Супрацоўніцу EPAM Марыну Леановіч, якая вярнулася ў Беларусь, будуць судзіць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса, піша «Наша Ніва».
Марыне Леановіч 28 гадоў. Яна скончыла БДУІР і пасля ўніверсітэта працавала ў EPAM фронтэнд-распрацоўшчыцай.
Пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны дзяўчына пераехала ў Грузію, у Тбілісі.
Пра затрыманне Леановіч стала вядома ў кастрычніку 2023 года. Чаму дзяўчына вырашыла вярнуцца ў Беларусь — невядома.
Марына абвінавачваецца ў фінансаванні «экстрэмісцкай дзейнасці» (часткі 1 і 2 артыкула 361−2 КК) і «ўдзеле ў матэрыяльным забяспечанні дзейнасці па выкарыстанні грамадзян Беларусі для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах» (ч. 2 артыкула 361−3 КК). Звычайна па такіх артыкулах судзяць за данаты, напрыклад, палку Каліноўскага. Дзяўчыне пагражае ад пяці да дзесяці гадоў калоніі, піша «Наша Ніва».
Справу Марыны ў Мінскім гарадскім судзе 11 кастрычніка пачне разглядаць суддзя Алена Шылько. Раней яна асудзіла на сем гадоў калоніі праваабаронцу Насту Лойка і прызначыла пяць гадоў пазбаўлення волі мастаку Алесю Пушкіну, які памёр у зняволенні.