Гамяльчук Павел перажыў учорашні ўраган у цягніку, які ехаў з Мінска ў Гомель. Выехаў цягнік па раскладзе — у 14.57, але далей надвор’е ўнесла карэктывы, і людзі больш за сем гадзін дабіраліся да Гомеля. Пра гэта Павел расказаў «Моцным навінам».
— Усе былі ўпэўненыя, што цягнік перакуліцца. Мы спачатку ўрэзаліся ў дрэва на хуткасці 120 кіламетраў за гадзіну, якое ўжо ляжала на шляхах, пачалі тармазіць, і на наш цягнік зваліліся яшчэ тры-чатыры вельмі вялікія дрэвы. Потым пачало штарміць. У вёсцы, што была відаць з акна, пачало зрываць дахі. Абламала наогул усе верхавіны на дрэвах. Гэта доўжылася хвілін 10−15. Потым сціхла. Мы засталіся стаяць, — расказаў мужчына.
Паводле яго, машыністы пачалі здымаць правы бок цягніка, які разбіла галінамі. Пазней прыехаў чалавек з бензапілой, які вызваліў цягнік, але праз пашкоджанні далей ехаць састаў не змог. І зноў трэба было чакаць: гэтым разам — цеплавоза са Жлобіна, каб дацягнуць цягнік да Гомеля.
— Праз дзве гадзіны цеплавоз прыехаў. Яго чаплялі гадзіну. Потым паехалі. Праз кіламетр сталі, бо тормазы ў «Штадлера» былі заціснутыя. Машыніст зняў шланг з цягніка і падчапіў да цеплавоза. Мы паехалі. Праехалі яшчэ два-тры кіламетры і зноў сталі. Разоў пяць мы краналіся і зноў спыняліся. У Гомель прыбылі толькі ў 22.20. Ад персаналу не было наогул ніякай інфармацыі, проста нуль, — дзеліцца мужчына.
Паводле яго, за гэтыя сем гадзін людзей не выпускалі вонкі, святла ў салоне не было, а прыбіральні не працавалі.
— Але пасажыры аказаліся надзіва цярплівымі. Дзве дзяўчыны персаналу аказаліся вельмі ўстойлівымі да стрэсавых сітуацый. Ім асобны дзякуй. Трэба нешта рабіць. БЧ ігнаравала сітуацыю, — адзначае Павел.
Як заявіла прэс-служба Беларускай чыгункі, затрымка цягнікоў учора складала ад адной да трох гадзін. Больш за ўсё пацярпелі наступныя ўчасткі: Калінкавічы — Жлобін, Калінкавічы — Жыткавічы, Калінкавічы — Славечна, Жлобін — Гомель.
Чытайце таксама