Расія ажыццявіла самую масіраваную атаку дронамі на Кіеў з пачатку вайны і займаецца перагрупоўкай у раёне Бахмута, а Яўгена Прыгожына абвінавачваюць у спробах дзяржаўнага перавароту. Расказваем галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 459-ы дзень вайны.
Генштаб УСУ: самая масіраваная атака дронамі і 14 атак у раёне Мар'інкі
У ноч з 27 на 28 траўня расіяне ажыццявілі самую масіраваную з пачатку поўнамаштабнага ўварвання атаку дронамі на сталіцу Украіны. Атака праходзіла некалькімі хвалямі, а паветраная трывога доўжылася больш за 5 гадзін. Расіяне запусцілі рэкордную колькасць беспілотнікаў — 54. Сіламі і сродкамі СПА ў паветранай прасторы Кіева былі знішчаныя 52 з іх.
У выніку падзення абломкаў ёсць ахвяры і разбурэнні ў розных раёнах Кіева. У тым ліку абломкі трапілі ў 7-павярховы нежылы будынак, адзін чалавек загінуў, адзін — шпіталізаваны. Таксама адбылося ўзгаранне на тэрыторыі прадпрыемства, успыхнулі склады гатовай прадукцыі, разбурэнні на плошчы 1000 квадратных метраў, ёсць адзін пацярпелы.
Усяго за мінулыя суткі праціўнік нанёс тры ракетныя ўдары, два з якіх АКР С-300 па Краматорску, і 13 авіяцыйных, здзейсніў каля 30 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. Імавернасць нанясення ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны працягвае заставацца вельмі высокай, адзначаецца ў зводцы Генштаба УСУ.

На Валынскім і Палескім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных зменаў. На беларускія палігоны прыбываюць некаторыя падраздзяленні Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі для правядзення мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі перад адпраўкай на вайну ва Украіну.
На Северскім і Слабажанскім напрамках мелі месца абстрэлы шэрагу населеных пунктаў (абстрэлы адбываліся на ўсіх іншых напрамках, мы не гаворым пра гэта ў кожным наступным выпадку. — Заўв. рэд.).
На Купянскім напрамку Расія вяла наступальныя дзеянні недалёка ад Масютоўкі, поспеху не мела.
На Ліманскім напрамку за суткі праціўнік наступальных дзеянняў не ажыццяўляў.
На Бахмуцкім напрамку ў мінулыя суткі праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні на захад ад Хромавага.
На Аўдзееўскім напрамку праціўнік вёў наступальныя дзеянні ў кірунку населеных пунктаў Паўночнае і Першамайскае, поспеху не меў.
На Мар'інскім напрамку ўкраінцы адбілі 14 атак праціўніка ў раёне горада Мар'інка.
На Шахцёрскім напрамку наступальных дзеянняў Расія не праводзіла.
На Запарожскім і Херсонскім напрамках праціўнік працягвае весці абаронныя дзеянні.
Авіяцыя Сіл абароны Украіны за мінулыя суткі нанесла чатыры ўдары па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка, а таксама тры — па яго зенітна-ракетных комплексах. Украінцы за мінулыя суткі знішчылі тры варожыя БПЛА рознага тыпу. Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі два пункты кіравання, два раёны канцэнтрацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, два склады боепрыпасаў і яшчэ адзін важны ваенны аб’ект праціўніка.
Мінабароны РФ: пра страты праціўніка
Мінабароны Расіі ў штодзённай зводцы звыкла дала справаздачу пра знішчаных вайскоўцаў праціўніка.
На Купянскім напрамку спыненыя дзеянні дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп. Страты склалі звыш 30 украінскіх вайскоўцаў, бронеаўтамабіль і два пікапы.
На Чырвона-Ліманскім напрамку за суткі знішчаныя да 65 украінскіх вайскоўцаў, баявая браніраваная машына, два аўтамабілі, гаўбіцы «Мста-Б» і Д-20, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя».
На Данецкім напрамку за суткі знішчаныя да 340 украінскіх вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab польскай вытворчасці.
