Украінскія вайскоўцы паведамілі, што расійскія войскі працягваюць абстрэльваць з артылерыі населеныя пункты на лініі фронту, а за мінулыя суткі адбыліся 40 баявых сутыкненняў. У Мінабароны РФ заявілі, што ў выніку ўдару па Краматорску 27 чэрвеня былі забітыя два генералы і да 50 афіцэраў УСУ. Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны расказалі, што дэталі пагаднення з ПВК Вагнера, імаверна, усё яшчэ абмяркоўваюцца. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 491-ы дзень вайны.
Генштаб УСУ: 40 баявых сутыкненняў з расійскім войскам і знішчэнне важнай цэлі
«За мінулыя суткі расійскія акупанты нанеслі ўдар іранскімі ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed. Супрацьпаветранай абаронай шэсць дронаў-камікадзэ былі знішчаныя», — расказалі ў Генштабе УСУ.
Таксама, паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, расійскія войскі нанеслі два ракетныя і 50 авіяцыйных удараў, здзейснілі 52 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Паведамляецца, што імавернасць нанясення ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца высокай.
«Праціўнік па-ранейшаму засяроджвае асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім і Мар'інскім напрамках — за суткі адбылося 40 баявых сутыкненняў», — адзначылі ў Генштабе.
На Валынскім і Палескім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных зменаў. На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на спыненні прасоўвання УСУ. На іншых напрамках праціўнік абстрэльваў населеныя пункты з артылерыі.
У Генштабе УСУ расказалі, што ўкраінская авіяцыя нанесла 11 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка, пяць — па зенітна-ракетных комплексах і адзін — па пункце кіравання. Таксама быў знішчаны расійскі самалёт Су-25 і тры разведвальныя БПЛА. Украінскія ракетчыкі і артылерысты пабілі склад боепрыпасаў, 11 артылерыйскіх падраздзяленняў на агнявых пазіцыях, тры сродкі СПА, дзве станцыі радыёэлектроннай барацьбы і яшчэ адну важную цэль.

Мінабароны РФ: Адбітыя атакі УСУ і ўдакладненая інфармацыя па абстрэле Краматорска
«Узброеныя сілы Украіны працягвалі спробы наступальных дзеянняў на Данецкім, Чырвона-Ліманскім і Паўднёва-Данецкім напрамках. На Данецкім напрамку ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці і Тоненькае Данецкай вобласці пісьменнымі і мужнымі дзеяннямі падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў паспяхова адбітыя чатыры атакі праціўніка. Падчас баявых дзеянняў на гэтым напрамку страты УСУ склалі да 530 украінскіх вайскоўцаў забітымі і параненымі, адзін танк, дзве баявыя машыны пяхоты, пяць аўтамабіляў, а таксама гаўбіцы „Мста-Б“ і Д-20. Таксама ў раёне населенага пункта Выемка Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 54-й механізаванай брыгады УСУ», — расказалі ў расійскім вайсковым ведамстве.
У Мінабароны Расіі расказалі пра атакі па пазіцыях УСУ:
— на Чырвона-Ліманскім напрамку падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Цэнтр», ударамі авіяцыі, артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм нанесенае паражэнне падраздзяленням 21-й, 42-й і 67-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Крамянная і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. У раёне населенага пункта Кузьміно Луганскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы;
— на Паўднёва-Данецкім напрамку ў раёне Урэмеўскага выступу агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Усход» адбітая атака падраздзяленняў УСУ ў раёне населенага пункта Старамаёрскае Данецкай вобласці;
— на Запарожскім напрамку расійскімі войскамі нанесенае паражэнне канцэнтрацыі жывой сілы і тэхнікі 106-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў раёне населенага пункта Лугаўское Запарожскай вобласці;
— на Купянскім напрамку аператыўна-тактычнай і армейскай авіяцыяй, артылерыяй Заходняй групоўкі войскаў пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка і Краснае Першае Харкаўскай вобласці;
— на Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння забітыя да 40 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя шэсць аўтамабіляў, а таксама гаўбіца «Мста-Б». У раёне населенага пункта Кізамыс знішчаны склад боепрыпасаў 123-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.
Удары расійскай арміі па тэрыторыі Украіны за суткі:
- аператыўна-тактычная авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя нанеслі паражэнне 85 артылерыйскім падраздзяленням УСУ на агнявых пазіцыях, жывой сіле і ваеннай тэхніцы ў 102 раёнах. У раёне населенага пункта Выемка Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 10-й горна-штурмавой брыгады УСУ. У раёнах населеных пунктаў Васільцоўка Харкаўскай вобласці і Пясчанае Данецкай вобласці пабітыя дзве радыёлакацыйныя станцыі контрбатарэйнай барацьбы вытворчасці ЗША AN/TPQ-50;
- сродкамі супрацьпаветранай абароны перахопленыя два рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS, а таксама супрацьрадыёлакацыйная ракета HARM. Акрамя таго, знішчаныя 11 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
«Паводле ўдакладненай інфармацыі, у выніку высокадакладнага ўдару 27 чэрвеня ў горадзе Краматорск Данецкай вобласці па пункце часовай дыслакацыі 56-й асобнай мотапяхотнай брыгады УСУ знішчаныя два генералы, якія ўдзельнічалі ў штабнай нарадзе, да 50 афіцэраў УСУ, а таксама да 20 замежных наймітаў і вайсковых дарадцаў», — падсумавалі ў Мінабароны РФ.
Інстытут па вывучэнні вайны: Дэталі пагаднення з ПВК Вагнера ўсё яшчэ абмяркоўваюцца
«Няспынныя паведамленні пра ўгоду, заключаную пры пасярэдніцтве беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі і скіраваную на спыненне ўзброенага паўстання ПВК Вагнера, дазваляюць дапусціць, што ўцягнутыя бакі, магчыма, усё яшчэ абмяркоўваюць дэталі пагаднення», — лічаць аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
Расійскія крыніцы працягваюць спекуляваць на дэталях гэтага пагаднення. Яны таксама мяркуюць, што паўстанне ПВК Вагнера ўжо робіць шырокі ўплыў на структуру расійскага камандавання.
Ключавыя высновы ISW:
- расійская Дума разглядае дадатковыя меры па ўзмацненні кантролю над інфармацыйнай прасторай і развіцці самацэнзуры ў шырокіх інтэрнэт-супольнасцях;
- украінскія войскі вялі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на чатырох участках фронту;
- расійскія і ўкраінскія войскі правялі наземныя атакі ў раёне Крамянной, Бахмута і на захадзе Данецкай вобласці;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы працягвалі контрнаступальныя аперацыі ў заходняй частцы Запарожскай вобласці і правялі абмежаваныя разведвальныя атакі на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў раёне Антонаўскага моста ў Херсонскай вобласці 27 і 28 чэрвеня.

Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць звестак афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні бакоў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.