«Беларускі Гаюн» высветліў, што дрон-камікадзэ тыпу «Шахед», які зайшоў у Беларусь раніцай 16 ліпеня, разбіўся ў Кастрычніцкім раёне Гомельскай вобласці.
Паводле звестак праекта маніторынгу вайсковай актыўнасці, дрон зваліўся паміж гарадскім пасёлкам Парычы і аграгарадком Любань Гомельскай вобласці, што за 55 кіламетраў ад горада Бабруйск і за 120 кіламетраў ад мяжы з Украінай.
«Больш за тое, нам дакладна вядома, што падчас падзення адбыўся выбух дрона-камікадзэ, што наўпрост пацвярджае: „Шахеды“, якія залятаюць на тэрыторыю Беларусі, — ніякія не „вучэбныя“ ці „разведвальныя“, а рэальныя з боекамплектам на борце. І прызначаліся яны для атакі па тэрыторыі Украіны», — адзначае «Беларускі Гаюн».
Паводле звестак маніторынгавай групы, маршрут «Шахеда» быў наступным: заход у Беларусь у раёне трасы Р37 (вёска Аляксандраўка), далейшы рух на горад Нароўля, далей БПЛА зайшоў у Магілёўскую вобласць і рухаўся на Бабруйск, Быхаў, Беразіно і далей на Магілёў. БПЛА ўжо праляцеў над Беларуссю больш за 300 км.
Яму наперахват у 09.15 з аэрадрома Баранавічы быў узняты знішчальнік Су-30 ВПС Беларусі, а з аэрадрома Мачулішчы ў 09.10 — верталёт Мі-24 ВПС Беларусі.