Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. У Расіі гучны скандал з пластычным хірургам з Беларусі — яе статусная пацыентка амаль аслепла пасля шэраговай аперацыі
  2. В Германии завершились выборы. По данным экзитполов, ультраправые заняли второе место
  3. Зеленский заявил о готовности уйти с поста президента
  4. Беларусы жаловались, что не могут сдать старые доллары. В соседней стране признали, что банкам они не нужны
  5. Эксперт рассказал, кто в Беларуси пострадает от отмены санкций против России. Об этом забеспокоился и Лукашенко
  6. «Крест Евфросинии Полоцкой, печать Изяслава». В Литве призвали запретить беларусам использовать «Погоню» и предложили выбрать иной символ
  7. Ровно три года Россия пытается захватить Украину. Вспоминаем семь важнейших событий, повлиявших на ход этой войны
  8. Похоже, что у Лукашенко внебрачных детей не меньше, чем законных. А как обстоят дела у его коллег-диктаторов?
  9. Генассамблея ООН приняла резолюцию к годовщине полномасштабного вторжения РФ в Украину. Беларусь и США проголосовали против
  10. «Его продукция была обнаружена на поле боя». Под санкции ЕС попало госпредприятие, которое недавно посещал Лукашенко
  11. «Они никуда не денутся, понимаете?» Третья годовщина «полномасштабки» — взгляд на «мир» с Россией и политику Трампа командира на фронте
  12. Нацбанк принял решение, которое не порадует тех, кто собирается взять кредит на покупку недвижимости
  13. Лукашенко намекнул, кто останется работать в правительстве, а чьи кандидатуры «подлежат рассмотрению»
  14. ISW о предложении представителя Трампа взять за основу в переговорах стамбульские протоколы: Это фактически полная капитуляция Украины
  15. Время дешевого доллара еще не прошло? Сколько будет падать курс: прогноз по валютам
  16. «Не думаю, что кто-то понесется кого-то спасать». Как сами американцы относятся к позиции Трампа по Украине — спросили беларусов в США
Читать по-русски


/

Звычайна пасля дзявятага класа ў беларускіх школьнікаў ёсць тры варыянты працягнуць адукацыю: пайсці ў дзясяты клас ці паступіць у каледж альбо ПТВ. Мінчанка Агата знайшла для сябе чацвёртую опцыю і прайшла ў United World Colleges. UWC — гэта праграма вышэйшай школы, якая аб’ядноўвае 18 каледжаў па ўсім свеце. У Беларусі іх няма, але займацца тут нашыя падлеткі могуць. Галоўнае — прайсці тры экзамены. У Агаты атрымалася — і ў 2023-м яна паляцела вучыцца ў Японію.

Агата (злева) са сваёй лепшай сяброўкай і суседкай па пакоі з М’янмы. Фота: асабісты архіў
Агата (злева) са сваёй найлепшай сяброўкай і суседкай па пакоі з М’янмы. Фота: асабісты архіў

«Думала, у жыцці нікуды не возьмуць»

Калі ў Мінску толькі пачынаецца працоўны дзень, у Токіа ўжо 15.00. Розніца паміж краінамі — шэсць гадзін. Прыблізна ў гэты час Агата звычайна вяртаецца з заняткаў. Але ў пятніцу, калі мы стэлефаноўваемся, на пары яна не хадзіла: захварэла. З лекцый на гэты дзень у яе толькі беларуская літаратура (з настаўніцай яны сустракаюцца анлайн) і гісторыя. Ёй дзяўчына вырашыла пазаймацца сама.

Агаце 17. Яна з Мінску. Спачатку вучылася ў звычайнай школе, потым у гімназіі, а пасля дзявятага класа паступіла ў Ліцэй БДУ на філалагічны профіль. Праўда, празаймалася тут усяго тры чвэрці. Яе сям’я выйграла грын-карту і з’ехала ў Польшчу. Там рабіць неабходныя для эміграцыі ў ЗША дакументы было прасцей.

