У Забайкаллі ў кастрычніку ўрачыста пахавалі 20-гадовага танкіста з пасёлка Какуй Вячаслава Цебянькова. Пахаванне прайшло 8 кастрычніка, а загінуў ён амаль за паўгода да гэтага — 26 красавіка. Увесь гэты час сям’я спадзявалася на тое, што ён жывы. Яго маці з малодшым сынам-інвалідам на руках не атрымлівала ні пацверджання пра смерць Вячаслава, ні выплат па яго кантракце, расказвае «Сибирь.Реалии».
У падобным становішчы аказаліся многія сем'і зніклых без вестак вайскоўцаў. Некаторыя з іх дагэтуль не ведаюць, што здарылася з сынамі і мужамі, якія ў адзін дзень проста перасталі выходзіць на сувязь.
«Я кажу: «Сын, звальняйся!»
Хавалі Вячаслава Цебянькова ў пасёлку Какуй у Забайкаллі. Тут ён нарадзіўся, скончыў дзевяць класаў мясцовай пасялковай школы, вучыўся на трактарыста ў прафвучылішчы. У 18 гадоў Цебянькова прызвалі ў войска на тэрміновую службу ў Забайкальскім горадзе Борзі, там жа ён падпісаў кантракт.
— Брат быў заўсёды вясёлым, ніколі не бачыў, каб ён сумаваў. З ім заўсёды было цікава, ён любіў матацыклы. Часта сядзеў з ім у гаражы, калі ён рамантаваў свой матацыкл, — ад яго я шмат чаго даведаўся пра тэхніку, — успамінае яго малодшы стрыечны брат Мікалай Судакоў. — Слава займаўся спортам, паўэрліфтынгам, шмат медалёў прывозіў. З 8-га ці 7-га класа дзесьці займаўся, стаў майстрам спорту. Але ездзіць на спаборніцтвы даўжэй не змог — на гэта грошы патрэбныя, а яму, наадварот, трэба было ўжо іх атрымліваць, а не траціць. Сям'і дапамагаць.
Паводле словаў Цебяньковых, у ПТВ Слава вучыўся добра, але ў выніку атрымаў толькі даведку пра тое, што скончыў 10-ы і 11-ы класы.
— Прафесійнае вучылішча ён не скончыў праз каранавірус. Яны ўвялі дыстанцыйнае навучанне. Але потым праз адсутнасць практыкі выдалі ўсім ім вось такія паперкі, — кажа Судакоў. — Інакш быў бы трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці. Я не кажу, што ў гэтым выпадку ён пайшоў бы працаваць у полі і застаўся б жывы. Не думаю. Разумееце, тут [у Какуі] нармальнай працы няма, каб рэальна дапамагаць маме і малодшаму брату з інваліднасцю, трэба ісці ў войска. Вось ён і пайшоў. І калі служыў, казаў, што потым пойдзе па кантракце служыць. Не тое каб у захапленні быў, але гэта хоць нейкі выхад быў.
Маці загінулага Наталля Цебянькова кажа, што ў вёсцы так павялося — хлопцы вучацца ў ПТВ да паўналецця і потым ідуць у войска, а затым — на кантракт.
— У нас у Какуі (6 тысяч жыхароў — СР) больш няма дзе і вучыцца. Потым з Борзі яго ў Пясчанку забралі як танкіста. Я не ўпэўненая, не ведаю, ці вучылі яго на танкіста. У тэрміновай арміі, здаецца, не. Не ведаю, чаму танкістам паставілі — можа быць, праз тое, што ў ПТВ на трактарыста вучыўся?
— Але гэта ж не адно і тое ж — танкіст і трактарыст…
— Дык я разумею. Калі ён ужо нават ва Украіне быў, я кажу: «Сын, звальняйся». Ён кажа: «У нас усе тут валам звальняюцца». Я: «Дык ты таксама звальняйся». — «Не, мама, я так не магу, гэта значыць, я астатніх тут адных кіну».
У выніку нас кінуў. Цяпер засталіся ад яго адныя граматы, медалі. Больш нічога не засталося.
Калі ён кантракт заключыў, але вайны не было яшчэ, я да яго на суткі з’ездзіла. Ён мне: «Мама, мы паедзем на вучэнні ў Беларусь, атрымліваць званні». Потым пачалася вайна. Потым мы яго згубілі на месяц, усюды трывогу білі, маўчанне. У Маскву тэлефанавалі, у Мінабароны: «Чакайце, выйдзе на сувязь». Потым ён выйшаў на сувязь, сказаў: «Вайна, мама. На сувязь не выходжу».
