Аляксандр Гойшык працягвае падарожнічаць вакол свету. Пасля кітайскіх прыгодаў салігарчанін выправіўся ў краіну, якая ў XIII стагоддзі была адной з самых магутных імперый, аднак так і не змагла заваяваць беларускія землі. Гаворка пра Манголію. Як цяпер жывуць нашчадкі Чынгісхана ў краіне, дзе адлегласць ад паселішча да паселішча можа складаць да 100 кіламетраў, валюта называецца тугрыкі, а ў сталіцы — мноства караоке-клубаў, чытайце ў ягоным дзённіку для «Люстэрка».
Аўтастоп з дапамогай ДАІ
З Пекіна да мангольскай мяжы я дабіраўся цягніком каля пятнаццаці гадзінаў, з перасадкаю ў Хух-Хота — сталіцы кітайскай правінцыі Унутраная Манголія: 80% насельніцтва правінцыі — этнічныя кітайцы, манголаў усяго 17%. Але ж пры гэтым тут жыве амаль на мільён больш манголаў, чым у іх на радзіме!
У кітайскай Унутранай Манголіі усе афіцыйныя надпісы дублююцца старамангольскім вертыкальным пісьмом — гістарычным алфавітам часоў Чынгісхана. Аднак грамадзяне краіны чытаць яго не ўмеюць, таму што там выкарыстоўваецца кірыліца. Таму ў памежным гарадку Эрэн-Хота шыльды крамаў і рэклама дублюецца кірылічнымі надпісамі для шматлікіх «чаўнакоў». Можна бачыць смешныя «машин механик мотор редуктор», а часам нават нешта зусім непрыстойнае!
Абмяняў кітайскія юані на тугрыкі, скокнуў у маршрутку і праз гадзіну быў ужо ў Манголіі. Пераход мяжы быў даволі простым, ніякіх пытанняў не задавалі: «Жадаем удалага падарожжа! Вітаем у Манголіі». Ужо каля абеду я быў у памежным мястэчку Замын-Уудэ. Цягнік да сталіцы адпраўляўся толькі ўвечары, таму я вырашыў не губляць час і паспрабаваць даехаць да Улан-Батара аўтастопам. Да сталіцы было 650 км (проста агромністая краіна!). Па плошчы яна ў сем з паловаю разоў большая за Беларусь, пры гэтым насельніцтва амаль у тры разы менш. Гэта адна з найменш шчыльна населеных краінаў свету (дарэчы, самая густанаселеная краіна — Макаа, пра якую я пісаў у мінулых серыях).
Памежнае мястэчка Замын-Уудэ пакінула вельмі дэпрэсіўнае ўражанне: аблезлыя савецкія баракі, бруд і помнікі непарушнаму мангольска-савецкаму сяброўству. Нечым нагадала забытыя богам мястэчкі ў Сібіры ці на Далёкім Усходзе, асабліва па колькасці п’яных і раскіданых паўсюдна пустых пляшак.




Аднак на выездзе з мястэчка ў бок сталіцы мяне чакала ўдача — пост ДАІ, дзе маладыя дарожныя паліцэйскія на даволі неблагой ангельскай распыталі, хто я, адкуль і куды еду. А калі пачулі пра маё падарожжа, дык сказалі прысесці ў цянёк пачакаць, маўляў, зараз мы цябе пасадзім у прамую машыну ва Улан-Батар.


І сапраўды, ужо праз пяць хвілінаў ён спыніў аўто, якое праязджала міма, усадзіў мяне ў яго — і я імчаў да сталіцы ў машыне з тутэйшымі падлеткамі пад бадзёрыя рытмы і рыфмы мангольскага рэпа. Два браты і іх малодшая сястра пераганялі японскую іншамарку, якую з Кітая даставілі бацькі.
Старэйшаму брату нядаўна споўнілася 18 гадоў, таму кіроўцам быў ён. На жаль, яны размаўлялі толькі па-мангольску, таму нам спатрэбіўся гугл-перакладчык, каб неяк камунікаваць.
Тутэйшыя краявіды — гэта нешта неверагоднае. Памятаеце тую самую застаўку са старых версіяў Windows? Дык вось, гэта яно самае, толькі ўжывую. І яшчэ дзе-нідзе на гарызонце трапляюцца юрты і верблюды. Вельмі прыгожа!
Дарога ў даволі добрым стане (за выключэннем асобных участкаў), таму малады мангольскі шумахер за стырном гнаў ва ўсю моц. Некалькі разоў спыняліся на запраўках, якія таксама выглядаюць на дзіва цывільна. Недзе праз восем гадзінаў дамчалі да Улан-Батара, дзе жыве амаль палова ўсяго насельніцтва краіны.
Турэцкі хост, знаёмства з расейскімі «атамшчыкамі» і беларускія прадукты