— Калі я толькі ўвайшла ў Ліцэй БДУ, думала, павучуся два гады, усё будзе стабільна. Але тут дзядзька скінуў пост у Facebook пра нейкую школу UWC. Ніколі ў жыцці пра яе не чула, — вяртаецца да тых падзей Агата. — Аб'ява была па-беларуску, а я ў той момант пераходзіла на мову, і мне было важна чытаць кантэнт па-беларуску. Паглядзела, падумала: пісаць ці не?

Зрабіць крок не дазвалялі дзве рэчы. Па-першае, не лічыла, што ў 2022-м, калі Беларусь шмат дзе «забаненая», людзей адсюль чакаюць у «нейкіх інтэрнацыянальных школах». Па-другое, было няясна, дзе сям’я дзяўчыны пачне новае жыццё — у Польшчы, ЗША, Грузіі ці зноў вернецца на радзіму.

— У той жа час разумела: я ж павінна дзесьці вучыцца, — успамінае няпросты момант суразмоўніца. — Каледжы UWC ёсць у розных краінах свету. Звычайна тут займаюцца ў 11−12-м класе, гэта як у Беларусі 10−11-ы.

Сумневы дзяўчыны развеяла маці, сказала: «Спрабуй», і дачка паспрабавала. Экзамены праводзіў Беларускі нацыянальны камітэт UWC. Паступленне складалася з трох этапаў. Першы — эсэ. Яго Агата пісала «дзесьці ў канцы» восені. У той момант, прызнаецца, была ўпэўнена, што «у жыцці яе нікуды не возьмуць».

— На выбар было дзве тэмы. Я абрала «Якую б змену вы ўнеслі ў Канстытуцыю і чаму?» У працы напісала пра свабоду слова, пра тое, што спачатку трэба змяніць стаўленне людзей да ўласных правоў, а потым мяняць Канстытуцыю, — успамінае дзяўчына. — Атрымалася не зусім па тэме, але ў мяне было такое натхненне.

Хоць навучанне ва ўсіх каледжах ў UWC адбываецца па-англійску, эсэ дзяўчына пісала па-беларуску. Наступныя іспыты праходзілі таксама на роднай мове.

— Акрамя эсэ, было яшчэ некалькі пытанняў — сур’ёзных і не. Напрыклад, «Калі вы сварыліся з кімсьці і чым гэта абярнулася?», «Які ў вас любімы глазураваны сырок?», «На якую тарку вы любіце дранікі — на буйную ці дробную?» Я на буйную, — смяецца Агата. — Гэта каб зразумець, што ты за чалавек. Вынікі даслалі праз некалькі тыдняў. Аказалася, я прайшла ў другі этап. Першая думка ў той момант: «Так, што далей?»

Наступны этап быў відэа. У ім прасілі расказаць, чаму чалавек хоча паступіць у UWC. Пасля яго з усіх жадаючых засталося каля 20 абітурыентаў. Агата была сярод іх. Далей у адзін з дзён абітурыенты стэлефанаваліся ў Zoom з прадстаўнікамі Беларускага нацыянальнага камітэту. Удзельнікаў падзялілі на групы і на працягу пяці гадзін для іх праводзілі розныя актыўнасці. Напрыклад, яны спрачаліся на дэбатах, рабілі прэзентацыі, удзельнічалі і ў асабістых сумоўях.

У пачатку 2023-га Агата даведалася, што паступіла. Адукацыя для яе была бясплатная. Кажа, гэта акалічнасць залежыць ад даходаў бацькоў.

— Калі можаш заплаціць, будзеш плаціць, калі не, то вучышся бясплатна, — удакладняе дзяўчына, але суму, якая раздзяляе гэтыя дзве катэгорыі, не называе. — Для мяне гэта было бясплатна. Акрамя таго, кожны месяц студэнтам даюць кішэнныя грошы. Іх не шмат, але на сродкі гігіены і прадукты мне хапае.

