Старшыню Беларускага саюза жанчын, а таксама дырэктарку беларускага прадстаўніцтва МТРК «Мір» Вольгу Шпілеўскую ў эфіры праграмы «Сто вопросов взрослому» на тэлеканале «Беларусь 1» спыталі, як яна ставіцца да навучання за мяжой. Калі каротка — навошта некуды ехаць, калі ў нас адукацыя «на вельмі добрым узроўні», а кар’еру трэба будаваць у Беларусі.
«Ну, па-першае, я ніяк не стаўлюся да навучання за мяжой, бо я не вельмі разумею, навошта трэба ехаць вучыцца за мяжу. Калі мы гаворым пра першую вышэйшую адукацыю або любую іншую адукацыю, то сэнсу з’язджаць далёка ад сваіх бацькоў, ад сваёй краіны і ад самога сябе для таго, каб навучыцца нейкім такім базавым рэчам. Плюс гэта твой менталітэт, мова, твае выкладчыкі. У нас вышэйшая адукацыя, нашая беларуская, цэніцца абсалютна ўсюды. І ўсе кажуць пра тое, што яна ў нас на вельмі добрым узроўні», — заявіла Шпілеўская.
Яна дадала, што не праціўніца таго, каб беларускія студэнты некуды выязджалі і вучыліся. Але, на яе думку, яны павінныя вяртацца, каб атрыманыя веды «рэалізаваць у сваёй краіне».
«Дачка мая не так даўно скончыла Беларускі лінгвістычны ўніверсітэт. Ёсць шмат прыкладаў таго, як яе равеснікі некуды з’язджаюць вучыцца. А з якой мэтай? Ну, а што далей? А якое развіццё далей? А што з вамі будзе там пасля атрымання той вышэйшай адукацыі? Ці ёсць у вас выразны план на вашую далейшую паспяховую будучыню? Тут яна будзе абавязкова, бо калі вы беларус, вы сапраўды патрэбныя сваёй краіне. І вы дакладна зробіце і пабудуеце тут кар’еру, бо вы чалавек гэтай краіны. Гэта вашая радзіма, гэта вашыя карані», — падсумавала яна.
Нагадаем, на лютаўскай нарадзе па вышэйшай адукацыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «ледзь не палова студэнтаў» сёння незадаволеная ўзроўнем атрыманых ведаў.
Ён таксама абурыўся імкненнем выпускнікоў атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой: «Гэта што за мода? Ці аб’ектыўны выбар? Гэта будучая эліта дзяржавы. Нашай дзяржавы. Як вы за іх змагаецеся? Канкрэтнае пытанне, на якое я хацеў бы пачуць канкрэтны адказ. Вядома, яны могуць вярнуцца, але з цалкам перакручанай свядомасцю. І чаму БДУ, БНТУ, медыцынскія ўніверсітэты ці БДУІР не з’яўляюцца для нашых вундэркіндаў прыярытэтам для паступлення?»
Раней ён заяўляў, што за мяжой навучанне ў ВНУ каштуе «шалёных грошай».
Усе гэтыя заявы былі зробленыя на фоне планаваных змяненняў у сістэме адукацыі — абавязковым размеркаванні студэнтаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю на платнай аснове. Беларускія ўлады таксама аддаюць перавагу таму, каб не гаварыць пра іншыя праблемы — надзвычайную ідэалагізаванасць у сістэме адукацыі, рэпрэсіі ў Беларусі, адмову ад Балонскага працэсу і гэтак далей.