Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У канцы снежня стала вядома, што Мінабароны Расіі атрымала новую партыю знішчальнікаў пятага пакалення Су-57 — падобныя самалёты ёсць толькі ў лічаных сусветных дзяржаваў. Разбіраемся, наколькі гэта ўзмацніла авіяцыю РФ, і расказваем гісторыю машыны, якая мусіла стаць найлепшым расійскім самалётам, а замест гэтага ператварылася ў даўгабуд і сімвал страчаных магчымасцяў.

Што адбылося

28 снежня на сайце «Аб'яднанай авіябудаўнічай карпарацыі» (расійскай групы кампаній, якая аб’ядноўвае практычна ўсіх вытворцаў цывільных і ваенных самалётаў у РФ) з’явілася паведамленне пра тое, што Мінабароны краіны атрымала новую партыю самалётаў пятага пакалення Су-57 — самых сучасных расійскіх знішчальнікаў і адзіных прадстаўнікоў пятага пакалення ў ВКС РФ.

У паведамленні гаворыцца, што барты вайскоўцам перадаў вытворца — Камсамольскі-на-Амуры авіяцыйны завод імя Гагарына, менавіта ён з 2017 года займаецца серыйным выпускам Су-57. Колькі самалётаў налічваецца ў партыі, не паведамлялася — замест гэтага кіраўнік Растэха Сяргей Чэмезаў заявіў, што завод цяпер мадэрнізуюць, і неўзабаве выпуск знішчальнікаў удасца істотна нарасціць (зноў-такі, без канкрэтных лічбаў).

Навіну «Аб'яднаная авіяцыйная карпарацыя» праілюстравала фатаграфіяй пастаўленых самалётаў — на ёй добра відаць два знішчальнікі.

Два истребителя Су-57, предположительно, из партии, поставленной Минобороны России в конце декабря. Фото: Объединенная авиастроительная корпорация
Два знішчальнікі Су-57, як мяркуецца, з партыі, пастаўленай Мінабароны Расіі ў канцы снежня. Фота: «Аб'яднаная авіябудаўнічая карпарацыя»

У гэты ж дзень відавочцы знялі відэа пралёту Су-57 над Новасібірскам — мабыць, знішчальнікі перамяшчаліся з Далёкага Усходу (Камсамольск-на-Амуры) у еўрапейскую частку Расіі. На кадрах чатыры машыны — можна меркаваць, што менавіта столькі зрабіла і перадала вайскоўцам далёкаўсходняе прадпрыемства.

Новасібірскія спотары (энтузіясты, якія займаюцца назіраннямі за вайсковымі і цывільнымі самалётамі) таксама паказалі фота чатырох самалётаў Су-57 на аэрадроме.

Такім чынам, расійская авіяцыя, падобна, папоўнілася чатырма знішчальнікамі пятага пакалення. Да гэтага, паводле падлікаў расійскага Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій, у Паветрана-касмічныя сілы Расіі прыбыло шэсць такіх самалётаў: Першы быў атрыманы 29 студзеня 2021 года, другі і трэці заўважылі за тры тыдні да вайны, у пачатку лютага 2022 года, чацвёрты і пяты — у канцы траўня 2022 года, а шосты ўдалося апазнаць на прэзентацыйным роліку авіязавода. Разам з чацвёркай новых машын атрымліваецца, што ў Расіі цяпер дзесяць серыйных знішчальнікаў пятага пакалення.

Што такое самалёт пятага пакалення

У вялікай ступені гэтае азначэнне носіць умоўны характар. Класіфікацыю рэактыўных знішчальнікаў па пакаленнях прыдумалі ў канцы мінулага стагоддзя. Адны лічаць, што тэрмін «знішчальнік пятага пакалення» вынайшлі ў 90-х гадах маркетолагі амерыканскай авіябудаўнічай кампаніі Lockheed Martin для новага (на той момант) самалёта F-22 Raptor — ім трэба было любой цаной даказаць вайскоўцам і ўраду, што знішчальнік рэзка адрозніваецца ад усіх папярэдніх, каб атрымаць на яго добрае фінансаванне.

