Праваабаронцам вядомыя імёны як мінімум 16 палітвязняў, якія выйшлі на волю 3 ліпеня, паведаміў ПЦ «Вясна».
На волю выйшлі тры жанчыны і 13 мужчын. Сярод іх — асуджаны на 10 гадоў калоніі Рыгор Кастусёў, пра вызваленне якога стала вядома раней. Частка людзей выйшла на волю па амністыі, частка — па памілаванні.
«Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых», — паведамілі ў ПЦ «Вясна».
Нагадаем, 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што шэраг асуджаных «праціўнікаў беларускіх уладаў» найбліжэйшым часам можа выйсці на волю.
— Мы мусім дзейнічаць па-людску. Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжка хворыя, як пішуць, нашыя, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах не так аддаленых, якія ламалі, разбурылі краіну ў 2020 годзе. Але гэта сапраўды цяжкахворыя. У асноўным з ракавымі захворваннямі, — заявіў Лукашэнка.
На наступны дзень, 3 ліпеня, улады вызвалілі некалькі палітзняволеных.