У Мінабароны Расіі заявілі, што не дапусцілі прарыву УСУ на Салядарскім напрамку, на Малаільінаўскім — занялі больш выгадныя рубяжы. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што на Бахмуцкім напрамку расійскія сілы беспаспяхова спрабавалі весці наступ у кірунку Ступачак. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны лічаць, што Расія адмовілася ад сваіх планаў акружыць украінскія войскі пад Бахмутам.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 443-і дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: За суткі адбілі 44 атакі
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі шэсць ракетных удараў, у тым ліку па гарадах Славянск, Канстанцінаўка і Запарожжа. Таксама зафіксаваныя 59 авіяцыйных удараў і 95 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Пацярпелі мірныя людзі, разбураныя і пашкоджаныя жылыя дамы і іншая цывільная інфраструктура, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — тут адбітыя 44 атакі расіян. Працягваюцца жорсткія баі за гарады Бахмут і Мар'інка.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках расіяне нанеслі авіяцыйныя ўдары па раёнах чатырох населеных пунктаў, з мінамётаў і артылерыі абстралялі 25 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку праціўнік наступальных дзеянняў не праводзіў. Нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Пясчанага. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся 10 населеных пунктаў.
— На Ліманскім напрамку расіяне беспаспяхова спрабавалі наступаць у раёне Серабранскага лясніцтва. Нанеслі авіяўдары паблізу чатырох населеных пунктаў, з мінамётаў і артылерыі абстралялі дзевяць населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку працягваюцца баі за Бахмут. Беспаспяховыя наступальныя дзеянні расійскія сілы вялі ў кірунку Ступачак. Авіяўдары нанеслі па раёнах чатырох населеных пунктаў. Ад абстрэлаў пацярпелі 13 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку праціўнік спрабаваў наступаць, але беспаспяхова, у раёне Аўдзееўкі. Абстраляў пяць населеных пунктаў.
— На Мар'інскім напрамку падраздзяленні Сіл абароны адбілі шматлікія атакі ў раёне Мар'інкі. Таксама варожым абстрэлам падвергліся тры населеныя пункты Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку расіяне вялі наступ у раёне Новаміхайлаўкі, поспеху не мелі. Нанеслі авіяўдары каля Вуглядара і Прачыстаўкі. Абстралялі шэсць населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія сілы працягваюць абараняцца. Нанеслі авіяўдары па раёнах трох населеных пунктаў, абстралялі — 18.
— Авіяцыя Сіл абароны за суткі нанесла 14 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка.
— Знішчаныя дзевяць БПЛА розных тыпаў.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі 11 пунктаў кіравання, 19 раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы, склад боепрыпасаў, склад гаруча-змазачных матэрыялаў, дзевяць артылерыйскіх падраздзяленняў на агнявой пазіцыі, сродак супрацьпаветранай абароны і яшчэ дзве важныя цэлі праціўніка.

Мінабароны Расіі: У Харкаўскай і Луганскай абласцях спынілі дзеянні ўкраінскіх ДРГ
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Двурэчнае Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскае Луганскай вобласці. Цягам ночы ў раёне населенага пункта Катляроўка Харкаўскай вобласці спыненае дзеянне дыверсійна-разведвальнай групы.
Страты УСУ на гэтым напрамку за суткі склалі больш за 60 вайскоўцаў, баявая браніраваная машына, два аўтамабілі, дзве баявыя машыны РСЗА «Град», артылерыйская сістэма М109 Paladin, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя».
— На Чырвона-Ліманскім напрамку авіяцыяй і артылерыяй групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёне населенага пункта Тарскае Данецкай вобласці. Цягам ночы ў раёнах населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва і Крамянная Луганскай вобласці ліквідаваныя дзве дыверсійна-выведвальныя групы. За суткі знішчаныя больш за 75 украінскіх вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя», а таксама гаўбіца Д-20.
— У заходняй частцы Бахмута штурмавыя атрады працягвалі весці баі па авалоданні гарадскімі кварталамі. Падраздзяленні ПДВ аказваюць ім падтрымку і спыняюць спробы УСУ контратакаваць на флангах.
Ударамі авіяцыі, агнём артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Яр і Багданаўка Данецкай вобласці.
— На Салядарскім тактычным напрамку УСУ правялі наступ на ўсёй лініі баявога судакранання бакоў працягласцю больш чым 95 кіламетраў. Падраздзяленні УСУ зладзілі 26 атак, у якіх была задзейнічаная больш чым тысяча вайскоўцаў, да 40 танкаў, а таксама іншая ваенная і спецыяльная тэхніка. Усе атакі падраздзяленняў УСУ адбітыя. Прарываў абароны расійскіх войскаў не дапушчана.
— На Малаільінаўскім напрамку з мэтай павышэння ўстойлівасці абароны падраздзяленнямі Паўднёвай групоўкі расійскіх войскаў заняты рубеж з улікам выгадных умоваў Бярхоўскага вадасховішча. Знішчаныя больш за 540 украінскіх вайскоўцаў, 8 танкаў, а таксама больш за 20 адзінак іншай бранятэхнікі.
