Памерла праваабаронца, мама каліноўца, грамадская актывістка з Пінска Вераніка Іванова. Гэта адбылося, як паведамляюць знаёмыя, у Пінскай бальніцы, піша «Медыя-Палессе».
Вераніка Іванова была старшынёй Пінскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), яе пастаянна выклікалі ў міліцыю, праводзілі ператрусы ў кватэры. Раней яе неаднойчы затрымлівалі і судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, канфіскоўвалі маёмасць. Агулам яе аштрафавалі на 215 базавых велічынь (8600 рублёў).
У Веранікі трое дзяцей. Старэйшага — Кірыла — таксама судзілі за каментары ў «экстрэмісцкіх» чатах.
З пачатку вайны ва Украіне Кірыл служыць у палку беларускіх добраахвотнікаў імя Каліноўскага.
31 снежня мінулага года Кірыл атрымаў раненне пад Бахмутам, а за дзень да гэтага яго маці судзілі і пакаралі максімальным штрафам за размяшчэнне ў сацсетках матэрыялу з лагатыпам палка Каліноўскага.