У сярэднім даўжыня пеніса ў беларусаў складае каля 14 сантыметраў. Але гэта ў сярэднім. Ёсць і тыя, каго прырода ўзнагародзіла нашмат большым пенісам. Нехта можа пазайздросціць і нават пачаць камплексаваць, але насамрэч па-сапраўднаму вялікі памер прыносіць нямала праблем. «Люстэрка» знайшло жанчын, якія былі ў адносінах з уладальнікамі пенісаў ад 18 сантыметраў, і распытала, як выглядала іх інтымнае жыццё.
Усе імёны ў тэксце змененыя.
«Самае непрыемнае — калі пеніс уваходзіць цалкам»
Са сваім цяперашнім партнёрам Кацярына пачала сустракацца, калі ёй было 23 гады. Ён быў не першым мужчынам у нашай суразмоўніцы, таму яна «ўжо прыкладна ведала, што не ва ўсіх такія».
— Вядома, пра памер пеніса свайго абранніка я даведалася не адразу. Доўгі час мы не спалі. Але калі гэта здарылася, спачатку асаблівых праблем не было. Спісваю ўсё на жарсць-буру-шаленства, — усміхаецца Кацярына.
Праблемы ў пары пачаліся, калі жанчына пачала засцерагацца гарманальнымі кантрацэптывамі. Праз іх, кажа яна, у яе знізілася лібіда.
— Жаданне пачало знікаць, руціна таксама ціснула: на той момант мы ўжо некалькі гадоў былі разам, — успамінае суразмоўніца. — Сэкс пачаў здарацца, хутчэй, па плане — ад гэтага не хапала ўзбуджэння. Гэта і прывяло да праблем: пастаянна рвецца ўваход у похву, труцца сценкі ўнутры. А самае непрыемнае — гэта калі пеніс уваходзіць цалкам, на ўсю даўжыню. Асабліва калі тэмп высокі.
Кацярына кажа, што ўсё пералічанае не проста балючае, але і прыводзіць да доўгачасовых «жаночых» праблем.
— Атрымлівалася так: пазаймалася сэксам 10 хвілін — потым лечышся месяц. У выніку гінеколаг забараніла нам усе позы з глыбокім пранікненнем, — прызнаецца беларуска. — Але мой партнёр паставіўся з разуменнем і прапанаваў памяняць канцэпцыю: хуткі сэкс — гэта ўжо не для нас. Цяпер ён больш надае ўвагі прэлюдыі і падрыхтоўцы. Стала лепш. Праблемы часам паўтараюцца, але хаця б ужо не пасля кожнага сэксу.
Як кажа Кацярына, памер у яе партнёра сапраўды вялікі. Мералі разам — атрымалася даўжэй за 18 сантыметраў. Гэта больш, чым сярэдні памер у мужчын з Судана (17,95) — паводле апошніх звестак, яны ўзначальваюць сусветны топ.
— Якім бы ні быў памер пеніса, на якасць сэксу вельмі моцна ўплывае заангажаванасць партнёра, — упэўненая беларуска. — Напрыклад, я чула ад некалькіх хлопцаў, што, калі пеніс досыць доўгі, гэта зніжае яго адчувальнасць. І калі хлопец не дапаможа сабе і не дапаможа падрыхтавацца жанчыне, то сэкс можа стаць катаваннем.
З іншага боку, на думку Кацярыны, у пэўных позах вялікі пеніс робіцца акурат перавагай.
— А ва ўдала падабраных штанах ці джынсах яшчэ і пахвіна выглядае вельмі сэксуальна, — мяркуе суразмоўніца. І дадае: — У абарону маленькіх пенісаў скажу, што з ім хлопец будзе ў захапленні ад аральнага сэксу, а дзяўчыне не давядзецца праходзіць курсы, каб усё атрымалася. У мяне ёсць сяброўка, якая пазнаёмілася з кітайцам (згодна са статыстыкай, іх пенісы ў сярэднім 12,9 сантыметра ў даўжыню. — Заўв. рэд.), і ён «ашалеў» ад асалоды.
Кацярына дагэтуль у адносінах са сваім партнёрам — пары ўдалося прыйсці да камфортных для абаіх практык.
«Пад канец адносін ужо проста мастурбавала яму рукамі»
Цяпер Агаце амаль 30 гадоў. А калі ёй было 19, яна пазнаёмілася з 22-гадовым Максімам. Ён стаў яе першым партнёрам ва ўсіх сэнсах: і ў сэксе, і ў «сур'ёзных» адносінах.
— Прыкладна праз месяц сустрэч і прагулак па парках мы нарэшце знайшлі час і месца для сэксу. Гэта было ў кватэры яго бацькоў, калі яны з’ехалі на лецішча, — успамінае Агата. — Прэлюдыі асаблівай не было: пацалаваліся трохі — і наперад. Сваё цела я тады ведала кепска, а ўжо пра тое, як адбываецца і адчуваецца «сапраўдны сэкс» — яшчэ менш. Тут трэба сказаць дзякуй адсутнасці полавага выхавання і асабістай прасторы для даследавання сябе ў падлеткавым узросце.
Як прызнаецца суразмоўніца, перад сэксам яна верыла ў адзін стэрэатып — «мусіць быць балюча».
— У гэтым я не падманулася. Тым больш у Максіма аказаўся вельмі буйны пеніс: я потым літаральна мерала, каб пераканацца. Аказалася, амаль 19 сантыметраў. Але першы раз натуральнай змазкі было недастаткова, а ўвайшоў ён цалкам ужо за пару рухаў — натуральна, з’явіліся разрывы, кроў і боль унізе жывата, — апісвае беларуска. — Цяпер я б папрасіла мужчыну спыніцца яшчэ ў працэсе, але тады мне хацелася быць «добрай дзяўчынкай». Доўжылася гэта каля 10 хвілін, але па адчуваннях — вечнасць.
