Сілавікі могуць не толькі затрымаць чалавека на мяжы па вяртанні з ЕС, але яшчэ і спакойна пусціць у Беларусь, а потым зрабіць невыязным і рэпрэсаваць. Пра гэта «Белсату» расказаў чалавек, які сам трапіў у такую сітуацыю. Інфармацыю пацвердзілі ў фондзе салідарнасці BYSOL.
Вядома пра дзесяць невыязных штомесяц
З меркаванняў бяспекі крыніца канала не хоча публікаваць падрабязнасці гісторыі, але пакарання ў Беларусі пазбегнуць удалося. Прадстаўнік BYSOL у размове з «Белсатам» сказаў, што ведае менавіта пра гэты выпадак. Больш за тое, такія гісторыі здараюцца рэгулярна.
«Да нас даходзіць далёка не ўся інфармацыя, але тое, пра што мы ведаем, — гэта даволі вялікія лічбы. За месяц можам даведвацца да дзесяці чалавек, якія ездзілі-ездзілі, а потым іх не выпусцілі», — паведаміў прадстаўнік службы эвакуацыі BYSOL Фёдар.
Суразмоўца адзначае: BYSOL ужо больш за год ён рэгулярна чуе гісторыі, калі чалавек не жыў у Беларусі, але часта прыязджаў без праблем і ў пэўны момант не змог выехаць праз афіцыйную забарону. Так адбываецца праз асаблівасці працы сістэмы сілавікоў.
«Маецца на ўвазе, што чалавек праязджае мяжу і высвятляецца ў базах кожны раз. Адначасова ў аператыўнікаў вядуцца крымінальныя справы на шмат тысяч чалавек адначасова па справе тых жа пратэстаў. І ў пэўны момант супадае, што даходзіць чарга да канкрэтнага чалавека — і ён высвечваецца ў базах, калі перасякае мяжу. Тады чалавек трапляе ў спіс невыязных», — тлумачыць Фёдар.
Ёсць яшчэ адзін сцэнар — калі чалавек ужо быў у спісе невыязных. У гэтым выпадку таксама можна заехаць у Беларусь без праблем.
«Калі ён быў у вышуку, яго б адразу затрымалі. Забарона на выезд азначае, што чалавек умоўна вольны: у межах Беларусі.
Сярод кейсаў часцей за ўсё з забаронай на выезд сутыкаюцца асобы, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, і маладыя людзі прызыўнога ўзросту», — працягвае прадстаўнік BYSOL.
Як засцерагчыся?
Галоўная парада і прынцыповая пазіцыя BYSOL — лепш не ездзіць у Беларусь, калі вам можа пагражаць небяспека ці ёсць падазрэнні на гэты конт.
Праверыць, абмежаваны вам выезд ці не, можна на сайце МУС.
«Але гэта можна зрабіць толькі з тэрыторыі Беларусі або віртуальна з тэрыторыі Беларусі, то-бок праз беларускі IP (можна выкарыстоўваць VPN. — Заўв. „Белсат“). І, натуральна, калі выезд абмежаваны, то ехаць проста забаронена, — кажа Фёдар. — Па-другое, калі мы разумеем, што бралі ўдзел у нейкіх акцыях, дзе маглі засвяціцца, ці гэта былі вядомыя акцыі, па якіх ідуць крымінальныя справы, то таксама не трэба ехаць».
Некаторыя беларусы спрабуюць паехаць дадому праз Расію. Гэта крыху павялічвае шанцы на поспех, але не дапамагае, адзначае суразмоўца.
«Варта як мага больш справаў у Беларусі рабіць дыстанцыйна. Калі чалавек усё ж вырашае ехаць у Беларусь, то трэба ўсведамляць, што ён можа сесці за краты, і ехаць з гэтым усведамленнем і падрыхтаванасцю. Падрыхтавацца — напісаць усе магчымыя даверанасці праз натарыуса, зрабіць блізкіх суўладальнікамі маёмасці і гэтак далей.
Калі ўсё ж чалавек, усведамляючы небяспеку, едзе дзеля якой-небудзь справы, тады прынамсі трэба старацца зрабіць гэтую справу як мага хутчэй — за дзень — і паспрабаваць выехаць праз Расію.
Калі чалавек усё ж паехаў і трапіў у сітуацыю, калі не можа выехаць, трэба сабраць як мага больш доказаў, што ён рэпрэсаваны па палітычных матывах, і з гэтымі доказамі звяртацца ў BYSOL», — рэзюмуе прадстаўнік службы эвакуацыі BYSOL.
Чытайце таксама