«Дакладна Японія? А раптам не Японія?»

Вёска Каруідзава, побач з якой знаходзіцца каледж, 2024 год. Фота: асабісты архіў
Вёска Каруідзава, побач з якой знаходзіцца каледж, 2024 год. Фота: асабісты архіў

У лістах, якія прыходзяць тым, хто паступіў, чалавека не толькі віншуюць, але і пішуць, у каледжы UWC якой з краін яму прапануюць месца. Калі Агата прачытала: «Японія», падумала: «Дакладна Японія? А раптам не Японія?» Пачалася мітусня. Дзяўчына патэлефанавала маці, тая — тату. Агата ў гэты момант набрала сястру. Потым яе стаў віншаваць дзядзька. Нарэшце яны стэлефанаваліся ўсе разам.

— І тут я выдыхнула: усё скончылася, паступіла, — з усмешкай успамінае яна. — Дзядзька вельмі ганарыўся, што я прайшла ў Японію, а не ў нейкую з еўрапейскіх краін. Казаў, гэта крута. Я потым таксама падумала, сапраўды ж, крута. Разважала, пажыву ў экзотыцы, а аказалася, менталітэтам японцы вельмі падобныя да беларусаў. Я, канечне, не шмат камунікую з мясцовымі, бо падчас вучобы мы жывём у больш закрытым кам’юніці, але праз дробязі заўважыла такія рэчы: людзі тут часта выбачаюцца. Гэта па-першае. Па-другое, мне здаецца, што яны нярэдка саромеюцца выказваць сваё меркаванне, не любяць ціснуць на іншых, далікатныя. Турбуюцца, што хто пра іх падумае.

Тое, што краіна, дзе давядзецца вучыцца, знаходзіцца больш чым за восем тысяч кіламетраў ад Беларусі, саму Агату ўвогуле не клапаціла. Жартуе: «Мы ўсё роўна пераязджалі».

У Японію дзяўчына вылятала ў жніўні 2023-га. Да гэтага часу патрэбна было ўзяцца за вырашэнне аднаго важнага моманту — падцягнуць англійскую.

— Мову я амаль не ведала. У Польшчу мы з сям’ёй пераехалі прыблізна праз 20 дзён пасля таго, як у Ліцэі БДУ скончылася трэцяя чвэрць. У чацвёртай я ўжо на заняткі не хадзіла, а сядзела і самастойна вучыла англійскую, — успамінае Агата. — Потым мне ўзялі рэпетытарку, якая са мной займалася. Але працавала яна больш па граматыцы. Напрыклад, тлумачыла, як будаваць сказ. Гэта, напэўна, карысна, але без слоў я не паразмаўляю, таму бацькі знайшлі мне native speaker (носьбіта англійскай. — Заўв. рэд.), які вучыў мяне менавіта лексіцы. З ім мы празаймаліся некалькі месяцаў.

Паралельна з падрыхтоўкай Агата чытала інфармацыю пра каледж і нават пазнаёмілася з некалькімі студэнтамі: прыкладна за месяц да вылету ёй, як і іншым падлеткам, даслалі спіс тых, з кім яны будуць жыць у адным пакоі. Так будучыя аднакурснікі спісваліся, абмяркоўвалі, хто і калі прыязджае, хто і каго будзе сустракаць.

— Калі надышоў час вылятаць у Японію, нашая сям’я жыла ўжо пад Уроцлавам. Разам з маці мы паехалі да Варшавы: самалёт быў адтуль. Яна хацела мяне на яго пасадзіць, бо гэта быў першы раз у жыцці, калі я так далёка з’язджала. Спачатку цягнік, потым рэйс, затым гадзін шэсць перасадка ў Дубаі, наступны самалёт і зноў аўтобус, але ўжо да [кампуса]. Адымалася дні два вандроўкі, — пералічвае Агата. — Я неяк не вельмі добра была да гэтага падрыхтаваная, бо настолькі доўга я ніколі не знаходзілася ў дарозе. Увесь гэты час я амаль не спала, толькі думала: «Як я прыеду? Што ім скажу? Добра, скажу: „Hello“. А калі яны не зразумеюць?» Разважала, што астатнія, як і я, не вельмі добра размаўляюць па-англійску, але памылялася.

