Зайсці бясплатна на тэрыторыю замка ў Навагрудку цяпер нельга — дарогу перагарадзілі жалезнай брамай з замком. З’явіўся час працы і выходны дзень, у які замак зачынены. А паслухаць экскурсію можна будзе толькі ад акрэдытаваных экскурсаводаў, піша Hrodna.life.
Колькі каштуе ўваход на Навагрудскі замак і тэматычная экскурсія
Уваход на замак магчымы цяпер з аўторка да нядзелі, з 10.00 да 17.30. У панядзелак тэрыторыя замка закрытая. Цану паставілі сімвалічную — 1 рубель з чалавека. Заплаціць можна толькі наяўнымі. Для дзяцей да сямі гадоў уваход бясплатны. Пра новаўвядзенні расказаў Турыстычны інфармацыйны цэнтр у Навагрудку.
З’явіліся і абмежаванні для экскурсаводаў. Цяпер праводзіць экскурсію ў Навагрудскім замку могуць толькі супрацоўнікі мясцовага гістарычна-краязнаўчага музея ці асобы, якія атрымалі атэстацыю ад Нацыянальнага агенцтва па турызме. Пры гэтым яны павінныя мець пры сабе раздрукаваны спіс атэставаных тэмаў, сярод якіх будуць тэмы пра Навагрудак.
Тэматычная экскурсія па замку ад Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея пад назвай «Вачыма каралевы Марты» абыдзецца ў 35 рублёў.
Мясцовы турыстычны цэнтр актыўна супрацоўнічае з расійскімі тураператарамі
Тэлеграм-канал «MayDay.Team» нагадвае, што сёлета мясцовы турыстычны цэнтр падпісаў пагадненні з расійскай Асацыяцыяй тураператараў Паўночнага Захаду, Пскоўскім інфармацыйным цэнтрам і Калінінградскай вобласцю. Практычна ўсе турыстычныя матэрыялы ў гэтым сезоне выпусцілі толькі на рускай мове. А тэксты экскурсій, паводле інфармацыі канала, перапісалі пад расійскія гістарычныя клішэ. У верасні ўсе беларускія турыстычныя інфармацыйныя цэнтры рыхтуюцца да ўдзелу ва Усерасійскім з’ездзе турцэнтраў у Ніжнім Ноўгарадзе.
У гарадской прасторы Навагрудка таксама стала больш савецкага. Напрыклад, у школе № 7 адкрылі музей «Назад у СССР». А падчас святкавання 980-годдзя горада ў жніўні выступіў рэпер Сярога, які любіць Савецкі Саюз, падтрымлівае Пуціна, Лукашэнку і ідэю «рускага свету».
Чытайце таксама