Тут мяне чакаў хост па каўчсёрфінгу, інжынер на будаўнічым праекце Мехмет з Турцыі. Ён палову жыцця працуе ў розных экзатычных краінах, дзе буйныя турэцкія кампаніі выйграюць тэндэры. Шмат гадоў працаваў у Расіі, даволі няблага размаўляе па-руску (але мы размаўлялі па-ангельску), бываў нават у Беларусі. Вельмі яму запомніліся нашыя прыгожыя дзяўчаты, напэўна, самыя прыгожыя, як на ягоны густ (досыць стэрэатыпна для турэцкіх мужчын).
Мехмет здымае вялікую кватэру ў маляўнічым раёне мангольскай сталіцы, амаль увесь час працуе і дома бывае, толькі каб паспаць. Ён выдзеліў мне асобны пакой і сказаў, што магу заставацца, колькі захачу. Я сапраўды разлічваў некалькі дзён проста паваляцца і нічога не рабіць, трошкі адпачнуць ад тых мільёнаў чалавек, якіх я бачыў на кожным кроку ў Кітаі.
Манголія проста ідэальная краіна для гэтага. Вокны кватэры Мехмета выходзяць на невялікія горы, якія акружаюць Улан-Батар з поўдня. У першы ж дзень я выбраўся на хайкінг у нацыянальны парк Богд-Хан, які пачынаецца амаль адразу каля дома майго хаста. Які ж гэта быў кайф для мяне: халодна, зялёна і бязлюдна!
Ужо на пачатку жніўня трэба было апранаць куртку, я б ніколі не падумаў, што буду так гэтаму радавацца. Два гады без зімы ў Лацінскай Амерыцы, тры месяцы лета ў Новай Зеландыі і Аўстраліі, амаль паўгода ў Паўднёва-Усходняй Азіі з яе гарачынёю і высокай вільгаццю, апошнія дні ў Пекіне з ягоным смогам. Карацей, я ужо трохі падзабыў, што такое холад, таму мне вельмі даспадобы прыйшлося тутэйшае надвор’е. Улан-Батар — самая халодная ў свеце сталіца, узімку тэмпература апускаецца нават да -50℃!


За некалькі гадзінаў хайкінгу па маляўнічых гарах з прыгожымі краявідамі мангольскай сталіцы я амаль не сустрэў людзей. Ого, а што, так можна было?! Выйшаў з нацыянальнага парка на ўскраіну Улан-Батара і патрапіў на вялікі мемарыял памяці мангольскіх і савецкіх ваяроў, загінулых падчас Другой сусветнай вайны.
Мемарыял нечым нагадаў наш Курган Славы. Агулам, на маю думку, краіна выглядае вельмі «па-савецку», з такімі звыклымі нашаму воку панэлькамі, тыповымі будынкамі дамоў культуры, універсама ці вакзала, рознымі манументамі ў выглядзе танка ці самалёта і г. д.
Камуністычную Мангольскую Народную Рэспубліку называлі 16-й саюзнай рэспублікай у складзе СССР, аднак афіцыйна яна ніколі не ўваходзіла ў яго. Каб не дражніць камуністычны Кітай, з якім напачатку былі сяброўскія і партнёрскія адносіны, савецкія ўлады ігнаравалі просьбы мангольскіх таварышаў аб поўным далучэнні да Саюза.



Аднак краіна была цалкам у сферы ўплыву СССР: тут базаваліся савецкія войскі, спецыялісты стваралі мангольскую прамысловасць, медыцыну і адукацыю. Таму візуальна краіна моцна нагадвае які-небудзь правінцыйны Казахстан, з такімі ж бясконцымі стэпамі.
У крамах шмат расейскіх і нават беларускіх прадуктаў — усюдыісны «Санта-Брэмар» дабраўся нават сюды (хаця чаму здзіўляцца, я яго нават у крамах Новай Зеландыі бачыў!). Беларуская малочка, украінская кандытарка, польскія сокі. Тут працуе нават сетка французскіх супермаркетаў «Карфур» з арыгінальнымі прадуктамі гэтай маркі, вырабленымі ў Францыі. Не магу сабе ў'явіць, як так, што некаму выгадна праз палову свету дастаўляць прадукты, і гэта ўсё адно будзе танней, чым мясцовыя аналагі.
Нарэшце я наварыў сабе грэчкі, гэта, напэўна, адзінае, па чым я сумаваў. Эмпірычным шляхам чарговы раз выявілася, што беларуская згушчонка і глазіраваныя сыркі значна смачнейшыя за расейскую імітацыю.
Пятнічным вечарам Мехмет запрасіў мяне ў модны бар пасядзець з ягоным шэфам, ізраільцянінам з польскім пашпартам. Выпілі мы па пары куфляў піва, і пакуль яны там абмяркоўвалі нейкія каляпрацоўныя тэмы, я разгаварыўся з маладой сям’ёй з Расіі, якая сядзела побач. Хлопец — інжынер на «Расатаме», яны збіраюцца будаваць АЭС у Манголіі. Каб выйграць тэндэр, па словах майго новага знаёмага, яны моцна дэмпінгуюць. Я паўжартам кажу яму, што ведаем мы, як вы будуеце, нам у Беларусі вы ўжо збудавалі Астравецкую АЭС, якая ўвесь час на рамонце.