— Усяго на Данецкім напрамку агульныя страты УСУ склалі каля 900 украінскіх вайскоўцаў забітымі і параненымі, больш за 30 адзінак бранятэхнікі, а таксама сем аўтамабіляў, дзве гаўбіцы Д-30 і адна гаўбіца L-118. Сродкамі супрацьпаветранай абароны ў раёне населенага пункта Часаў Яр збіты знішчальнік Су-27 Паветраных сіл Украіны. У раёне населенага пункта Аўдзееўка знішчаны склад артылерыйскіх боепрыпасаў 110-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вадзяное і Вуглядар Данецкай вобласці. Страты праціўніка склалі да 110 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, два аўтамабілі, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння цягам апошніх дзён знішчаныя да 40 украінскіх вайскоўцаў, баявая браніраваная машына, тры аўтамабілі і самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, пабітыя 72 артылерыйскія падраздзяленні, жывая сіла і ваенная тэхніка УСУ ў 102 раёнах. У раёне горада Запарожжа знішчанае сховішча паліва для ваеннай тэхнікі УСУ. У раёне населенага пункта Баравая Харкаўскай вобласці знішчаная радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-36, а ў раёне населенага пункта Нікопаль Днепрапятроўскай вобласці — радыёлакацыйны комплекс разведкі і кантролю стральбы «Заапарк-1». Перахопленыя тры рэактыўныя снарады сістэм залпавага агню HIMARS і «Ураган», знішчаныя 25 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Прыгожын перайшоў крамлёўскія «чырвоныя лініі»
Украінскія сілы, імаверна, прарвалі некаторыя расійскія рубяжы падчас лакальных контратак у раёне Бахмута, адзначае ў свежай зводцы амерыканскі Інстытут па вывучэнні вайны.
Камандуючы Усходняй групай войскаў Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў, што расійскія войскі адступілі да двух кіламетраў у тыл расіян на неназваных участках Бахмуцкага фронту. Кіраўнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын таксама заявіў, што ўкраінскія сілы пачалі контрнаступленне і адваявалі тры кіламетры тэрыторыі ў Бахмуце і яго ваколіцах. Мінабароны Расіі нехарактэрна хутка прызнала ўкраінскія контратакі, заявіўшы, што расійскія сілы адбілі восем наземных атак і тры аперацыі баявой разведкі на Данецкім напрамку, але абвергла паведамленні пра тое, што ўкраінскія сілы прарвалі расійскія абарончыя рубяжы.
У ISW лічаць, што разгортванне на флангах вакол Бахмута сіл з нізкай баяздольнасцю сведчыць пра тое, што Мінабароны Расіі адмовілася ад мэты акружыць прысутныя там падраздзяленні УСУ. Найміты ПВК Вагнера, хутчэй за ўсё, працягнуць лабавыя атакі ў Бахмуце, што дазволіць украінскім сілам правесці арганізаваны адыход з небяспечных раёнаў, а не сутыкнуцца з буйнамаштабным акружэннем, лічаць у ISW.
У справаздачы таксама гаворыцца, што ананімныя крыніцы ў Крамлі заявілі, нібыта заявы Яўгена Прыгожына «сур'ёзна турбуюць найвышэйшае кіраўніцтва» Расіі, пра што «Медузе» паведамілі дзве крыніцы ў Крамлі. У прыватнасці, Крэмль расцаніў як «сур'ёзную пагрозу» спробы Прыгожына шантажаваць МА РФ, а таксама высмейванне ім «шчаслівага дзядулі», адказнага за будучыя пакаленні расіян. Крыніцы адзначаюць, што эскалацыя паводзін Прыгожына — імаверна, вынік яго няздольнасці ўкласціся ва ўстаноўленыя тэрміны па захопе Бахмута.
Суразмоўцы таксама адзначылі, што Прыгожын перайшоў крамлёўскія «чырвоныя лініі», што можа адштурхнуць яго прыхільнікаў нават з найбліжэйшага атачэння. Паведамляецца, што Прыгожын страчвае сувязь з адным са сваіх заступнікаў, расійскім мільярдэрам і «асабістым банкірам Пуціна» Юрыем Кавальчуком. Крыніцы адзначылі, што расійскія прапагандысты атрымалі дырэктыву дыскрэдытаваць Прыгожына як здрадніка, калі ён працягне крытыкаваць Крэмль. Аднак яны лічаць, што Прыгожыну нічога не пагражае, пакуль вагнераўцы працягваюць знаходзіцца на перадавой, бо гэта дазваляе яму падтрымліваць кантакт з Пуціным.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны ўсход ад Купянска і на мяжы Сватава — Крамянная;
- паведамляецца, што ўкраінскія сілы працягвалі праводзіць лакальныя контратакі вакол Бахмута;
- расійскія сілы атакавалі ўкраінскія пазіцыі на захад ад Гуляйполя і ў Херсонскай вобласці;
- Расіі неабходна вырабляць больш за 29 мільёнаў снарадаў у год, каб задаволіць патрабаванні Прыгожына выкарыстоўваць 80 тысяч снарадаў у дзень, што ў 13 разоў перавышае гадавы аб’ём вытворчасці ў Расіі да ўварвання ва Украіну;
- расійскія афіцыйныя асобы працягваюць пагражаць міжнародным гуманітарным намаганням і спрабуюць маніпуляваць імі, пагражаючы распусціць Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву, тэрмін дзеяння якой заканчваецца 18 траўня.