У лістападзе байцы 155-й брыгады марской пяхоты пажаліліся губернатару Прымор’я Алегу Кажамяку на вялікія страты, якія падраздзяленне нясе ў баях на поўдні Данецкай вобласці. Аўтары звароту расказалі, што праз непрадуманыя пастановы камандавання страцілі 300 чалавек за чатыры дні наступу. Губернатар спачатку заявіў, што паведамленні пра страты могуць аказацца «ўкідам з боку ўкраінцаў», а потым — што колькасць стратаў «перабольшаная». «Сибирь.Реалии» пагаварылі са сваякамі і сябрамі марпехаў, большасць з якіх не выходзіць на сувязь з канца кастрычніка.
Зварот да Алега Кажамякі ад імені байцоў 155-й брыгады марской пяхоты 6 кастрычніка апублікаваў тэлеграм-канал Grey Zone, блізкі да Мінабароны і так званай ПВК Вагнера. Пазней яго распаўсюдзілі некаторыя прарасійскія ваенкары, напрыклад, Аляксандр Сладкоў. У тэксце гаварылася, што байцоў прымусілі наступаць на вёску Паўлаўка пад Вуглядарам «генерал Мурадаў і яго карафан зямляк Ахмедаў», нібыта таму, што Мурадаву за ўзяцце населенага пункта ў Генштабе абяцалі званне Героя Расіі. Марпехі сцвярджаюць, што за чатыры дні наступлення страцілі 300 байцоў і прыкладна палову тэхнікі, аднак камандаванне хавае лічбы, баючыся адказнасці. Байцы 155-й брыгады папрасілі адправіць «незалежную камісію», якая расследуе дзеянні камандзіраў.
Алег Кажамяка паабяцаў звярнуцца ў ваенную пракуратуру, аднак не выключыў, што ліст можа быць «укідам» украінскіх спецслужбаў. Пазней губернатар заявіў, што звязаўся з адным з «баявых камандзіраў», якія знаходзяцца пад Паўлаўкай. Той нібыта паведаміў, што «страты прыморцаў значна перабольшаныя». 8 лістапада Кажамяка апублікаваў некалькі зваротаў ад байцоў 155-й брыгады, якія, з ягоных словаў, знаходзяцца на лініі фронту. Яны заявілі, што, нягледзячы на страты, падраздзяленне «працягвае прасоўвацца».
Жыхар Прыморскага краю Руслан у канцы верасня праводзіў на фронт сябра Андрэя, які трапіў пад мабілізацыю. Паводле словаў Руслана, апошнім часам яны рэдка бачыліся, бо Андрэй з сям’ёй жыве ва Уладзівастоку, а Руслан — у іншым горадзе за 40 км ад сталіцы краю. Аднак сябры часта стэлефаноўваліся і, аказаўшыся ў войску, Андрэй працягваў пісаць і тэлефанаваць аднаму.
— Напэўна, праз пару дзён пасля таго, як аб’явілі мабілізацыю, мы з сябрамі пачалі перазвоньвацца — атрымаў, не атрымаў позву, — расказвае Руслан. — Ён мне патэлефанаваў і кажа: я атрымаў позву. Я пытаюся: а як менавіта атрымаў? Ён адказвае, маўляў, прыйшоў дадому, яна ў паштовай скрыні ляжыць. Я яму сказаў: «Братан, табе гэта навошта ўсё? Выкінь яе і спакойна жыві далей. Ты за яе нават не распісаўся, а значыць — у вочы не бачыў». Ён машыну толькі што ўзяў у крэдыт з Японіі без прабегу… Двое дзяцей у іх маленькіх. На наступны дзень тэлефаную, каб даведацца, што ён зрабіў наогул, ці паехаў у ваенкамат. Аказалася, што паехаў, і яго з ваенкамата нават дадому ні разу не адпусцілі потым, уяўляеце? Забралі. Яны адразу паехалі вось у гэтую марпехаўскую частку, якая ў нас тут пад Уладзівастокам. А потым іх закінулі «ў палі»: на палігон у Сяргееўку, гэта таксама тут побач. І пачалі іх паволі адпраўляць туды на захад, спачатку ў Растоў, а потым кудысьці на 600 км ад Растова, але таксама на тэрыторыі Расіі. Потым ён на тыдзень, напэўна, знік, а пасля пачаў дасылаць ужо з Украіны фота, відэа, галасавыя.
Са словаў Руслана, Андрэя адправілі ў 155-ю брыгаду, хоць ён служыў тэрміновую службу ў танкавых войсках і баявога досведуне меў. У канцы кастрычніка ён пачаў дасылаць сябру паведамленні, якія палохалі Руслана: расказваў пра страты, якія нясе падраздзяленне пад агнём праціўніка.
