У Сейме Літвы зарэгістравалі папраўку, што прапануе ануляваць дазвол на часовае пражыванне беларусам, якія занадта часта наведваюць радзіму.
У дакуменце адзначаецца, што «абсалютная большасць беларусаў, якія маюць часовы від на жыхарства ў Літве, больш ці менш рэгулярна вяртаюцца ў Беларусь». Сярод іх ёсць і тыя, хто мае дазвол на часовае пражыванне, выдадзенае на гуманітарных падставах.
«Тысячы такіх выпадкаў былі зафіксаваныя ў снежні мінулага года. У Беларусі ў гэтых людзей ёсць свае сем'і, сябры, сваякі, яны вяртаюцца падчас вялікіх святаў. Аднак іх там могуць завербаваць, папрасіць выканаць пэўныя разведвальныя функцыі і гэтак далей», — адзначаецца ў дакуменце.
Для «кантролю рызык», звязаных з частым вяртаннем на радзіму беларусаў, якія маюць літоўскі ВНЖ, «мэтазгодна ануляваць дазвол на часовае пражыванне, выдадзенае грамадзянам Беларусі ў Літве, калі яны выязджаюць у Беларусь часцей за раз на месяц цягам апошніх 12 месяцаў». Такую абмежавальную меру прапануецца ўжыць і ў дачыненні да расіян.
Акрамя таго, дэпутаты прапанавалі ануляваць дазволы на часовае пражыванне ў Літве беларусам і расіянам за «публічную ўхвалу злачынства расійскай агрэсіі».
«Віды на часовае пражыванне, выдадзеныя грамадзянам Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы, анулююцца, калі яны наўмысна і сістэматычна публічна распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, якая супярэчыць інтарэсам грамадства ці дзяржавы», — гаворыцца ў дакуменце.
Чытайце таксама