Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Эксперт рассказал, кто в Беларуси пострадает от отмены санкций против России. Об этом забеспокоился и Лукашенко
  2. У Расіі гучны скандал з пластычным хірургам з Беларусі — яе статусная пацыентка амаль аслепла пасля шэраговай аперацыі
  3. Похоже, что у Лукашенко внебрачных детей не меньше, чем законных. А как обстоят дела у его коллег-диктаторов?
  4. Беларусам, которые получили греческий шенген, звонят из посольства. Вот что спрашивают, и почему лучше ответить
  5. Путин меняет формулировки по отношению к Зеленскому, украинской власти и участию Европы в переговорах — и вот с какой целью
  6. Власти по-прежнему пытаются «отжимать» недвижимость у уехавших за границу из-за политики. На торги снова выставляли такое жилье
  7. Генпрокурор Швед нашел десятки «аномальных» районов страны и пообещал их «серьезно» проверить
  8. «Крест Евфросинии Полоцкой, печать Изяслава». В Литве призвали запретить беларусам использовать «Погоню» и предложили выбрать иной символ
  9. Чиновники предупредили население, чтобы готовились к очередным пенсионным изменениям
  10. Лукашенко намекнул, кто останется работать в правительстве, а чьи кандидатуры «подлежат рассмотрению»
  11. «Вышел, был в шоке». Экс-политзаключенный рассказал «Зеркалу» об условиях в колонии, где сидят некоторые «рельсовые партизаны»
  12. Почему в Литве призвали запретить «Пагоню»? Мнение
Читать по-русски


31 кастрычніка айцішнік з Кіева Максім (імя змененае) завёў будзільнік на 4 раніцы, але не пачуў яго. Разбудзіў хлопца выбух, удалечыні спрацавала СПА. «Бахнула магутна», але ў планах было прачнуцца інакш. З гэтага тыдня малады чалавек вырашыў кожны дзень падымацца да світання, каб перабудаваць свой працоўны графік. У планах працаваць з 4.20 і да абеду. Гэта дазволіць паспяваць разабрацца са справамі, пакуль у хаце не адключылі святло. «Люстэрка» паразмаўляла з жыхарамі ўкраінскай сталіцы пра тое, як яны прывыкаюць да новай рэальнасці, дзе ёсць перабоі з вадой і святлом, гучаць выбухі і набліжаецца зіма, падчас якой ацяплення ў дамах можа не быць.

Житель Киева готовится к зиме 2022 года. Фото предоставлено собеседником
Усё, што купіў Максім да зімы 2022 года. Фота ад суразмоўцы

31 кастрычніка пасля чарговага расійскага абстрэлу многія раёны Кіева засталіся без вады і электрычнасці. Шматпавярховік Максіма, які з братам жыве на 24-м паверсе на левым беразе Дняпра, пранесла. Гадзіннік паказвае 13.30 паводле Мінска, а ў іх двушцы ўсё яшчэ і лямпачкі працуюць, і памыцца можна.

Нашаму суразмоўцу 27 гадоў, ён айцішнік з Данецка, але з 2021-га яны з братам жывуць у Кіеве. Пра тое, што сёлета да зімы варта сур’ёзна падрыхтавацца, маладыя людзі пачалі задумвацца даўно, але ад думак да справы перайшлі толькі пасля 10 кастрычніка, калі Расія абрынула на Украіну масіраваны ракетны ўдар. Пасля некалькіх гадзін у бамбасховішчы і начоўкі ў калідоры хлопцы вырашылі запасціся самым неабходным: купілі два спальнікі, газавую гарэлку і балоны да яе, макароны хуткага прыгатавання, кансервы, сухія пайкі, вялікі турыстычны заплечнік і powerbank на 20000 мАч.

Ночь жителей Киева с 10 на 11 октября 2022 года. Фото предоставлено собеседником
Спальнае месца Максіма з 10 на 11 кастрычніка 2022 года. Фота ад суразмоўцы

— Грошы ў нас былі, таму ў той жа дзень я замовіў усё патрэбнае ў інтэрнэт-крамах, і цягам тыдня нам гэта прывезлі, — апісвае сітуацыю Максім. — Ажыятажу не было, нацэнку заўважыў толькі на powerbank. Яны падаражэлі ў паўтара-два разы. Мой каштуе 2500 грыўняў (каля 170 беларускіх рублёў. — Заўв. рэд.). У цэлым за ўсё аддаў каля 13 тысяч грыўняў (прыкладна 890 беларускіх рублёў. — Заўв. рэд.).