Первый в мире самолет пятого поколения F-22 Raptor. Есть версия, что сам термин «пятое поколение» был придуман «под него». Фото: Master Sgt. Andy Dunaway, commons.wikimedia.org
Першы ў свеце самалёт пятага пакалення F-22 Raptor. Ёсць версія, што сам тэрмін «пятае пакаленне» быў прыдуманы «пад яго». Фота: Master Sgt. Andy Dunaway, commons.wikimedia.org

Паводле іншай версіі, тэрмін нарадзіўся ў Расіі для апісання знішчальніка МіГ 1.44 (так і не запушчанага ў серыю), таксама ў дзевяностых. Так ці інакш, цягам большай часткі перыяду існавання рэактыўнай авіяцыі ніякіх выразна акрэсленых першых, другіх і трэціх пакаленняў самалётаў не існавала, і іх адрозненні былі прыдуманыя постфактум, выключна каб параўноўваць з пятым пакаленнем (на карысць апошняга).

Калі моцна спрасціць, то знішчальнік пятага пакалення — гэта сучасны самалёт, які мае наступныя якасці:

  • умее біць як па паветраных, так і па наземных цэлях, у тым ліку падчас палёту на звышгукавых хуткасцях;
  • валодае стэлс-тэхналогіямі, або тэхналогіямі малапрыкметнасці. На практыцы гэта азначае, што самалёт бачны на радарах як вельмі маленькі аб’ект (па-навуковаму гэта называецца малой эфектыўнай плошчай рассейвання). Дасягаецца гэта з дапамогай спецыяльнага пакрыцця фюзеляжа, якое паглынальнае радыёхвалі, а таксама хаваннем зброі ў асаблівых унутраных адсеках (ніякіх ракет, эфектна падвешаных пад крыламі, як на больш ранніх самалётах, тут ужо няма). Гэта дазваляе літаральна «падкрадацца» да ворага ў небе, заўважаючы яго раней, чым ён выявіць пагрозу, і атакаваць са зручных пазіцый;
  • развівае так званы крэйсерскі звышгук — то-бок доўга падтрымлівае звышгукавую хуткасць (лётае хутчэй за 1225 кіламетраў у гадзіну), не пераводзячы пры гэтым рухавікі ў рэжым фарсажу. Гэта неабходна і для ўсё той жа малапрыкметнасці — фарсаж прыводзіць да з’яўлення распаленага выхлапу рухавікоў, пра што самалёт робіцца бачны ўсім вакол. А сам па сабе «крэйсерскі звышгук» дае знішчальніку магчымасць хутка збліжацца з праціўнікам для эфектыўнага знішчэння;
  • мае звышманеўранасць — гэта значыць захоўвае ўстойлівасць і добра кантралюецца пілотам падчас розных складаных манеўраў. На практыцы гэта значыць, што знішчальнік зможа выконваць галаваломныя трукі ў «сабачай калатні» блізкага бою, дзякуючы чаму рана ці позна здолее пераманеўраваць праціўніка, аказацца ў выгадным для сябе становішчы і нанесці смяротны ўдар. Улічваючы, што цяпер баі паміж знішчальнікамі праходзяць пераважна ў форме запуску дакладных дальнабойных ракет «паветра-паветра» з адлегласці ў дзясяткі кіламетраў, звышманеўранасць уяўляецца найменш актуальнай з усіх пераваг самалёта пятага пакалення. Затое гэта вельмі прыгожа выглядае на паказальных выступах — напрыклад, на відэа ніжэй прататып Су-57 выконвае складаны трук «Кобра Пугачова» на авіясалоне МАКС-2013.

Акрамя гэтых асноўных характарыстык пятаму пакаленню прыпісваюць часам некаторыя іншыя плюсы накшталт магчымасці кіраваць дронамі, лётаць у складзе «рою» і ператвараць сам самалёт у падабенства беспілотніка (калі большую частку працы пілота выконвае аўтаматыка) і гэтак далей. Аднак яны менш важныя, чым вышэйпералічаныя.

