Выпускнік віцебскай гімназіі Пётр Бурштын набраў максімальныя сто балаў на ЦТ адразу па трох прадметах. Пра гэта паведамляе выданне «Віцьбічы».
Паказаць максімум ведаў яму ўдалося на экзаменах па рускай мове, матэматыцы і фізіцы.
Паводле хлопца, ён чакаў высокіх балаў, бо старанна вучыўся, але такія вынікі сталі для яго прыемнай нечаканасцю.
«У фізіцы быў упэўнены менш за ўсё, таму вынік выклікаў захапленне і радасць. Адказаў на некаторыя заданні не ведаў, даводзілася падключаць інтуіцыю. Разлічваў атрымаць 85−95 балаў», — падзяліўся Пётр.
Ён таксама расказаў, што сярэдні бал яго атэстата — 9,6, а плануе паступаць ён на энергетычны факультэт у БНТУ.
Міністэрства адукацыі сёння, 20 чэрвеня, падвяло вынікі цэнтралізаванала тэставання, якое праходзіла ў Беларусі 3 і 6 чэрвеня, і паведаміла, што максімальна магчымыя 100 балаў змаглі набраць 613 чалавек.