З аднаго боку ад каледжа — поле, 2024 год. Фота: асабісты архіў
З аднаго боку ад каледжа — поле, 2024 год. Фота: асабісты архіў

З аэрапорта ў кампус аўтобус прывёз навасёлаў а другой ночы. Вакол было цёмна, з неба ліло. Нягледзячы на гэта, рабят сустракалі іншыя студэнты: тыя, хто прыехаў раней. З натоўпу гучалі розныя імёны. «Агата! Агата, ты дзе?» — чулася сярод іх. Гэта беларуску клікалі дзяўчынкі з яе пакоя.

— Падышла да іх, яны мне нешта гавораць па-англійску, а я не разумею. Наступнай раніцай выйшла на сняданне, мне зноў штосьці кажуць, і я зноў не разумею. Першыя тыдні тры я хадзіла і не ўяўляла, як камунікаваць з людзьмі, — успамінае суразмоўца. — Не ведаю, як у іншых каледжах UWC, але ў маім гэтую праблему ўлічваюць і адразу даюць настаўніка, які дапамагае з мовай. Гэта жанчына з Брытаніі, размаўляла яна выключна на сваёй мове. Я з ёй займалася некалькі разоў на тыдзень.

«Вучыць параграфы, як гэта бывае ў звычайнай школе, нам ніколі не задаюць»

Абед у сталоўцы, два разы на тыдзень вегетарыянскі рамэн (страва з пшанічнай локшынай), у астатнія — невегетарыянскія віды супоў. Японія, снежань 2024-га. Фота: асабісты архіў
Абед у сталоўцы, два разы на тыдзень вегетарыянскі рамэн (страва з пшанічнай локшынай), у астатнія — невегетарыянскія віды супоў. Японія, снежань 2024-га. Фота: асабісты архіў

Каледж, дзе вучыцца Агата, знаходзіцца побач з пасёлкам Каруідзава. Гэта невялічкая турыстычная мясцовасць, дзе «шмат вадаспадаў і лыжны курорт». На тэрыторыі каледжа побач размешчаныя чатыры будынкі, у якіх студэнты вучацца, і столькі ж, у якіх жывуць. З аднаго боку ад іх поле, з другога — лес, з трэцяга — горад.

— У Японію я прыляцела 7 жніўня. Заняткі пачаліся праз два тыдні. Праграма, як для мяне, даволі складаная. Значна цяжэй, чым у школе. З розных груп прадметаў абіраеш шэсць, якія хочаш вучыць. Некаторыя з іх абавязковыя. Напрыклад, матэматыка, — уводзіць у курс справы Агата. — Тры з абраных прадметаў вывучаеш на паглыбленым узроўні, тры — на звычайным.

На паглыбленым узроўні ў Агаты гісторыя, англійская мова, для людзей, якія толькі яе вывучаюць, і фільм (тут студэнты развіваюцца як акцёры, сцэнарысты, рэжысёры). А на звычайным — беларуская літаратура, экалогія (тут гэты прадмет уяўляе сабой нешта паміж біялогіяй, экалогіяй і сацыялогіяй) і матэматыкай. Ёсць яшчэ ў яе спісе лекцый тыя, што сумяшчаюць псіхалогію і філасофію, і заняткі па фізічнай актыўнасці.

Займаюцца студэнты пяць разоў на тыдзень, звычайна ў іх тры-пяць пар. Плюс амаль кожны дзень пасля заняткаў ёсць нейкая сустрэча. Напрыклад, школьны збор, дзе агучваюць навіны на бягучы тыдзень. Лекцыі пачынаюцца а восьмай раніцы. Пара доўжыцца гадзіну і дзесяць хвілін.