Апошняя размова ў нас з ім была 19 красавіка. «Мама, не губляй, я на сувязь выйду». А 26 красавіка ён загінуў.
— Чаму так позна прайшло пахаванне? Ён жа загінуў яшчэ ў красавіку.
— Нам сказалі так: «Іх целы сабралі [украінскія салдаты] і закапалі». Маўляў, дагэтуль яшчэ абмен целамі ідзе.
— Значыць, вы цела атрымалі толькі ў кастрычніку?
— Так. Адбыўся абмен, я атрымала цела ў кастрычніку.
— А паведамілі пра смерць калі?
— Афіцыйна ў жніўні. А чуткі дайшлі дзесьці ў траўні. Вайскоўцы, хто з ім служыў, забілі трывогу яшчэ ў траўні. Расказалі, што з танка не маглі выдраць яго, асколак у галаву прыляцеў яму, у брыво. Максім, яго калега, прыязджаў, ён на тым жа полі бою, дзе Славу забілі, быў паранены. Ішоў бой, нашых салдат кучу параніла, проста некалькі чалавек ляжалі на полі, ён сваім БМП іх закры, то-бок праехаў перад імі і закрыў ад агню. А калі выглянуў, каб не наехаць, яму асколак прыляцеў проста ў галаву. Восем чалавек адтуль выжыла, восем чалавек прыязджала на пахаванне да яго, расказалі ўсё.
Але ў траўні гэта не было дакладна вядома. Мы думалі, можа, у выніку ў палон трапіў? Яны ж яго параненага не змаглі выцягнуць з машыны, ён яшчэ жывы быў, калі адыходзілі.
На пахаванні сябры яго расказвалі, высокі такі хлапчук, імя не памятаю: «Я асабіста перавязваў яго [у БМП], паставіў яму ўкол». Выцягнуць спрабавалі: адзін хлопчык пачаў, яго снайпер застрэліў, другога таксама падстрэлілі. У БМП зад ужо гарэў, двое астатніх збіралі па полі параненых, а адзін адстрэльваўся. З таго ж БМП хлопчык, стралок, калі вярнуўся ў Забайкалле, адразу сказаў, што Славу не ўратаваць было. Але ён кантужаны, спісаны, мы падумалі: «Кантужанаму верыць?» Не паверылі. І не хацелася, вядома. Раз афіцыйна не загінуў, значыць, чакаем.
Па целы і некаторых параненых, кажуць, вярнуцца не маглі, таму што гэтае месца, дзе бой быў, ужо ўкраінцы занялі. Яны сабралі нашых параненых і трупы, павезлі.
Атрымліваецца, ён месяц на танку праездзіў, яго падбілі. І тады яго перасадзілі на БМП, пяхоту вазіць.
— Чаму на іншы танк не пасадзілі?
— Не ведаю. Не было іншага. Калі перавялі на БМП, ён гэтак жа вёў калону — самая першая БМП са сцягам ягоная была.
Мы ўсё спадзяваліся-спадзяваліся. Тэлефанавалі вайскоўцам у Маскву, у Борзю. У канцы траўня нас з бацькам узялі на ДНК-экспертызу. Ужо чуткі ішлі, што ён загінуў. Адзін маці патэлефанаваў, кажа: «Слаўка загінуў, такі пацан добры». Але мы ўсё думалі, гэта плёткі, чуткі, што ён згарэў у БМП, неафіцыйна. Тым больш па ДНК-экспертызе цішыня: «Няма цела — няма справы».
Толькі ў жніўні нам сказалі, што ўсё, дакладна загінуў, цела хутка абмяняюць. Бацька як пачуў, так і памёр 2 жніўня. Я наогул засталася адна з дзіцем. Бацька не перажыў гэтага, і я ў бальніцы месяц праляжала.
— Вы засталіся ў выніку адна з дзіцем-інвалідам?
— Так, у малодшага сына эпілепсія, яму 12 гадоў. Дачка толькі ў трэці клас пайшла. Нам паабяцалі 7 мільёнаў рублёў выплаціць, але грошы — гэта справа такая, яны заўсёды заканчваюцца. Мне лепш сына жывым. Страшна, вядома, без падтрымкі так вось застацца.