Житель Киева готовится к зиме 2022 года. Фото предоставлено собеседником
Пакеты кашы з мясам, якую купіў Максім да хуткай зімы. Фота ад суразмоўцы

Чаму сфармавалі менавіта такі спіс, растлумачыць, кажа Максім, нескладана. Спальныя мяшкі патрэбныя на выпадак начоўкі ў метро ці ў бамбасховішчы. У «чахле"с паць утульней, ды і зімой, калі ацяпленне не ўключаць, «у ім, як у кокане, не змерзнеш». Выкарыстоўваць абноўку пакуль не даводзілася. Хоць батарэі ў кватэры яшчэ халодныя, тэмпература ў доме камфортная.

— Пліта ў нас электрычная. У выпадку адключэння паесці на ёй не разагрэеш, таму мы купілі турыстычную газавую плітку. Да яе ўзялі сем балонаў. На этыкетцы заяўлена, што аднаго хапае на дзве гадзіны бесперапыннага гатавання. Пакуль, думаю, нам хопіць, — кажа малады чалавек. — Акрамя таго, купілі скрынку вермішэлі хуткага прыгатавання і 16 упаковак кашы з мясам. Адзін пакет — гэта 600 кілакалорый, то-бок як нармальны прыём ежы. Яна гатовая да ўжывання. Можна есці адразу, але калі разагрэць, будзе смачней.

Житель Киева готовится к зиме 2022 года. Фото предоставлено собеседником
Турыстычная газавая гарэлка, якую купіў Максім. Фота ад суразмоўцы

Яшчэ адна важная рэч — турыстычны заплечнік. Ён жа для братоў трывожны чамаданчык. У яго загадзя склалі дакументы, ежу, ваду і аптэчку. У апошнюю сабралі бінты, абязбольвальныя, абеззаражвальныя. У планах дакупіць яшчэ ёдыд калію ў таблетках.

Вадой хлопцы таксама запасліся. У краме ўзялі 40 літраў пітной і столькі ж набралі з-пад крана.

— Калі ў доме адключаюць святло, помпы перастаюць працаваць, і да нашага 24 паверха вада не даходзіць, — тлумачыць Максім. — У сярэднім святло ў нас знікае два разы на дзень гадзіны на чатыры. Хоць у гэтыя выходныя усё працавала. Даводзіцца перабудоўваць працу, карыстацца powerbank. Тыя, хто можа ўсталяваць дома генератар, цяпер шчасліўчыкі. А пра людзей з сонечнымі батарэямі я наогул маўчу. У нас побач ёсць шматпавярховік на такіх панэлях. Цяпер гэта проста каралі свету.

Не ўсе кіеўскія знаёмыя Максіма рыхтуюцца да зімы так старанна: хтосьці абзавёўся толькі газавай гарэлкай. Але ёсць і тыя, хто закупіў скрыні тушонкі і нават генератар.

— Гэта брат майго сябра. Ён жыве ў Ірпені і ў яго свой дом і сям’я, — прыводзіць прыклад суразмоўца. — Нядаўна ўбачыў у TikTok ролік, дзе жанчына паказвае, чым запаслася. Толькі powerbank у яе пяць. Падумаў, вось гэта чалавек нармальна падышоў да справы. А наогул, ажыятажу з падрыхтоўкай няма, усё без кіпішу. Хутчэй людзей раздражняе сітуацыя, што трэба адрывацца ад працы і ўсім гэтым займацца. Але, мне здаецца, калі ёсць магчымасць узяць нешта загадзя, чаму б гэта не зрабіць? Ты ж не бегаеш, не скупляеш у паніцы грэчку, туалетную паперу, а спакойна запасаешся тым, што ў будучыні можа аблегчыць табе жыццё.

@olivkaaaaaaaaaaa Нас не зламати! #зимавукраїні🇺❄️🇺 #світлопереможетемряву #запаси ♬ Che La Luna — Louis Prima

А жыццё, кажа Максім, яму ўжо паказала, што лепш у ім быць гатовым да ўсяго. Яны з братам, напрыклад, не верылі, што вайна дабярэцца да Кіева, максімум, лічылі, «усё будзе на Данбасе», але 25 лютага над домам, у якім яны тады здымалі кватэру, збілі самалёт, і ён упаў побач. Хлопцы ў гэты час акурат вырашылі крыху раней выйсці з бамбасховішча. Выбух заспеў на лесвіцы паміж другім і трэцім паверхамі.

— Трасянула тады моцна, але ёсць і яшчэ больш важны прыклад. Адзін з маіх сяброў — з Марыупаля. У пачатку вайны ў яго згарэла кватэра, і ён з сям’ёй і іншымі людзьмі спалі ў цепласетцы і пустых дамах. Паўтара месяца яны не маглі выехаць з горада і жылі ў жудасных умовах. У іх не было святла, вады, сувязі. Адзінае, ім выдавалі прадукты. Вядома, у горадзе ішлі страшныя баявыя дзеянні, такое складана разлічыць, але, калі б сябар быў хоць трохі падрыхтаваны да сітуацыі, яму было б прасцей.