— Яго апошняе галасавое паведамленне мяне збянтэжыла. Я яго ведаю вельмі шмат гадоў. І апошні раз у яго быў такі голас, калі мама ў яго памерла. Гэта хлопец заўсёды вясёлы, пазітыўны. Я яго ведаю! Значыць, там жэсць адбывалася. Паніка нейкая ў голасе. Казаў, што бамбяць іх, хлопцы, з кім прыехалі, ужо загінулі. Як я зразумеў, яны былі спачатку ў Валнавасе, а потым ужо іх кінулі пад Вуглядар. У канцы кастрычніка ён мне гэта расказаў, а ў суботу, 5 лістапада, таксама пісаў, казаў, што тэрмінова трэба 10 000 рублёў. Навошта, не патлумачыў. З таго часу з ім сувязі няма.
Сябар скінуў Руслану галасавое паведамленне (ёсць у распараджэнні рэдакцыі): «Руся, тут палева яб… е. Мы пад такі абстрэл патрапілі, столькі трупаў… людзей на дзве часткі разрывала каля мяне. Руся, гэта проста а… ць, я ў такой срацы… Тут горш за пекла». Акрамя таго, Андрэй даслаў відэа, дзе байцы дзяліліся ўражаннямі пасля мінамётнага абстрэлу. Жонка Андрэя пацвердзіла «Сибирь.Реалиям», што муж знаходзіцца ў раёне Павлаўкі, аднак адмовілася ад інтэрв'ю.
— Андрэй даслаў відэа, якому я спачатку не надаў значэння, — кажа Руслан. — Відаць, што там яны бухія, абмяркоўваюць нейкія мінамётныя абстрэлы, хто жывы, а хто — не. Вось там відаць, якія там марпехі. Проста мужыкі-рабацягі. Усе думаюць, марпехі — гэта спецназ нейкі элітны, а там звычайныя мужыкі. Андруха жа просты сантэхнік, тэрміноўка за плячыма. І там акрамя яго такіх шмат, ну нейкая частка — дакладна. Я нават знаёмым паказваў гэта відэа, усе кажуць, што гэтыя байцы быццам апошні раз сядзяць, выпіваюць. Відаць, што яны зламаныя. Андруха вернецца цяпер ці не — незразумела.
«Камандзіра ў вочы не бачылі»
У канцы сакавіка Уладзімір Пуцін прысвоіў 155-й брыгадзе марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту званне гвардзейскай. У той час украінскі бок паведамляў пра значныя страты, якія брыгада панесла ў першы месяц вайны і была «фактычна знішчаная». Мінабароны стратаў не пацвердзіла, аднак ужо вясной брыгаду пачалі часткова камплектаваць за кошт добраахвотнікаў, а ў верасні — за кошт мабілізаваных. Журналісты «Сибирь.Реалии» пагаварылі са сваякамі прыкладна 30 жыхароў Прымор’я і Магадана, якія ваююць ва Украіне, і ва ўсіх выпадках іх забіралі на фронт падчас мабілізацыі.
— Вядома, там ёсць нейкі касцяк з прафесіяналаў, але, як я зразумела, 70−80% пад Паўлаўкай — гэта мабілізаваныя, якія пайшлі ў войска месяц таму, — расказала сваячка аднаго з вайскоўцаў.
Пры гэтым страты на поўдні Данбаса нясуць не толькі байцы 155-й брыгады, але і іншыя падраздзяленні, якія вядуць наступ у раёне Вуглядара. Паводдле словаў Святланы Цялегінай, яе брата мабілізавалі 25 верасня ў Дальнягорску Прыморскага краю і фактычна адразу адправілі на Данбас.
— Ён цяпер у артылерыі, — кажа Святлана. — Сітуацыя там сумная. Яны ў вочы не бачылі камандзіра наогул. Больш за месяц не мыліся, не пераапраналіся. Бялізна ўжо пакрытая коркай. Пахаладала, але цёплай вопраткі не выдаюць. Бывае, сядзяць без вады і ежы суткі з паловай. Сядзяць у акопах, перамяшчаюцца начамі толькі. Няма магчымасці нават кіпень зрабіць. Пастаянныя абстрэлы з боку праціўніка і страты, вядома ж, кожны дзень.
У Магадан з моманту пачатку наступу на Паўлаўку прыйшло не менш за шэсць «пахаванак». Мабілізаваных з Калымы адпраўлялі ва Уладзівасток, дзе яны далучыліся да марпехаў, хоць тэрміновую службу праходзілі па іншых спецыяльнасцях. З канца кастрычніка большая частка байцоў перастала выходзіць на сувязь, таму сваякі не могуць даведацца, жывыя яны ці не.
— У мяне там сын, Андрэй, — расказвае Нэлі Зіміна з Магадана. — Ён цывільны, мабілізаваны, 27 верасня яго забралі. Ён і да гэтага мала што паведамляў, увесь у тату — маўчун. А апошнія два тыдні наогул няма сувязі з імі. Сядзім у поўнай невядомасці.