Старэйшы сын у мяне ў суседняй вёсцы жыве. Але прасіць дапамогі не магу. У яго сваіх дзяцей чацвёра, яму самому хто б дапамог. А цяпер яшчэ і яму прыйшла позва. У трэцюю хвалю, кажуць, яго таксама забяруць.
У нас тут шмат хто хворы-кульгавы трапіў [пад мабілізацыю]. У кожнай вёсцы па палове мужыкоў выкасілі.
— Вы не збіраецеся з’язджаць з вёскі ў горад? У Чыту, напрыклад?
— Не, куды я мужа і сына кіну? Тут хоць на могілкі хаджу. Ляжаць яны разам з бацькам. Бацьку пахавалі, я толькі 40 дзён адвяла бацьку, Слаўку прывезлі. Бацьку таксама звалі Вячаслаў.
«Адна хлусня»
У сібірскіх рэгіёнах на сёння вядома як мінімум пра чатыры выпадкі, калі родныя каля паўгода не маглі атрымаць інфармацыю пра тое, дзе і ў якім стане знаходзіцца іх вайсковец.
Так, у вёсцы Козіна Новасібірскай вобласці 12 верасня пахавалі Ягора Герлинга, які загінуў яшчэ 31 сакавіка.
Старшы механік-кіроўца, 26-гадовы Віктар Утарушын з бурацкай вёскі Ілька загінуў ва Украіне 30 сакавіка, а пахавалі яго амаль праз тры месяцы — 21 чэрвеня.
22 чэрвеня ў вёсцы Белае прайшло пахаванне 25-гадовага матроса Максіма Мельніка, які загінуў яшчэ 6 сакавіка.
Яшчэ больш сем’яў вайскоўцаў, якія паўгода і даўжэй наогул не ведаюць, дзе знаходзяцца іх родныя. У Мінабароны ім адказваюць адно — «лічыцца зніклым без вестак».
Больш за паўгода Анжаліка Талмачова спрабуе знайсці свайго адзінага сына Арцёма. Ён з’ехаў у сваю частку пад Санкт-Пецярбургам, дзе служыў па кантракце, у канцы лютага. З тых часоў маці не ведае, жывы Арцём або не.
Апошнія некалькі месяцаў яе жыцця выглядаюць так: праца дапазна і бясконцыя перапіскі з Мінабароны і пракуратурай. Сем месяцаў таму Арцём прыязджаў у адпачынак у Цюмень, а потым вярнуўся ў сваю частку пад Санкт-Пецярбургам, да заканчэння кантракта яму заставалася некалькі дзён — 2 сакавіка ён хацеў скончыць службу ў войску. 23 лютага ён патэлефанаваў маме і папярэдзіў, што едзе на вучэнні ў Курск і хутка вернецца. І знік.
Мінабароны лічыць яго зніклым без вестак, адзіны сведка кажа, што Арцём трапіў пад абстрэл, але ці загінуў ён тады — невядома. Ваенкам пецярбургскай часікі, па словах Анжалікі, здзекліва адказвае: «Ён пайшоў не туды, куды трэба. Можа быць, і туды, куды трэба». Яго калегі і камандзір кажуць маці, што не ведаюць, куды адправілі Арцёма ў дзень яго знікнення.
Восем гадоў таму Талмачова разам з сынам і дачкой пераехалі з роднага Енакіева Данецкай вобласці ў Цюмень. Арцёму тады споўнілася 16 гадоў. Анжаліка прызнаецца, што сумуе па радзіме, але пад абстрэламі было страшна. Сын пасля 9-га класа спачатку вучыўся ў каледжы, потым яго забралі ў войска.
— Ён пайшоў на тэрміновую службу. Яшчэ з цягніка тэлефанаваў мне і казаў: «Нас там угаворваюць застацца па кантракце. Кажуць, што гэта прасоўванне, так будзе лепш». У выніку ў 2020 годзе ён адразу на два гады яго [кантракт] падпісаў. У Сірыі Арцём быў паўгода. Я ўсё пыталася: «Што ты там забыў? Гэта страшна!» Ён мне адтуль пастаянна тэлефанаваў. Я неяк супакоілася і прывыкла да яго пастаянных камандзіровак. А потым 18 лютага дзіця выйшла на сувязь апошні раз.
Прычым пасля Сірыі Арцёму далі адпачынак на месяц, ён хацеў адгуляць перад звальненнем. Але калі прыехаў у частку, месячны адпачынак яму ніхто не падпісаў. Ён вырваўся толькі на два тыдні, але моцна не перажываў, таму што кантракт заканчваўся, і ён быў упэўнены, што хутка вернецца дадому.