Цяпер, працягвае Максім, прыяцель у Англіі, і з ім усё добра. Прывыкае да новага жыцця. Наш суразмоўца таксама.

— Я працую з дому. Цяперашняя сітуацыя ніяк не ўплывае на вынік таго, што я раблю. Мяняецца толькі графік. Праз адключэнні працоўны дзень моцна расцягваецца. У нас ёсць расклад адключэнняў па горадзе, але з заяўленым ён не заўсёды супадае. Ідэй, як выйсці з сітуацыі, у мяне пакуль дзве. Першая — уставаць, а 4-й раніцы і, пакуль людзі спяць і не карыстаюцца энергіяй, імкнуцца зрабіць як мага больш. Другая — знайсці каворкінг з электрагенератарам і Starlink. З другім складаней: паветраная трывога можа доўжыцца тры-чатыры гадзіны, і я проста не магу даехаць да патрэбнага офіса. Да таго ж не ведаю, а раптам з каворкінгаў падчас трывогі выганяюць у бамбасховішча. Так што вучуся рана ўставаць.

Была, не хавае Максім, у іх з братам і ідэя пераехаць у іншы горад, але хлопцы хутка ад яе адмовіліся. Гарантыі, што ты прыедзеш на новае месца, здымеш там кватэру і «там таксама не дзеўбануць», няма.

— У выніку ты акажашся ў такіх самых умовах, — робіць выснову суразмоўца. — Так што пераезд — не панацэя.

На пытанне, з якімі думкамі браты чакаюць зімы, Максім адказвае так:

— Ні з якімі, працаваць трэба, а не забіваць галаву жарсцямі. У цэлым, перажыванняў асаблівых няма, проста маральна сябе рыхтуеш, што будзе цяжка. Гэта ўсё цісне на псіхіку, калі рэзка занураешся ў такі стан, а калі паступова, то нармальна.

«У нас ёсць бяспройгрышны запасны варыянт — з’ехаць да бацькоў у вёску»

Марыне (імя змененае) 28 гадоў. З мужам і чатырохмесячным сынам яны жывуць у шматпавярховіку на правым беразе Дняпра. Тыдзень таму ў іх ўключылі ацяпленне. Усе дні батарэі былі ледзь цёплыя, а ў панядзелак, 31 кастрычніка, сталі ледзянымі. Тэмпература ў кватэры пры гэтым нармальная, хоць некаторыя знаёмыя маладой мамы ўжо скардзяцца на холад.

Детские вещи, которые жительница Киева собрала сыну к зиме. Фото предоставлено собеседницей
Цёплыя дзіцячыя рэчы, якія Марына сабрала 4-месячнаму сыну да зімы. Фота ад суразмоўніцы

— Сёння (мы размаўляем 31 кастрычніка. — Заўв. рэд.) прачнуліся ад гуку выбухаў. Мы з малым пайшлі далей у калідор дасыпаць, а муж ужо не клаўся, — апісвае сітуацыю Марына, пакуль ідзе па вуліцы. — З раніцы ў доме няма вады, таму на шпацыр узяла з сабой бутэльку, думала, чаргі не будзе. Наіўная, тут чарга капец! Нават станавіцца не буду.

Гадзіннік паказваюць 17.00 паводле Мінска. Нягледзячы на цяжкую раніцу, настрой у Марыны добры. Калі жывеш унутры ўсяго гэтага, кажа яна, рэальнасць успрымаецца прасцей.

— Да зімы мы асабліва не рыхтуемся, у крайнім выпадку ў нас ёсць бяспройгрышны запасны варыянт — з’ехаць да бацькоў у вёску ў Чарнігаўскую вобласць. Там кацёл на дровах, камін, печка, — пералічвае суразмоўніца тое, што дапаможа ім не змерзнуць. — Яшчэ 10 кастрычніка, калі горад зноў пачалі актыўна бамбіць, мы збіраліся да мамы, але вырашылі застацца. Муж працуе з дому, яму пастаянна патрэбныя святло і інтэрнэт. У родных электрычнасць перыядычна знікае, а ў нас у гэтым месяцы яе яшчэ ні разу не адключалі. Думаю, наш дом на адной лініі з нейкай крытычнай інфраструктурай, таму нам пашанцавала.

