Мінскі абласны суд асудзіў грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера на смяротнае пакаранне. Паводле звестак «Люстэрка», прысуд вынеслі 21 чэрвеня. Для Беларусі гэта вельмі рэдкі выпадак, калі замежніка асуджаюць на расстрэл. Сабралі ўсё, што вядома пра гэтага чалавека: здаецца, у яго вельмі незвычайная біяграфія.
Ахоўнік, аўтамеханік, медбрат
На LinkedIn ёсць старонка чалавека з імем Рыка Крыгер (Rico Krieger). На самой старонцы няма згадкі пра Беларусь ці суд. Уладальнік акаўнта не адказвае на паведамленні, не бяруць слухаўку і па пазначаным тэлефонным нумары, а таксама ў акаўнце ў Telegram з такой самай фатаграфіяй (гаворыцца, што апошні раз ён быў анлайн 30 верасня 2023 года). Але, паводле нашай інфармацыі, з вялікай доляй імавернасці гэтая старонка LinkedIn належыць чалавеку, якога судзілі ў Мінску.
Цяпер Рыка Крыгеру каля 30 гадоў. Ён скончыў сярэднюю школу ў нямецкай абшчыне Хапегартэн і прыватную ў горадзе Петэрсхаген. Пасля вучыўся на спецыяльнасці «аўтамехатроніка» ў горадзе Штраўсберг.
З 2014 да 2017 года мужчына працаваў ахоўнікам у амбасадзе ЗША ў Берліне. Ён адзначыў, што ахоўваў жылыя комплексы для марскіх пяхотнікаў, рэзідэнцыю амбасадара і візавы аддзел. Паводле яго ўласных словаў, там атрымаў «каштоўны досвед у галіне ўзброеных ахоўных аперацый».
З 2017 да 2021 года Крыгер выконваў працу «памочніка надомнай сядзелкі» ў гарадах Араніенбург і Брандэнбург. Арганізацыя, у якой ён быў уладкаваны — Michael Bethke Seniorenresidenzen GmbH, — піша, што займаецца доглядам пажылых людзей.
З чэрвеня 2021 года мужчына працаваў у службе хуткай дапамогі ў нямецкім горадзе Зальцгітэр. Ён піша, што быў медбратам, а пасля — фельчарам на хуткай. Сярод яго абавязкаў пазначаныя кіраванне машынай хуткай дапамогі, дыяліз, экстраннае і няэкстраннае транспартаванне.
У 2023 годзе мужчына апублікаваў пост пра пошук працы ў ЗША. Ён шукаў пасаду, якая дазволіць яму атрымаць візу або грын-карту. Ён расказаў пра свой досвед і напісаў, што поўны «рашучасці максімальна выкарыстоўваць любую магчымасць» працаваць у ЗША.
— У дадатак да майго прафесійнага досведу я лічу сябе вельмі ўніверсальным чалавекам з моцным імкненнем да навучання, — пісаў ён. — У мяне шырокі спектр талентаў і навыкаў, якія можна выкарыстоўваць у розных ролях і галінах. Я веру ў пастаяннае пашырэнне сваіх ведаў і ўдасканаленне сваіх здольнасцяў для адаптацыі да новых выклікаў.
За што судзілі грамадзяніна Германіі?
Пра тое, што Мінскі абласны суд будзе разглядаць крымінальную справу Рыка Крыгера, у канцы траўня пісалі праваабаронцы «Вясны». Першае паседжанне прайшло 6 чэрвеня.
Грамадзяніна Германіі абвінавацілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- арт. 133 (Найміцтва);
- ч. 3 арт. 289 (Акт тэрарызму);
- ч. 4 арт. 295 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
- ч. 4 арт. 309 (Прывядзенне ў непрыдатнасць транспарту або шляхоў зносін);
- ч. 3 арт. 361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім);
- арт. 358−1 (Агентурная дзейнасць).
Расстрэл прадугледжаны толькі ў адным з артыкулаў — гаворка пра ч. 3 арт. 289 КК (Акт тэрарызму). У гэтай частцы гаворыцца, што калі акт тэрарызму здзейснены арганізаванай групай альбо «з ужываннем аб’ектаў выкарыстання атамнай энергіі, альбо з выкарыстаннем радыеактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксічных хімічных ці біялагічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека», то максімальнае пакаранне — смерць.
Паводле звестак «Люстэрка», прысуд Крыгеру абвясцілі 21 чэрвеня. Смяротны прысуд вынес Алег Лапека, намеснік старшыні Мінскага абласнога суда.
Невядома, якія менавіта дзеянні інкрымінавалі Крыгеру. Няма ніякіх афіцыйных каментароў ні з боку Следчага камітэта ці КДБ, якія маглі расследаваць гэтую справу, ні з боку Генеральнай пракуратуры, якая ў судзе падтрымлівала абвінавачанне.
Таксама няма інфармацыі пра тое, ці абскардзіў падсудны прысуд і дзе менавіта яго цяпер утрымліваюць.
У чэрвені — яшчэ да пастановы суда — амбасада ФРГ у Мінску пацвярджала, што ў курсе судовага працэсу.
— Амбасада Германіі ў Мінску ведае пра выпадак і аказвае консульскія паслугі. Просім вас разумець, што мы не можам каментаваць далейшыя дэталі асобных консульскіх справаў, — гаварылася ў адказе выданню «Радыё Свабода».
Чытайце таксама