Серыйных знішчальнікаў пятага пакалення ў свеце ўсяго некалькі мадэляў: дзве ў ЗША (F-22 і тры версіі F-35; першых пабудавана 187, другіх — больш за 800), адна ў Кітая (Chengdu J-20, выпушчана 150 штук) і адна ў Расіі — ужо згаданы Су-57 з прыкладна дзясяткам пастаўленых у войска самалётаў. Большая частка авіяцыі найбуйнешых краін прадстаўленая больш раннім чацвёртым пакаленнем — да яго адносяцца ў тым ліку ўсе галоўныя знішчальнікі і перахопнікі ВКС Расіі (Су-27, МіГ-29, Су-30СМ, Су-34, Су-35, МіГ-31 і МіГ-35).

Як з’явіўся Су-57

Працы над новым знішчальнікам пачаліся яшчэ ў СССР у канцы сямідзясятых — тады пра «пятае пакаленне» ніхто не думаў, а будучы самалёт называўся проста ШФЗ (шматфункцыянальны знішчальнік). Прапаноўваліся розныя варыянты ад розных канструктарскіх бюро — і ў канцы 90-х (ужо ў постсавецкі час) перамогу атрымала КБ Сухога (самалёты «Су» розных мадэляў тады, як і сёння, складалі аснову ваеннай авіяцыі Расіі).

Праект новага знішчальніка называўся тады Т-50, і з 1999 года працы над ім актывізаваліся ў рамках новай праграмы з грувасткай назвай «Перспектыўны авіяцыйны комплекс франтавой авіяцыі» або ПАК ФА. У 2004 годзе быў гатовы макет, будаваць самалёт даверылі заводу ў Камсамольску-на-Амуры.

У паветра першы працоўны экзэмпляр Т-50 падняўся 29 студзеня 2010 года, за штурвалам быў знакаміты расійскі выпрабавальнік Сяргей Богдан (да гэтага ён пілатаваў амаль усе мадэлі вытворчасці КБ Сухога, уключаючы палубныя самалёты, якія саджаў на злашчасны авіяносец «Адмірал Кузняцоў»). У тым жа 2010 годзе Уладзімір Пуцін паабяцаў, што знішчальнік будзе эфектыўнейшы і ўтрая таннейшы за F-22.

Асаблівасцю самалёта стала тое, што ўжо на момант пачатку палётаў для яго планавалася стварэнне дзвюх сілавых установак. Спачатку на знішчальнікі ставілі ўжо наяўны «рухавік першага этапу» АЛ-41Ф1, з якім машыну трэба было выпрабоўваць і абсталёўваць ім першыя серыйныя экзэмпляры да сярэдзіны 20-х гадоў, потым — «рухавік другога этапу» (які яшчэ не вырабляецца серыйна, і невядома, ці будзе калі-небудзь вырабляцца).

У дзясятыя гады праводзіліся розныя выпрабаванні прататыпа Т-50: самалёт лётаў, з’яўляўся на авиясалонах, а ў 2017 годзе нарэшце атрымаў уласнае імя і стаў Су-57. У тым жа годзе, 5 снежня, самалёт упершыню паляцеў з «рухавіком другога этапу», прычым у літаральным сэнсе з адным рухавіком — у якасці другога стаяла больш старая сілавая ўстаноўка АЛ-41Ф1 (то-бок знішчальнік выпрабоўваўся з двума рознымі рухавікамі адначасова).

У 2018 годзе самалёт адправілі тэставаць на рэальную вайну ў Сірыю — ніякіх падрабязнасцяў таго, што менавіта знішчальнік там рабіў, не было, за выключэннем дзяжурных звестак пра выпрабаванне новых ракет і бомбаў і пра тое, што ўсё прайшло паспяхова. Праз год Су-57 зноў адправіліся на сірыйскую вайну, і ваеннае кіраўніцтва Расіі зноў без падрабязнасцяў заявіла, што ўсе выпрабаванні пройдзеныя паспяхова.