Очередь за водой, 31 октября 2022 года, Святошинский район Киева. Фото предоставлено собеседницей
Чарга па ваду, 31 кастрычніка 2022 года, Святошынскі раён Кіева. Фота ад суразмоўніцы

Калі маразы ўзмоцняцца, у сям'і ёсць абагравальнік. На выпадак адключэння электрычнасці — газавая гарэлка, тушонка і маміны закаткі. У планах купіць яшчэ электрапрасціны і «кулёк» для сына.

— Малы, у прынцыпе, добра спіць пад коўдрай, але ў такім спальніку, думаю, яму будзе цяплей. Хоць, калі шчыра, пакуль, магчыма, класці яго туды мне не хочацца. Ноччу сына трэба карміць, а кожны раз пры гэтым даставаць яго з «кулька» нязручна, — разважае маладая мама. — Наогул, я імкнуся пазітыўна глядзець на рэчы, і, спадзяюся, у нас не будзе такіх маразоў, якія б хацелі зладзіць нам расійцы. Так, стане холадна, але, па-мойму, у Еўропе так людзі і жывуць: не ходзяць зімой у кватэры ў майцы і шортах. Вось і мы пачнём цяплей апранацца. У нас ёсць цёплыя піжамы, малому я закупіла камбезаў з начосам, якія пакуль надзяваю яму толькі на вуліцу.

Адзінае, праз што перажывае Марына, — гэта адключэнні вады. З мужам яны звычайна закуплялі па тры 20-літровыя бутлі. Пасля 10 кастрычніка пачалі браць па шэсць. Паралельна вадой з-пад крана запоўнілі некалькі шасцілітровых бутэлек, што знайшлі дома.

— Пашанцавала, што сёння нам якраз прывезлі замоўленую ваду, і мы нямоцна панікавалі, — кажа Марына. — Але наогул без вады складана. Сёння элементарна нават гігіену малому праблематычна было зрабіць. Давялося спраўляцца вільготнымі сурвэткамі, ватнымі дыскамі і пітной вадой.

У астатнім жа, працягвае дзяўчына, жыццё ў горадзе ідзе як ішло. А тое, што не працуюць ліхтары, мясцовыя кампенсуюць з дапамогай ліхтарыкаў.

— Мая сяброўка купіла сабе такі, які можна надзяваць на галаву, і з ім выгульвае сабаку, — кажа суразмоўніца.

Запасы воды в доме жительницы Киева, 31 октября 2022 года. Фото предоставлено собеседницей
Запасы вады ў доме Марыны, 31 кастрычніка 2022 года. Фота ад суразмоўніцы

Пра ліхтарыках расказвае і яшчэ адна жыхарка Кіева, Вольга. У чаце яе групы па фітнесе, дзе раней абмяркоўвалі касметыку і іншыя «жаночыя штукі», ліхтарыкі цяпер — тэма нумар адзін. Каментуючы розныя мадэлі, дзяўчаты прыйшлі да высновы, што ідэальны варыянт — той, што можна насіць на галаве. Калі ідзеш з крамы з пакупкамі або вядзеш дзіця, трэба, каб рукі былі вольныя.

А яшчэ ў доме Вольгі суседзі пачалі абмяркоўваць, што варта было б скласціся на вялікі мангал, на якім можна і ежу прыгатаваць, і ваду разагрэць. У шматпавярховіку Марыны такіх гутарак не вядуць. Дзяўчына не хавае, што да зімы яна і яе знаёмыя падыходзяць з думкамі, што «Расія ўжо ўсіх задзяўбла».

— Доўгі час у нас не было моцных абстрэлаў, і мы крыху падзабілі на хованкі падчас трывогі. Пасля 10 кастрычніка ўсё аднавілася. Уначы, калі ўключаюць трывогу, сцелем на калідоры дзіцячы тэрмадыванок, нясём туды коўдры, пледы, падушкі і кладзёмся з малым. Калі гадзін у пяць раніцы прыходзіць апавяшчэнне, што трывога скончаная, ужо і не ўстаём, ведаем: праз гадзіну-дзве ўсё можа паўтарыцца, — кажа Марына. — А наогул, зімы чакаю з трывогай, але не столькі за сябе, колькі за нашых вайскоўцаў. Як яны на гэтым марозе будуць нас абараняць. Нядаўна бачыла ролік, дзе падае снег, і злавіла сябе на думцы, што сёлета ўпершыню не буду яму радавацца, бо снег — гэта холад, волкасць і нязручнасці для салдат. У той жа час чакаю перамогі. Можа, не ў 2022-м, але блізка ля Новага года. Спадзяюся, усё спраўдзіцца.

P.S. У 22.35 па Мінску Марына напісала, што ў іх доме зноў з’явілася вада.