— Каб вывучаць беларускую літаратуру, я сама знайшла настаўніцу і працую з ёй анлайн, — удакладняе дзяўчына і на прыкладзе занятка па гісторыі распавядае пра змест урокаў. — Гісторыю вывучаем не так, як у школе, ад дыназаўраў, а важнымі перыядамі. Яны дапамагаюць зразумець, як будуецца вайна, як прыходзяць да ўлады дыктатары. Напрыклад, зараз праходзім Фідэля Кастра, да гэтага быў Беніта Мусаліні.

Адзнакі на занятках не ставяць, іх студэнты атрымліваюць раз на паўгода, калі пішуць іспыты. З аднаго боку, кажа Агата, гэта класна, бо «рыхтуешся да іх, ведаючы, што там будзе». З іншага — складана, калі здаў дрэнна, шанец выправіць з’явіцца няхутка.

— Вучыць параграфы, як гэта бывае ў звычайнай школе, нам ніколі не задаюць. Часцей прапануюць штосьці пачытаць, а потым абмяркоўваем. Адзнакі за гэта не ставяць. Але, калі чалавек актыўны, плюсік яму ў карму, — жартуе субяседніца. — Акрамя таго, задаюць аб’ёмныя рэчы. Напрыклад, зараз у мяне хатняе заданне па англійскай мове разлічана на месяц. За гэты час трэба напісаць і здаць дзесяць міні-тэксцікаў. Усё гэта накіравана на тое, каб мы добра здалі іспыты пасля 11-га і 12-га класаў.

«Некалькі дзён на год студэнтам бясплатна раздаюць адзенне»

Гэта агульны пакой, дзе часам праводзяць нейкія мерапрыемствы для жыхароў дома, дзе жыве Агата, снежань 2024-га. Фота: асабісты архіў
Гэта агульны пакой, дзе часам праводзяць нейкія мерапрыемствы для жыхароў дома, дзе жыве Агата, снежань 2024-га. Фота: асабісты архіў

Настаўнікі, якія працуюць у каледжы Агаты, — людзі з розных краін. У Японію яны прыляцелі гэтак жа, як і студэнты. У беларускі японец выкладае толькі адзін прадмет — фізкультуру.

— З настаўнікамі тут, як і ў Ліцэі БДУ, можа лёгка размаўляць. Няма строгай іерархіі. Пры гэтым педагог не нясе адказнасці за твае адзнакі. Атрымаў нешта дрэннае — сам вырашай. Бегаць за табой ніхто не будзе, — кажа беларуска. — А яшчэ нельга спазняцца на пары. За гэта робяць міні-вымовы альбо заносяць інфармацыю ў сістэму. Навошта? Не ведаю. Я спазнялася ўжо некалькі разоў. Мне за гэта пакуль ніхто нічога не прад’явіў.

З унутраным распарадкам у каледжы строга. Напрыклад, выходзіць з дома пасля 21.30 (па буднях) і 22.30 па выходных нельга. Для тых, хто парушае правілы, — п’е, паліць, шуміць, ёсць тры ўзроўні скаргі. Першы — вымова, другі — паведамленне бацькам, а трэці — выключэнне.

Па словах Агаты, яна ні разу не чула, каб з каледжа кагосьці адлічвалі. Для студэнтаў, якія нешта не цягнуць, прапануюць academic support, ці акадэмічную падтрымку. Сэнс яе ў тым, што з чалавекам па любым прадмеце настаўнік займаецца дадаткова.

— Для гэтага, па-першае, ёсць спецыяльная настаўніца, якая сядзіць з табой паміж урокамі і разбірае тэму. Па-другое, можна дамовіцца з любым выкладчыкам, каб ён з табой пазаймаўся дадатковую гадзіну, — рассказвае Агата. — Дарэчы, так як заняткі праходзяць па-англійску, з чым у мяне былі цяжкасці, спачатку лекцыі я запісвала на дыктафон, а потым пераслухоўвала па некалькі разоў. Настаўнікі разумеюць, што не ўсе гавораць па-англійску, таму намагаюцца неяк патлумачыць кожнае слова так, каб было зразумела ўсім.