Су-57 в полете. Фото: Dmitry Zherdin, airliners.net, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Су-57 у палёце. Фота: Dmitry Zherdin, airliners.net, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

15 траўня 2019 года расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што да 2028 года ў войскі трапяць 76 адзінак Су-57, прывёўшы трохі дзіўнае з пункту гледжання арыфметыкі абгрунтаванне. Раней, паводле яго словаў, у войскі збіраліся паставіць усяго 16 машын, але потым кошт самалётаў і ўзбраення для іх удалося знізіць на 20%, і гэта дазволіла тут жа павялічыць колькасць знішчальнікаў да 76. У ліпені 2019 года з’явілася інфармацыя пра серыйную вытворчасць Су-57, а ў снежні падчас выпрабаванняў адзін са знішчальнікаў разбіўся. Усяго праз месяц у адстаўку быў адпраўлены дырэктар холдынгу «Сухой» (які займаецца вытворчасцю самалёта) Ігар Азар.

Характарыстыкі знішчальніка дакладна не вядомыя дагэтуль — хуткасць, максімальную ўзлётную масу і столь вышыні бессэнсоўна ацэньваць да гатоўнасці рухавіка, а наменклатура ўзбраення Су-57 падрабязна ніколі не агучвалася. Наколькі самалёт малапрыкметны, таксама не вядома — да прыкладу, на розных экзэмплярах адпрацоўвалася выкарыстанне ўзбраення, падвешанага пад крыламі (што супярэчыць самой ідэі стэлс-самалёта, які ўсю зброю мусіць мець ва ўнутраных адсеках).

Ці можа самалёт пятага пакалення змяніць сітуацыю на фронце?

Наўрад. Пытанне не ў тым, кепскі ці добры Су-57, лепшы ці горшы за амерыканскія знішчальнікі, мае рухавікі першага або другога этапу. Важней тое, што Расія ўжо давала справаздачу пра тое, што знішчальнік выкарыстоўваецца ў вайне ва Украіне. Інфармацыі пра гэта вобмаль. Да прыкладу, расійскі ваенны эксперт Сяргей Белавусаў сцвярджаў, што машына выкарыстоўваецца «як самалёт шостага пакалення», а яго тактыка не мае аналагаў у свеце.

А неназваная крыніца ТАСС расказвала, што знішчальнікі пятага пакалення пачалі выкарыстоўваць ужо праз два-тры тыдні пасля пачатку вайны. І — самае важнае — апісала іх тактыку. Паводле крыніцы, самалёты працуюць па-за зонай актыўнага паражэння сродкамі СПА праціўніка, ужываючы ракетнае ўзбраенне. То-бок паводзяць сябе роўна гэтак жа, як і ўся іншая, не такая прасунутая, авіяцыя Расіі (пра гэта мы падрабязна расказвалі раней). Знішчальнікі з памежна далёкіх дыстанцый выпускаюць дальнабойныя ракеты па загадзя названых аб’ектах (звычайна стацыянарных, бо танк у руху або HIMARS з сотні кіламетраў не пабіць), робячы ўсё, каб не трапіць пад удар украінскіх зенітна-ракетных комплексаў.

У такіх умовах ні «крэйсерскі звышгук» (калі ён ёсць), ні малая прыкметнасць, ні тым больш звышманеўранасць не патрэбныя: страляць ракетамі могуць больш старыя Су-35, Су-30 і нават зусім старажытныя Су-27. Таму пастаўка чатырох «безаналагавых» самалётаў па сутнасці аналагічная пастаўцы любых іншых чатырох знішчальнікаў.

Некаторыя расійскія СМІ наракаюць, што асаблівасць вайны ва Украіне заключаецца ў наяўнасці ва ўкраінцаў СПА (што для Расіі сапраўды стала выпадкам нетыповым: ні ў Сірыі, ні ў Прыднястроўі, ні ў Чачні ў праціўнікаў арміі РФ амаль ніякай СПА не было). Але сам факт таго, што стэлс-самалёт можа добра сябе праявіць толькі тады, калі ў праціўніка практычна няма супрацьпаветранай абароны, прымушае задумацца, ці такі ён добры ў прынцыпе.