Але праз некаторы час ён мне тэлефануе і кажа: «Нас адпраўляюць у Курск на вучэнні. 2 сакавіка ўжо буду дома. Камандзір аддаў загад, не маю права не паслухацца». Патлумачыў, што трэба выгружаць тэхніку (разам з тэхнікай яны паехалі). Я яшчэ тады здзівілася, таму што яны ніколі не выязджалі ўсёй часткай.
За шэсць дзён да вайны патэлефанаваў. Я спытала: «Калі збіраешся дадому?» Ён адказаў, што праз тры дні. Але больш я яго не чула, — кажа Анжаліка і пачынае плакаць. — Я спрабавала датэлефанавацца, але тэлефон увесь час быў выключаны. Праз 17 дзён дачцэ напісаў «ВКонтакте» калега Арцёма Кірыл. 7 сакавіка ён спытаў у Лізы: «Вы, што, дагэтуль нічога не ведаеце пра яго?» Адразу зразумелі, што нешта не так, і Кірыл расказаў, што яны заехалі ва Украіну, каб там паставіць блокпост. Але там стаяў ужо ўкраінскі блокпост. Са словаў Кірыла, іх тэхніку падбілі. Калі яны ўсе вылезлі з танкаў, камандзір адправіў на разведку майго сына Арцёма і яшчэ двух чалавек. У гэты час пачаўся артылерыйскі абстрэл. Арцём ляжаў тварам уніз, але крыві не было. Арцёма і іншых, хто ўпаў пад абстрэлам, па словах Кірыла, пакінулі там жа. Выжылыя пайшлі пешшу ў Расію: ішлі чатыры дні, па дарозе елі снег і ягады.
Пагаварыўшы з Кірылам, Анжаліка датэлефанавалася да камандзіра сына.
— Ён паведаміў, што месца, дзе быў Арцём, абстралялі з мінамёта. Мы спярша спадзяваліся, што, можа быць, яго паднялі, забралі. Можа, ён у шпіталі недзе? Але адзін з камандзіраў вярнуўся ў Расію з тэрміновай службы, і ён сказаў, што Арцём «без вестак знік». Я спытала: «А як гэта магчыма? Чаму яго не забралі?» Ён адказаў, каб мы «перыядычна тэлефанавалі і даведваліся». Я тэлефанавала і даведвалася. Мне адказвалі так: «Ваш сын лічыцца зніклым без вестак. Ён пайшоў не туды, куды трэба. А можа быць, і туды, куды трэба. Ён адстаў ад групы. Больш нічога пра яго ніхто не чуў. Паводле некаторых дадзеных, туды, куды ён пайшоў, стралялі з мінамёта». Вось так. Вы як думаеце, што гэта за адказы? Я думаю, гэта здзек нейкі.
8 траўня тэлефон Арцёма раптам уключыўся, і прыйшло паведамленне «абанент у сетцы».
— Першай патэлефанавала дачка. Слухаўку ўзялі, але маўчалі. Я пачала набіраць, але тэлефон ужо выключылі. Потым дачка мне кажа: «Мама, выдалілі старонку Арцёмкі ў «ВК». А толькі мы ведалі, што гэта яго старонка — у войску нельга старонкі ў сацсетках мець, таму Арцём пад бабуліным прозвішчам завёў. Але цяпер «старонка выдаленая ўладальнікам». Як такое магчыма?
Потым дачцэ напісала незнаёмка, прадставілася валанцёркай з Украіны і паведаміла, што цела вайскоўца нібыта спалілі, каб не выплачваць кампенсацыю. Хто спаліў, яна не ўдакладніла. Яна адправіла фота пашпарта Арцёма, яго правы і жэтон. Гэта дакладна яго дакументы былі. На ўсе пытанні адказала, што дакументы «далі на Украіне». Потым яна выдаліла сваю старонку і на сувязь больш не выходзіла.
Анжаліка пісала заяву ў паліцыю на пошук сына, мноства разоў была ў ваенкамаце. Без выніку.
— Калі першы калега Арцёма напісаў, я ў ваенкамат пабегла: «Зрабіце запыт у частку. Дзе маё дзіця знаходзіцца?» Зрабілі. 15 сакавіка прыйшоў адказ: «Ён на спецаперацыі». Яшчэ не быў без вестак зніклым. Як такое магчыма? Кажу: «Вы не адказваеце за сваіх салдат наогул? Паўгода ў вас няма хлопцаў. Ніхто за гэта адказнасці не нясе!»
