МУС дасылае лісты на прадпрыемствы з папярэджаннем пра супрацоўнікаў, якія могуць быць замяшаныя ў карупцыйных ці іншых злачынствах. Пра гэта расказаў у эфіры СТБ начальнік Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама Яўген Буцько.
Спікер паведаміў, што за мінулы год толькі ў Мінску супрацоўнікі яго падраздзялення разаслалі ў шэраг арганізацый лісты пра нядобранадзейных супрацоўнікаў. Такія запіскі дасылаліся кіраўніку прадпрыемства «пры мінімальных карупцыйных рызыках», якія, паводле дапушчэння сілавікоў, «ёсць на дадзеным прадпрыемстве».
— Больш за 50 інфармацыйных лістоў пра тое, што дадзены кіраўнік альбо дадзены чалавек, службовая асоба можа мець пэўныя рызыкі…
— Высокая імавернасць таго, што ён можа быць хабарнікам? — удакладніла вядоўца.
— У тым ліку, — адказаў Буцько.
Практыка рассылання па месцы працы лістоў, што абвінавачваюць у здзяйсненні карупцыйных злачынстваў людзей, у дачыненні да якіх нават не былі распачатыя крымінальныя справы, абурыла аднаго з удзельнікаў перадачы.
— Хіба можна адсылаць лісты з падазрэннем, што хтосьці бярэ хабар? — пацікавіўся ў міліцыянта аналітык Георгій Грыц.
— Дадзеныя лісты — гэта як вынік праведзенай істотнай, глабальнай аператыўнай працы, — адказаў Буцько. — Калі мы легалізуем матэрыялы АВД (аператыўна-вышуковай дзейнасці. — Заўв. рэд.) на падставе адпаведных нормаў і дзейнічаем выключна ў рамках дадзенага закона, мы маем права, у адпаведнасці з пэўнымі пастановамі Саўміна, такім матэрыялам даваць агалоску, каб кіраўнік адпаведнага прадпрыемства ведаў, бачыў і разумеў, што адбываецца ў яго на прадпрыемстве.