Вядоўцы перадачы «СкажиНеМолчи» спыталі ў запрошанага госця — расійскага дызайнера Арцемія Лебедзева — пра тое, ці трэба зняволеным ствараць камфортныя ўмовы адбыцця пакарання, і вельмі здзівіліся яго адказу.
— Ідэя захапляльная, пра якую вы цяпер расказваеце ў інтэрв'ю, — гэта дызайн СІЗА. Вы хочаце, каб людзям было камфортна ў ізалятары знаходзіцца. Бо гэта яшчэ не зняволены, а чалавек [у дачыненні да якога была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту], — сказала вядоўца Вікторыя Папова.
— І ў вас у Беларусі таксама СІЗА горшы, чым турма і чым калонія. Гэта няправільна, — адказаў Лебедзеў.
— Я з вамі тут згодная. Але «паляпшайзінг» з часам прымае такія формы, як у Нарвегіі, калі Брэйвік ужо сядзіць у двухпавярховым асабняку з папугаямі, з кінатэатрамі, а яму ўсё роўна ўсё кепска. Тут вось як знайсці баланс разумны, — пагадзілася Папова.
На гэта расійскі дызайнер параіў паменш перажываць наконт таго, якія ўмовы ў Брэйвіка.
— Ён (Брэйвік. — Заўв. рэд.) абсалютны выпладак пекла, які будзе варыцца ў 28 катлах, і яму чэрці будуць вілы ў бакі ўстаўляць, але гэта не значыць, што ён не можа сядзець у турме ў чалавечых умовах, — сказаў Лебедзеў.
— То-бок вы лічыце, што толькі добрымі ўмовамі можна перавыхаваць нягодніка? - удакладніла Таццяна Шчарбіна.
— Я не думаю, што нягодніка можна перавыхаваць дрэннымі ўмовамі. Прыніжэнне чалавечай годнасці нікога не перавыхоўвае. Можа, яно трошкі неяк адпуджвае чалавека, які не захоча лішні раз туды трапляць, але нават проста абмежаванне свабоды любое — гэта ў прынцыпе ўжо тое, што спыняе многіх людзей ад правапарушэнняў. Для гэтага неабавязкова далей чалавека зневажаць, — адказаў расіянін.
Занепакоеныя мяккімі ўмовамі адбыцця пакарання нарвежца Брэйвіка, вядоўцы «СкажиНеМолчи», здаецца, зусім не ў курсе таго, як адбываюць пакаранне беларускія палітвязні. Незалежныя медыя і праваабарончыя арганізацыі не раз публікавалі гісторыі сядзельцаў, якія выйшлі на волю і расказвалі пра перадузятае стаўленне з боку адміністрацыі папраўчых установаў да людзей, асуджаных па «палітычных» артыкулах. Ім абмяжоўваюць сувязь са сваякамі, рэгулярна адпраўляюць па надуманых падставах у штрафны ізалятар, пазбаўляюць сустрэч, скіроўваюць на цяжкія працы.
З 2020 года ў беларускіх калоніях і СІЗА памерлі шэсць палітвязняў. 9 красавіка 2024 года ў Брэсцкім СІЗА памёр Аляксандр Кулініч, якога абвінавачвалі па арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). У канцы лютага 2024 года памёр палітзняволены грамадскі актывіст Ігар Леднік. У ноч на 9 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі № 3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько. Уначы 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітвязень Алесь Пушкін. У траўні 2023 года ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітвязень блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17 памёр актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак.
Чытайце таксама