На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках страты праціўніка за суткі склалі звыш 100 украінскіх вайскоўцаў, а таксама чатыры аўтамабілі.
На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння за мінулыя суткі знішчаныя да 10 украінскіх вайскоўцаў, тры пікапы, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
Сродкамі супрацьпаветранай абароны за суткі перахопленыя тры крылатыя ракеты Storm Shadow і шэсць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS.
Акрамя таго, знішчаныя чатыры ўкраінскія беспілотнікі.
Брытанская разведка: заклік Расіі да ахвяраў дзеля перамогі
Прадстаўнікі брытанскай разведкі адзначылі, што ў апошнія тыдні ў Расіі змяніўся тон публічных дэбатаў. Калі раней гучалі патрабаванні караць тых, хто крытыкуе вайну супраць Украіны, то цяпер грамадзян краіны-агрэсара спрабуюць прымусіць актыўна ісці на ахвяры ў падтрымку ваенных дзеянняў.
У зводцы адзначаецца, што СМІ і бізнес-групы, якія падтрымліваюцца дзяржавай, у РФ звярнуліся ў Міністэрства эканомікі з просьбай дазволіць 6-дзённы працоўны тыдзень для сваіх супрацоўнікаў перад абліччам эканамічных патрабаванняў вайны, відавочна, без дадатковай аплаты. 21 траўня прапагандыстка Крамля Маргарыта Сіманьян заклікала расіян працаваць на вайсковых заводах па дзве дадатковыя гадзіны кожны дзень пасля сваёй асноўнай працы.
«Зменлівы тон размоваў відавочна пераклікаецца з пачуццём грамадскага прымусу ў савецкім стылі. Гэта таксама падкрэслівае, што кіраўніцтва, хутчэй за ўсё, лічыць эканамічныя паказчыкі вырашальным фактарам для перамогі ў вайне», — адзначылі ў брытанскай разведцы.
Інстытут па вывучэнні вайны: пра перагрупоўку ля Бахмута і абвінавачанні Прыгожына ў планах дзяржаўнага перавароту
Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны адзначаюць, што найміты групы Вагнера, падобна, адыходзяць з горада Бахмут, каб аднавіцца і перагрупавацца ў тыле. Украінскія вайсковыя прадстаўнікі пры гэтым паведамілі, што расійскія наступальныя аперацыі рэзка скараціліся. Гэта тлумачыцца перагрупоўкай сіл у гэтым раёне.
Для разгрузкі групоўкі Вагнера расійскае ваеннае камандаванне можа перакідваць у гэты раён сілы самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі. Гэта можа знізіць тэмпы расійскіх наступальных аперацый на лініі Аўдзееўка — Данецк: расійскія атакі ў гэтым раёне ў апошнія дні зменшыліся.
Аднак расійскае ваеннае камандаванне, падобна, узмацняе флангі Бахмута рэгулярнымі фарміраваннямі. Паводле ацэнкі Мінабароны Вялікабрытаніі, апошнімі тыднямі часткі 31-й брыгады Паветрана-дэсантных войскаў (ПДВ) Расіі, імаверна, былі перакінутыя з лініі Сватава — Крамянная для ўзмацнення флангаў Бахмута. Украінскія вайскоўцы раней паведамлялі, што расійскія сілы перакідваюць на Бахмуцкі напрамак нявызначаныя падраздзяленні ПДВ, мотастралкоў і спецназа пасля паспяховых украінскіх контратак на флангах Бахмута. Спецыялісты Інстытута па вывучэнні вайны таксама назіралі казачыя падраздзяленні, якія дзейнічалі ў Салядары, хоць гэтыя падраздзяленні, імаверна, раней дзейнічалі ў гэтым раёне.
Былы расійскі афіцэр і заўзяты нацыяналіст Ігар Гіркін абвінаваціў фінансіста ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына ў планаванні дзяржаўнага перавароту супраць цяперашняга расійскага кіраўніцтва. Ён папярэдзіў пра «мяцеж», калі Прыгожыну «дазволяць» узначаліць групу Вагнера. Гіркін адзначыў, што Прыгожын загадаў сілам ПВК адысці на свае базы ўглыб Расіі напярэдадні ўкраінскага контрнаступлення. Ён таксама сцвярджаў, што супрацоўнікі Вагнера ніколі не давалі прысягі не ўступаць у баявыя дзеянні супраць Расіі ці яе Узброеных сіл.