Вакацыі ў каледжы, як і у беларускіх школах, чатыры разы на год. А вось перапынкі паміж заняткамі вельмі адрозніваюцца.

— Першы — пяць хвілін, наступны — 25, потым гадзіну, затым — 20 хвілін. Дарэчы, на чацвёртым перапынку мы прыбіраем, — здзіўляе дзяўчына. — За кожным студэнтам замацавана частка агульнай прасторы, за чысцінёй якой ён штодзень даглядае. Пыласосіш, мыеш падлогу ці яшчэ нешта. У мяне гэта агульны пакой ў нашай хаце (гаворка пра пакой для заняткаў у будынку, где жыве беларуска. — Заўв. рэд.). Хтосьці мые падлогу ў класах, дзе мы вучымся, хтосьці там, дзе мы снедаем.

Ежа для студэнтаў бясплатная. Харчуюцца яны ў сталоўцы.

— Я вегетарыянка, у сталоўцы для такіх, як я, не так шмат опцый. Напрыклад, стравы з тофу. Але я яго ненавіджу, таму часам харчуюся з усімі, а часам гатую сама. Тут у кожнай хаце ёсць свая кухня, а там халадзільнік, міксер, блэндар, — перелічвае Агата. — Калі неабходна, для вучобы выдаюць ноўтбукі, калькулятары. З цікавага — некалькі дзён на год (звычайна бліжэй да зімы) студэнтам бясплатна раздаюць адзенне. Магчыма, гэта яны купляюць або аддаюць тое, што засталося ад тых, хто ўжо з’ехаў і нешта пакінуў.

«Па заканчэнні мы можам выбраць і атрымаць дыплом японскай школы ці міжнароднага бакалаўрыяту»

Агата разам са сваёй лепшай сяброўкай і суседкай па пакоі з М’янмы, кастрычнік 2024-га. Фота: асабісты архіў
Агата разам са сваёй найлепшай сяброўкай і суседкай па пакоі з М’янмы, кастрычнік 2024-га. Фота: асабісты архіў

Мінулы год быў для Агаты няпростым, таму вучобу давялося прыпыніць. У выніку ў жніўні 2024-га суразмоўніца зноў пайшла ў 11-ы клас. Дзяўчына ўжо вырашыла, што пасля каледжа будзе паступаць у якую-небудзь з навучальных устаноў ЗША. Выбар тлумачыць проста — у гэтай краіне цяпер жыве яе сям’я.

— Некаторыя спрабуюць застацца ў Японіі. Справа ў тым, што па заканчэнні мы можам выбраць і атрымаць дыплом японскай школы ці міжнароднага бакалаўрыяту (International baccalaureate — навучальная праграма, дыплом якой дазваляе паступіць у міжнародныя ВНУ. — Заўв. рэд.), — кажа Агата. — Я вазьму другі. З ім пры паступленні можна не здаваць экзамены, а падаваць дакументы з вынікамі IB.

З будучай прафесіяй дзяўчына пакуль не вызначылася. Кажа, што, хутчэй за ўсё, гэта будзе штосьці гуманітарнае, звязанае з палітыкай ці гісторыяй.

— Думаю, пайду на праграму, калі першыя два гады вучышся, як у школе, а пасля абіраеш сабе дакладны праект, — дзеліцца планамі Агата і тлумачыць, у чым для яе плюс вучобы ў UWC-каледжы. — Я дакладна ведаю, што тут улічваецца маё меркаванне і я магу рэалізаваць сябе. Магу прадставіць сваю краіну, нацыю. А яшчэ выразіць сябе больш, чым у звычайнай школе.