— Кожны дзень мы вар’яцеем, — кажа жонка мабілізаванага Наталля. — Іх забралі без баявога досведу, у самае пекла па сутнасці. Але самае забойчае ў гэтай сітуацыі — невядомасць. Ён з 28 кастрычніка не на сувязі. Я проста не ведаю, што думаць, калі чытаю чаты сваякоў… там чуткі розныя: аднаму нагу адарвала, у іншага апёк 80%, трэці ў шпіталі з асколкам. А я пра свайго не магу даведацца. Знаёмая датэлефанавалася на гарачую лінію Мінабароны, ёй сказалі — у страі. А мне кажуць — пачакайце, выйдзе на сувязь. Тэлевізар гляджу, раптам яго пакажуць. Сэрца разрываецца, шчыра скажу… пахаванкі ідуць, і незразумела — хто наступны. Прычым я не разумею аднаго: ну, здымаюць жа ўсякія відэа адтуль, звароты, баявых дзеянняў кадры нават можна знайсці. Няўжо нельга байцам эсэмэску родным скінуць? Але, кажуць, тэлефоны ў іх забралі, таму што па іх варожая артылерыя можа адсачыць. Тады наогул усе загінуць адразу.
«Патрэбнае новае мяса»
Мінабароны Расіі заявіла, што страты марпехаў пад Вуглядарам «не перавышаюць 1% баявога складу і 7% параненымі, значная частка якіх ужо вярнулася ў строй», аднак не назвала дакладнай колькасці загінулых. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама звярнуў увагу, што расійскія ўлады толкам не паведамляюць пра страты падчас штурму Паўлаўкі.
— Губернатар гэты, таварыш Кажамяка, у адказ прадказальна схлусіў: кажа, што страты «далёка не такія». Вось «не такія»… а якія? Ад Уладзівастока да Паўлаўкі Данецкай вобласці больш за 9 тысяч кіламетраў. Але ён упэўнены, што страты «не такія». Губернатару, напэўна, адтуль лепш відаць, як і колькі адпраўляюць на забой вайскоўцаў з яго рэгіёна. Ці яму проста загадалі хлусіць. Загадалі з Масквы. Нават целы большасці з гэтых забітых у які-небудзь Уладзівасток не прывязуць, але я ўпэўнены, што губернатар Кажамяка выйдзе і растлумачыць, чаму не ўсе даехалі і не ўсе вярнуліся з тых «не такіх», — сказаў Зяленскі, удакладніўшы, што ў Данецкай вобласці «зямля перад украінскімі пазіцыямі літаральна заваленая целам акупантаў».
Інфармацыя пра сітуацыю на паўднёва-данецкім фронце супярэчлівая. Расійскія ваенкары паведамляюць, што Расія ўзяла Паўлаўку пад кантроль. У тэлеграм-каналах з’явілася фатаграфія расійскага сцяга на адным з прыватных дамоў на поўдні вёскі. Пры гэтым 2 лістапада прарасійскі ваенкар Аляксей Суконкін напісаў, што за два дні штурму Паўлаўкі марскія пяхотнікі страцілі забітымі больш, чым у першую чачэнскую кампанію.
Афіцыйна ні адзін, ні другі бок узяцця Паўлаўкі не пацвердзіў. Больш за тое, дарадца офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў, што ўкраінцы змаглі зайсці ў тыл расійскім войскам, атрымаўшы магчымасць абстрэльваць Валнаваху — важны чыгуначны вузел для забеспячэння ўсёй паўднёвай групоўкі расіян.
«Я сцвярджаю, што няўдача ў Паўлаўцы была апошняй кропляй для адводу войскаў з Херсона. Крымскі мост не працуе, а няўдача пад Паўлаўкай паказвае, што чыгуначную лінію забеспячэння ўкраінцы будуць перарываць», — сказаў Арастовіч.
Сваякі мабілізаваных пра сітуацыю на фронце ведаюць мала. У прыморскіх і магаданскіх чатах абмяркоўваюць новыя адпраўкі мабілізаваных у Растоў, а затым — ва Украіну.
— Можа быць, вы мне растлумачыце, навошта вось гэта ўсё? — кажа Руслан. — Не ведаю, як у іншых рэгіёнах, але нам на Далёкім Усходзе гэтая Украіна не патрэбная. Навошта дзеда Вова туды палез? Нам што, хтосьці пагражаў? Ну, калі б Украіна напала — іншая рэч. Тады б ніхто не хаваўся ад мабілізацыі, а цяпер што? Усе ж хаваюцца. Мне вось 27 гадоў, у мяне толькі жыццё пачало наладжвацца. Былі складаныя перыяды: развод, даўгі, крэдыты, працы не было. Цяпер усё ў парадку больш-менш. І што, я павінен туды ісці незразумела за каго? Я позву нейкім цудам не атрымаў гэтым разам. У нас у Прымор'і проста даішнікі тармазілі ўсіх запар і позвы ўручалі: дзеці — не дзеці, інвалід — не інвалід, іх наогул не цікавіла. Мужчынскага полу — атрымай позву. Столькі народу забралі ў першыя дні… я некалькі разоў міма праязджаў, калі іх везлі. Бабы плачуць, дзеці плачуць… наколькі я разумею, кантрактнікі там ужо скончыліся. Патрэбнае новае мяса.