Прыгожын заявіў 27 траўня, што яго ПВК пазней вырашыць, ці будзе яна ваяваць ва Украіне ці ў іншай краіне. Гэта паказвае, што экс-«кухар» Пуціна захоўвае магчымасць камандаваць сваім уласным войскам па-за фармальнай структурай расійскага ваеннага камандавання. Гіркін таксама нядаўна раскрытыкаваў расійскае ваеннае камандаванне за тое, што яно не ўрэгулявала адкрыты і вульгарны канфлікт Прыгожына з Міністэрствам абароны Расіі. Ён папярэджвае, што Прыгожын «паглыне» расійскіх вайсковых чыноўнікаў, якія «робяць стаўку» на ягоную карысць, бо імкнецца павялічыць сваю палітычную ўладу. Сцвярджаецца, што канфлікт паміж міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу і Прыгожыным перарастае ў канфлікт паміж расійскімі вайскоўцамі і сіламі Вагнера, але Пуцін не звяртае на гэта ўвагі.
Як адзначаюць аналітыкі Інстытута, рашэнне Прыгожына вывесці свае войскі з Бахмута і, магчыма, з актыўных баявых дзеянняў напярэдадні ўкраінскага контрнаступлення стратэгічна сумнеўнае.
Украінскія афіцыйныя асобы абверглі паведамленні Захаду. У апошніх гаварылася, што кітайскі дыпламат выказаў зацікаўленасць у перамовах пра спыненне агню ва Украіне на фоне імавернага аднаўлення расійскай інфармацыйнай кампаніі вакол перамоваў. Міністр замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў 27 траўня, што ён звязваўся са сваімі еўрапейскімі калегамі, якія нядаўна сустракаліся са спецыяльным прадстаўніком Кітая ў справах Еўразіі Лі Хуэем, і што яны адмаўлялі, што Лі выказваў зацікаўленасць у спыненні агню, якое дазволіць Расіі захаваць кантроль над акупаванымі тэрыторыямі.
Лі Хуэй наведаў Маскву 26 траўня, каб абмеркаваць урэгуляванне вайны Расіі на Украіне.
Крэмль раней актывізаваў гэтую інфармацыйную аперацыю ў снежні 2022 года, каб паспрабаваць затрымаць пастаўку заходніх танкаў і іншай сучаснай ваеннай тэхнікі ва Украіну і стварыць умовы для зімова-вясновага наступу Расіі ў 2023 годзе. Крэмль, імаверна, аднаўляе інфармацыйную аперацыю з мэтай аслабіць гатоўнасць Захаду накіраваць крытычна важную дапамогу Украіне з меркаванняў бяспекі перад патэнцыйнымі ўкраінскімі контрнаступальнымі аперацыямі.
Крэмль прытрымліваецца схемы, пры якой адны расійскія афіцыйныя асобы выказваюць няшчырую цікавасць да перамоваў, у той час як іншыя адначасова паўтараюць максімалісцкія мэты Пуціна ў дачыненні да вайны ва Украіне. Намеснік міністра замежных справаў Расіі Міхаіл Галузін заявіў 26 траўня, што ўмовы «ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру» ва Украіне ўключаюць спыненне баявых дзеянняў украінскімі сіламі, спыненне заходняй дапамогі Украіне ў галіне бяспекі, вяртанне Украіны ў «нейтральны пазаблокавы статус», відавочная адмова Украіны ад уступлення ў NATO і ЕС і прызнанне анексіі Расіяй акупаваных тэрыторый. Паўтарэнне Галузіным максімалісцкіх мэтаў Расіі супадае з меркаваным выражэннем Пуціным зацікаўленасці гэтай краіны ў перамовах падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Бразіліі 26 траўня.