— Нават корпус рэактара ў вас упаў, а калі вы яго замянілі і везлі ў Беларусь новы, то таксама пашкодзілі пры транспарціроўцы! — кажу яму.
— Гэта ўсё няпраўда! Я там працаваў і магу гарантаваць, што Беларуская АЭС адпавядае ўсім сусветным нормам! — абураўся мой суразмоўца.
Спачатку хлопец спрабуе апраўдвацца і даводзіць, што яны збудавалі якасна. Калі ж бачыць усмешку ў маіх вачах, цікавіцца, адкуль я ўсё гэта ведаю і хто я ўвогуле такі. Пачуўшы, што я блогер і падарожнік, пачынае глядзець на мяне з недаверам і падазрэннем, раптам высвятляецца, што ў іх нейкія неадкладныя справы і ім трэба тэрмінова некуды ехаць. Смех дый годзе! Якіх толькі людзей не сустрэнеш на сваім шляху, далібог!
Нашчадкі Чынгісхана, мангольскі хіп-хоп і кыргызскі шашлычнік
Напэўна, самы вядомы мангол у свеце — Чынгісхан, ён жа з’яўляецца ледзьве не асноўным турыстычным брэндам краіны. Настолькі, што непадалёку ад Улан-Батара збудавалі ягоную агромністую статую на кані. Самую вялікую конную статую ў свеце. У адзін з дзён я вырашыў з’ездзіць на яе паглядзець. Гэта адна з найбольш цікавых турыстычных атракцый непадалёку ад сталіцы.
Агулам кажучы, Манголія не вельмі простая для самастойных падарожжаў краіна. Агромністыя адлегласці, слаба развіты грамадскі транспарт, адсутнасць неабходнай інфрастуктуры робяць паездкі па гэтай краіне задачай з зорачкай. Ці плаці за тур, якія тут каштуюць нейкіх касмічных грошай. Мне расказвалі пpа арганізаваныя мотатуры на матацыклах (некалькі тысячаў кіламетраў па стэпах з начлегам у юртах) коштам пад 2000 даляраў за паўтара тыдня. Ці арандуй джып, які таксама пацягне пару сотняў даляраў за дзень.
Да статуі Чынгісхана я выбраўся аўтастопам. Дабраўся хутка, ні разу не чакаў больш за пяць хвілін. У асноўным мяне падвозілі маладыя хлопцы, якія ўсе як адзін слухалі ў машыне той самы мангольскі рэп, пра які я ўжо пісаў вышэй. Мяне настолькі здзівіла папулярнасць гэтай музыкі, што я нават палез гугліць.
Аказваецца, мясцовая хіп-хоп-сцэна — гэта цэлы феномен. Кліпы тутэйшых рэп-зорак збіраюць вялікую колькасць праглядаў. Моладзь слухае сваё і пачынае больш цікавіцца гісторыяй свайго краю. У гэтым беларусам варта было б павучыцца ў манголаў.
У самім Улан-Батары не так шмат чаго глядзець. Спальныя раёны са знаёмымі нам панэлькамі і экзатычнымі для нашага вока будыйскімі пагадамі. А таксама сучасны цэнтр з моднымі хмарачосамі, бізнэс-цэнтрамі і шопінг-моламі.
Дарэчы, яшчэ адна цікавая адметнасць Манголіі — нейкая анамальная распаўсюджанасць караоке-бараў. Яны не проста на кожным кроку, але часам нават займаюць усе гандлёвыя кропкі на першым паверсе пяціпавярховых панэлек. Ніколі і нідзе не бачыў нічога падобнага, нават у В’етнаме, дзе караоке — гэта самая галоўная забава.
Агулам я прабыў ва Улан-Батары дзесяць дзён, чакаў онлайн-візу ў Пакістан, адпачываў ад кітайскай шматлюднасці, смакаваў звыклую мне ежу, пісаў гэты падарожны блог у камп’ютарным клубе на раёне і рабіў рэзервовыя копіі маіх фота ды відэа з тэлефона.
Пазнаёміўся з Улугбекам, кыргызам, які робіць шашлыкі ў невялікай кавярні каля мясцовай крамы а-ля нашага «Еўраопта». Ён так радаваўся, што можа нарэшце паразмаўляць па-расейску, бо ў Манголіі вялікі моўны бар’ер для яго. Улугбек пражыў гадоў дзесяць недзе ў Сібіры, ужо нібыта нават расійскі пашпарт меўся атрымаць. Але пачалася вайна ва Украіне, да яго прыйшлі на працу і прамым тэкстам сказалі, што ў яго ёсць два дні, каб сабрацца і ехаць ваяваць. Інакш расейскага грамадзянства яму не атрымаць і яго дэпартуюць.
Мужчына паспрабаваў неяк «разруліць сітуацыю», але хутка зразумеў, што гэта не мае сэнсу, бо некалькі ягоных землякоў сілаю адправілі на фронт. Улугбек абсалютна супраць гэтай бязглуздай вайны, таму ён вымушаны быў кінуць усё, што меў у Расіі, і вярнуцца на радзіму. На выездзе з РФ яму ўляпілі дэпартацыю. Таму цяпер яны з сябрамі спрабуюць пачаць усё з нуля ў Манголіі. Кажа, што нібыта грошы тут можна зарабіць нават лепшыя, але паразмаўляць няма з кім і значна халадней, чым нават было ў Сібіры.
Нарэшце атрымаў пакістанскую візу і трохі адпачнуў — час рухацца далей. Мой маршрут у Пакістан пралягаў праз Заходні Кітай — Сінцзян-Уйгурскі аўтаномны раён. З Улан-Батара да кітайскай мяжы я ехаў аўтобусам амаль паўтара дня. Білет каштаваў недзе 40 даляраў прыблізна за 1600 км. Далёкае падарожжа аўтобусам па Манголіі адрознівалася ад маіх рэкордных двух сутак у аўтобусе па Інданезіі. Перш за ўсё краявідамі: за акном бясконцы стэп, дзе-нідзе бачныя юрты і статкі коней — папуляцыя гэтых жывёлаў большая, чым насельніцтва краіны. Невялічкія пасёлкі трапляюцца недзе кожныя сто кіламетраў, там звычайна ёсць уся патрэбная інфраструктура: запраўка, крама і сталоўка. Нават мабільны інтэрнэт 5G ловіць!



