Праваабаронцам стала вядома, што некаторыя палітвязні адмовіліся выходзіць на волю 3 ліпеня, не пагадзіўшыся з умовамі вызвалення, піша ПЦ «Вясна».
«Імаверна, гэта звязана з тым, што частка палітвязняў выйшла на волю па памілаванні — ім давялося пісаць прашэнне на імя Лукашэнкі. Вядома, што замест гэтых людзей прапанавалі выйсці на волю іншым палітвязням. Таксама паведамляецца, што працэдура вызвалення праходзіла вельмі хутка — некаторым нават не далі сабраць свае рэчы», — паведамляюць праваабаронцы.
Нагадаем, праваабаронцам дакладна вядома пра 18 палітвязняў, якія выйшлі на волю 3 ліпеня. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын, уключаючы асуджанага да 10 гадоў калоніі і хворага на анкалогію Рыгора Кастусёва.
Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйнае маўчанне дзеля бяспекі зняволеных, таму пакуль не публікуюць імёнаў астатніх вызваленых.
Нагадаем, 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што шэраг асуджаных «праціўнікаў беларускіх уладаў» найбліжэйшым часам можа выйсці на волю.
— Мы мусім дзейнічаць па-людску. Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжка хворыя, як пішуць, нашыя, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах не так аддаленых, якія ламалі, разбурылі краіну ў 2020 годзе. Але гэта сапраўды цяжкахворыя. У асноўным з ракавымі захворваннямі, — заявіў Лукашэнка.
На наступны дзень, 3 ліпеня, улады вызвалілі некалькіх палітвязняў.