У выніку Агата і Максім сустракаліся яшчэ некалькі гадоў. Хоць, паводле суразмоўніцы, пасля першага разу сэкс не палепшыўся, а рабіўся для яе ўсё большай пакутай.
— Магчыма, у яго знікала пачуццё навізны са мной, — разважае Агата. — Максіму станавілася ўсё складаней скончыць, і працэс пачаў расцягвацца да 15−20 хвілін механічных фрыкцый. Сэкс мне стаў ненавісны, бо гэта было доўга, балюча і часта — дзесьці раз на некалькі дзён.
На той момант Агата думала, што праблема ў ёй, і шчыра кажа: варыянту абмеркаваць сітуацыю з пазіцыі дарослай не разглядала. Сябе ў юным узросце беларуска называе «недалюбленай і няўпэўненай у сабе», а партнёра — «вельмі абаяльным» маніпулятарам, якому хацелася дагадзіць.
— Замест таго каб адмовіць у сэксе ці прапанаваць разам знайсці прыемны для мяне фармат, я пачала хітраваць. Напрыклад, спачатку ўключала на фон порна, каб неяк паскорыць працэс для яго, а пад канец адносін ужо проста мастурбавала яму рукамі пад відэа, — расказвае Агата. — А аднойчы я прапанавала яму зрабіць мне кунілінгус: вычытала недзе, што гэта можа дапамагчы ўзбудзіцца. Ён доўга адпіраўся, а потым, ледзь пачаўшы, з гукамі ванітнага рэфлексу ўцёк у лазенку. Я была ў шоку і яшчэ шмат гадоў пасля гэтага была ўпэўненая, што ў мяне нейкая няправільная і агідная вагіна.
Вялікі пеніс урэшце аказаўся далёка не асноўнай прычынай таго, што Агата вырашыла скончыць адносіны. Але яна кажа, што пасля растання з Максімам «яшчэ доўга не наважвалася на сэкс зноў».
— Значна пазней, з іншым партнёрам, якому ўдалося мяне дастаткова разняволіць, я даведалася, што са мной усё ў парадку: і сэкс можа быць бязбольным, і вагіна ў мяне нармальная. Там, дзе няма ўвагі і чуласці да партнёркі, атмасферы даверу і прыняцця, ніякія сантыметры не дапамогуць, — упэўненая Агата. — І наогул, я прыхільніца меркавання «галоўнае — гэта ўменне карыстацца». У мяне былі мужчыны з рознымі памерамі, у тым ліку невялікімі, каля 10−12 сантыметраў. Можна ўзненавідзець сэкс дзякуючы «вялікаму» і адчуваць аргазмы дзякуючы стэрэатыпнаму «маленькаму».
А праўда, што вялікім пенісам можна нанесці жанчыне траўму падчас сэксу?
Тэарэтычна гэта можна зрабіць нават са «стандартным» памерам пеніса.
Дыскамфорт і боль ад полавага акту з’яўляюцца, паводле розных звестак, у 20−30% жанчын. Прычынамі балесных адчуванняў падчас сэксу бываюць розныя захворванні і станы — напрыклад, эндаметрыёз ці вагінізм.
— Гэта можа быць складана і непрыемна для абодвух бакоў, але пры правільным падыходзе пары могуць практыкаваць блізкасць. Партнёры [людзей, якія адчуваюць боль падчас сэксу] уплываюць на балесныя адчуванні больш, чым яны, імаверна, думаюць. Яны могуць як узмацніць пачуццё сораму, так і зменшыць гэты сорам, нагадаўшы партнёрцы, што яе адчуванні — для іх не цяжар і вы можаце разам знайсці спосаб справіцца з гэтым, — тлумачыла аўстралійскі сэксолаг Касандра Мурыкіс.
З гэтым згодная і амерыканская псіхатэрапеўтка Памэла Стывенсан Коналі, якая спецыялізуецца на лячэнні сэксуальных разладаў. Яна раіць выключыць практыкі пранікальнага сэксу, пакуль жанчына не высветліць сапраўдную прычыну ўзнікнення болю (інакш сітуацыя можа пагоршыцца). Каб знайсці рашэнне, важна не хаваць сваёй праблемы ад дактароў на прыёме і папрасіць дапамогі.
Акрамя гэтага, бурны полавы акт можа справакаваць апаплексію яечніка — так у медыцыне называецца раптоўнае кровазліццё ў гэты орган. Яно небяспечнае тым, што парушаецца цэласнасць яечніка і можа пачацца крывацёк у брушную поласць, што можа нават паставіць жыццё жанчыны пад пагрозу. Таму калі пасля сэксу адчуваецца моцны боль і рэзкае пагаршэнне самаадчування, не варта адмахвацца ад гэтага — лепш адразу ісці да медыкаў на агляд.
Каб зрабіць сэкс прыемным для ўсіх, рэкамендуецца карыстацца лубрыкантам і паспрабаваць спецыяльныя кольцы для пеніса, з якімі лягчэй рэгуляваць глыбіню пранікнення. А яшчэ — не забываць падбіраць прэзерватывы па памеры.
Адкрыта гаварыць пра сэкс і сэксуальнасць бывае вельмі цяжка. А гэта ж важная частка жыцця! «Люстэрка» імкнецца разбіць сцяну маўчання вакол інтымных пытанняў ці хаця б пачаць гаварыць на гэтыя тэмы з адэкватным падыходам і ў сучасных тэрмінах.
Падтрымайце рэдакцыю, каб мы маглі працягваць адукацыйную працу
Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.