які зазнаў атаку за апошнія тыдні. У ноч на 22 чэрвеня УСУ нанеслі ўдар па мосце праз Чангарскі праліў у Азоўскае мора — ён злучае анексаваны Крым з Мелітопалем.
Руская служба Бі-бі-сі адзначала, што ўдар па гэтым аб’екце моцна нагадвае ўдары па Антонаўскім мосце і іншых пераправах праз Днепр, якія УСУ актыўна наносілі мінулым летам. У выніку выкарыстанне першага стала амаль немагчымым, забяспечваць расійскую групоўку ў Херсоне зрабілася вельмі цяжка, і ўсё скончылася яе адступленнем з горада ў лістападзе 2022 года.
Удар па Крымскім мосце цалкам укладваецца ў гэтую логіку — ва ўмовах працягу контрнаступлення Украіны знішчэнне ўсіх магчымых пераправаў азначае максімальную перагрузку лагістыкі (а на поўдні Украіны, уключаючы Крым, знаходзяцца прыкладна 150 000 расійскіх вайскоўцаў). Праўда, асноўныя перавозкі на паўвостраў ідуць па чыгуначнай, а не па аўтамабільнай галінцы (а яна не пашкоджаная). Аднак зусім не факт, што гэты ўдар апошні.
Пра што сведчыць атака менавіта цяпер і чым адкажа Расія?
У першую чаргу пра тое, што расійскі бок з нейкай прычыны не змог гарантаваць бяспеку аб’екта пасля таго, як ён быў падарваны ў кастрычніку 2022 года.
Да восені мінулага года Крымскі мост лічыўся практычна непаражальным. Паводле інфармацыі расійскіх крыніц, збудаванне ахоўвалі два палкі С-400 (больш за сорак пускавых установак), сістэмы СПА «Панцыр-С1», пераносныя зенітныя комплексы, а яшчэ спадарожнікі, авіяцыя, сухапутная тэхніка і баявыя дэльфіны. Своечасовае выяўленне пагрозаў мусілі забяспечваць магутныя радары і акустычныя сістэмы, каб не дапусціць раптоўнага ўдару ні з паветра, ні з мора.
У выпадку з першай атакай абысці абарону маглі даволі проста — паводле афіцыйнай расійскай версіі, віной усяму стаў выбух грузавіка, які ехаў па мосце. Вялікагрузам неўзабаве наогул забаранілі выкарыстоўваць гэты шлях — праўда, абяцалі зноў дазволіць праезд у сакавіку 2023 года, але не зрабілі гэтага. Меры бяспекі на Крымскім мосце мусілі ўзмацніць на асабісты загад Уладзіміра Пуціна. Што ж у выніку?
Аўтамабільная частка моста падарваная ўжо чыста «вайсковым» спосабам, без выкарыстання цывільнага транспарту — хутчэй за ўсё, з дапамогай водных беспілотнікаў. Незалежна ад таго, як яны выглядаюць і які зарад выбухоўкі нясуць, гэтым апаратам удалося пераадолець усе рубяжы абароны моста і падарвацца ля самай апоры. Мабыць, альбо расійскія сістэмы абароны аказаліся недасканалымі, альбо ўкраінскі бок (калі ён нанёс удар) здолеў дзякуючы новай тэхніцы і/або тактыцы навучыцца прарываць такія заслоны.
Расійскі «ваенкар» Раман Сапанькоў напісаў з нагоды інцыдэнту (цытуецца ў арыгінале, пунктуацыя і арфаграфія аўтара захаваныя): «Подрыв моста раз в 9 месяцев это система. Можно сколько угодно говорить про „моральные эффекты“ или „нет результатов в наступлении“, но мост взорван, движение остановлено, погибли люди. Опять будут месяцы ремонта. То, что проверяли багажники и проморгали атаку с моря, хотя буквально за день до этого была атака на Севастополь, это тоже запредельно. Думаю, можно закладываться на то, что мост они добьют рано или поздно».
Пакуль складана казаць, ці будзе нейкая прыкметная рэакцыя Крамля на інцыдэнт. Пасля выбуху аб’екта 8 кастрычніка мінулага года войска РФ адказала рэгулярнымі ракетнымі ўдарамі ў інфраструктуры, уключаючы энергетычную. Аднак яны наносяцца і цяпер — на гарады Украіны амаль кожную ноч ляцяць то ракеты, то іранскія дроны. Павялічыць іх інтэнсіўнасць Масква наўрад ці можа — гэта пытанне не жадання, а наяўнасці вялікіх запасаў снарадаў.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў ужо заявіў, што адказам будзе «дасягненне мэтаў СВА», то-бок па факце проста працяг вайны.
Чытайце таксама