Маё месца было ў першым шэрагу, шмат гадзінаў я любаваўся прыгожымі краявідамі праз лабавое шкло. Сярод ночы кіроўца, які ўвесь дзень «круціў баранку», лёг спаць наўпрост на прыборнай панэлі, абпёршыся спінай у гэтае самае шкло. Узровень небяспекі максімальны, калі на дарогу знянацку выскачыць які конь ці вярблюд, лічы, усё. Мне настолькі дзіка было гэта ўсё бачыць, што я амаль не спаў.
Манголы вельмі прыязныя. Усім пасажырам было цікава, хто я такі і адкуль. Але ж моўны бар’ер. Таму адзіны з іх, хто мог тры з паловаю словы звязаць па-англійску, адразу ж стаў перамоўшчыкам на прыпынках. У мяне распытвалі пра падарожжа, частавалі буузамі — мясцовымі мантамі і сутэй-цай — мясцовым салёным чаем на малацэ. Запрашалі ў госці і нават пыталі пра кантакты на МТЗ, каб купіць беларускі трактар!
Мне дапамаглі купіць білет на аўтобус у Кітай, бо аплаціць праз інтэрнэт можна толькі з мясцовай банкаўскай карткі, а мяжу нельга праходзіць пешкі. Карацей, займеў пару мангольскіх прыяцеляў, цяпер яны актыўна лайкаюць мае пасты ў Instagram.
Спыніўся на ноч у гатэлі ў Будаі — пасёлку каля кітайскай мяжы. 20 даляраў — гэта вельмі дорага, як на такое месца і ўмовы, але ж выбару ніякага няма. Выйшаў прагуляцца — і праз пару хвілінаў мне ўжо сігналяць з машыны, што едзе міма. Мае новыя знаёмыя з аўтобуса запрасілі мяне на вячэру да сябе дахаты. Вельмі прыемна і смачна!
Заўтра мне трэба было ўставаць вельмі рана, перасячэнне мяжы заняло пару гадзін. Пра Заходні Кітай я раскажу вам у наступнай серыі.