— Я ўжо 7 месяцаў не жыву ў гэтых паперках па вушы, — кажа Анжаліка і пералічвае: — Ліст у Генпракуратуру, ваенную паліцыю, Мінабароны, упаўнаважанаму па правах чалавека ў Расіі, міністру абароны Шайгу, прэзідэнту Расіі, кіраўніку ДНР Пушыліну. Адказалі ўсюды, але паўсюль адпіскі. То пішуць: «Шукаем», то: «Спачуваем, але цела няма» (гэта Міністэрства абароны). У Мінабароны я тэлефанавала амаль кожны дзень, потым яны мой і даччын тэлефоны заблакавалі, скідаліся званкі — датэлефанавалася з суседчынага.
Упаўнаважаны па правах чалавека ў Цюменскай вобласці пацвердзіў, што Арцём лічыцца зніклым без вестак. Аднак яшчэ 13 ліпеня ў Мінабароны Анжаліцы адказалі так: «Пры апазнанні цела (рэшткаў) вы будзеце праінфармаваныя. Выказваем спачуванні».
У ваеннай пракуратуры Выбаргскага гарнізона адзначылі, што кантракт Арцёма мусіў скончыцца яшчэ 1 сакавіка, але з рапартам аб падаўжэнні вайсковец не звяртаўся. Там напісалі, што з Узброеных сіл малады чалавек яшчэ не звольнены, а са спісаў часткі яго не выключылі.
— Яны назвалі гэта п"арушэннем закона», то-бок пацвердзілі, што камандзір не меў права адпраўляць Арцёма на спецаперацыю. Які вынік? «У сувязі з выяўленымі парушэннямі ў адрас камандзіра вайсковай часткі вынесенае прадстаўленне аб ліквідацыі парушэнняў закона». Так напісаў старшы памочнік ваеннага пракурора Выбаргскага гарнізона.
Падчас пошукаў сына Анжаліка пазнаёмілася з цэлай групай салдацкіх маці. Такіх, як яна, дзясяткі.
— Раскіданыя па ўсіх гарадах. Да прыкладу, Каншу, маці іншага зніклага салдата, з Омска, я з Цюмені, яшчэ адна з Далёкага Усходу. Цяпер мы з Каншу едзем у Пецярбург. Таму што ну колькі чакаць — хутка зіма, я потым наогул нідзе дзіцяці не знайду. Хацелі калектыўна сабрацца і паехаць туды, дзе прэзідэнт сядзіць. Сабралася нас чалавек 15.
Што крыўдна — нас тут нядаўна фэйкамі назвалі, я сяджу на працы, а дзяўчаты [маці іншых зніклых вайскоўцаў] пішуць: «Нас паказалі па тэлевізары! Сказалі, што мы, маці, фэйкі! Маўляў, Украіна хоча, каб тут усе паўсталі». Дзяўчаты напісалі гэтаму вайскоўцу, маўляў, а чаму гэта мы фэйкі. Тыя адказалі: «У вас украінская гаворка». Ну і што? Тут вельмі шмат украінцаў. А тыя, хто жыве побач з Растовам? У іх такая ж гаворка.
Я пасля гэтага тэлевізар перастала глядзець зусім. Адна хлусня. Я спытаць хачу: «Чаму вы, ідучы туды, падманам пасылаеце хлопцаў, якія нічога не ведаюць? Гэта што за афіцэры, якія носяць пагоны і так ставяцца да сваіх супрацоўнікаў і да іх бацькоў?»
«На пацвярджэнне статусу могуць пайсці гады»
З юрыдычнага пункту гледжання статус «без вестак адсутны» карэктнейшы, чым «без вестак зніклы», заўважае юрыст, які спецыялізуецца на ваенным праве, Аляксей Сямёнаў. Але любая з фармулёвак мусіць быць зафіксаваная судом.
— Толькі пры наяўнасці рашэння суда статус «зніклага» або «адсутнага» ўскладае на дзяржаву адказнасць за яго знікненне, а сваякам дае права на выплаты. Але прызнаць чалавека без вестак адсутным суд можа толькі па заканчэнні года пасля апошніх вестак пра чалавека, — тлумачыць юрыст. — Усё астатняе, уключаючы пацверджанне статусу ў Мінабароны, нефармальнае: дзе вайсковец — невядома, ён «без вестак адсутны». Пайсці на гэта могуць гады. На практыцы звычайная справа, калі сваякі два гады ходзяць па судах, каб атрымаць пасведчанне аб смерці. Толькі пасля атрымання гэтага дакумента яны маюць права на ўсе выплаты. Аднаразовая выплата, страхавая — у суме гэта цяпер каля 7,5 мільёнаў рублёў.
Ацаніць колькасць «адсутных» салдат эксперты не бяруцца. Юрыдычнае бюро Аляксея Сямёнава з канца лютага сутыкнулася з ростам колькасці зваротаў у 10 (!) разоў — усе яны, паводле яго словаў, ад родных зніклых салдат.
— Колькасць я сказаць не магу, у цэлым лічбы стратаў настолькі заблыталіся, што нават прыблізныя ацэнкі ў тысячах даваць складана. Наогул, зніклыя без вестак на вайне — гэта амаль заўсёды загінулыя. Асабліва ў вайне, якая ідзе ў густанаселеным раёне. Альбо салдаты загінулі (маглі ад холаду ці голаду нават), альбо выйшлі кудысьці да сваіх ці ворага. І тады яны сталі палоннымі або іх вярнулі ў строй. Важны момант у тым, што расійскае войска з самага пачатку ні разу не агучыла колькасць палонных. Так, ёсць навіны пра абмены, а колькі ўсяго палонных расійскіх вайскоўцаў ва Украіне — не кажуць, — заўважае ваенны аналітык Ян Мацвееў. — Як менавіта лічаць зніклых: звычайна ў падраздзяленні праводзіцца паверка (ранішняя, вечаровая), на якой усе вайскоўцы павінныя быць. Каго няма — за тых альбо ўказваюць прычыну, альбо лічаць забітым/зніклым. То-бок усё роўна, даўно ты бачыў вайскоўца ці не — падчас паверкі, пераклічкі камандзір павінен ведаць пра кожнага, дзе ён. Калі на далёкім пасту, то так і гаворыцца — на пасту, нават калі там ён знік, дапусцім, ці загінуў. Альбо чалавек кажа «я», альбо пазначаюць, чаму адсутнічае.
Усіх, каго не знайшлі забітым (а трупы павінныя забіраць), трэба пісаць у зніклых. Таму што раптам ён прыйдзе заўтра. Калі падраздзяленне ваюе і ў акопах складана праводзіць праверкі, часам на іх наогул «забіваюць», праводзяць як папала і нічога на паперу асабліва не запісваюць.
У цэлым, думаю, тут працуе фэйкавая статыстыка, як у нас было з кавідам. Колькасць забітых заніжаюць максімальна, пішуць «зніклі». У выніку і палонныя, і многія загінулыя трапляюць у катэгорыю «зніклых».
Апошні матэрыял ад незалежных СМІ быў пра 7502 загінулых расіян (у BBC, ад кастрычніка 2022 года). Зыходзячы з таго, што дадзеныя заніжаюць мінімум удвая, можна казаць пра больш чым 15 тысячах загінулых. Можа, і нашмат больш за 20 тысяч. Колькі з іх расійская армія назаве «зніклымі без вестак»? Думаю, гэтага і Шайгу дакладна не ведае. Бо вайна — гэта вялікі бардак. Яны нават пры жаданні і ўколе сыроваткі праўды не раскажуць усіх лічбаў, бо не ведаюць і самі. І гэта ж, па сутнасці, пытанне фармулёўкі — відавочна, калі не вярнуўся і не ў палоне — значыць, загінуў.
Яшчэ трэба ўлічыць, што цяпер прыкметная доля тых, хто ваюе на баку Расіі, — гэта сілы ЛДНР і ПВК (прыватная ваенная кампанія), а ў афіцыйнай статыстыцы іх ніхто не ўлічвае. Расійскае войска заніжае страты ў тым ліку такім спосабам, — кажа Ян Мацвееў.
Мінабароны Расіі апошні раз дало справаздачу пра страты ў дзень пачатку мабілізацыі — 21 верасня. Паводле словаў кіраўніка ведамства Сяргея Шайгу, страты склалі 5937 чалавек. Пры гэтым расійскія ўлады заявілі пра намер набраць 300 тысяч навабранцаў. Брытанская разведка ў верасні ацэньвала страты расіян у 25 тысяч, украінскі бок — прыкладна ў 60 тысяч.