«Чаму тэлефон не пачысціў?» Пагаварылі з беларусам, якога затрымалі на мяжы, калі ён вяртаўся з Польшчы
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Затрыманні на мяжы беларусаў, якія вяртаюцца дадому, сталі частай падзеяй. Многія ўжо ведаюць, што да праходжання пашпартнага кантролю лепш падрыхтавацца — выдаліць з тэлефона падазроныя для сілавікоў падпіскі, паведамленні, фота і пачысціць гісторыю браўзера. Так зрабіў і Віктар, які ехаў у канцы снежня з Польшчы ў родны Брэст да бацькоў. Аднак на мяжы яго затрымалі і адправілі ў ІЧУ. Пра праверку на мяжы і «суткі» ў ІЧУ мужчына расказаў «Люстэрку».

Снимок носит иллюстративный характер. Фото: TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY
Імя героя змененае з меркаванняў бяспекі.

«Сказалі, што набліжаюцца выбары ў парламент, і папрасілі тэлефон»

У 2020 годзе брастаўчанін Віктар, як і тысячы іншых беларусаў, не пагадзіўся з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і выйшаў на пратэсты. За ўдзел у адным з маршаў мужчыну затрымалі і арыштавалі на 15 сутак. Пасля гэтага ён з’ехаў у Польшчу і ўладкаваўся там на працу. У снежні 2023-га беларус вырашыў паехаць да бацькоў на Каляды і Новы год. Да паездкі ён падрыхтаваўся, здавалася, грунтоўна — тэлефон быў пачышчаны, нішто не прадказвала бяды.

— Мой аўтобус прыехаў на беларускую мяжу раніцай, — пачынае свой аповед мужчына. — На пашпартным кантролі людзей прапускалі хутка — літаральна хвіліна на кожнага. Я стаяў хвілін пяць, памежніца нешта глядзела ў камп’ютары, націскала клавішы, а потым назвала мой беларускі нумар мабільнага і спытала, ці сапраўды ён належыць мне. Я пацвердзіў.

Пасля гэтага супрацоўніца сказала Віктару чакаць. Неўзабаве па яго прыйшоў іншы чалавек, гадоў 30 на выгляд.

— Ён вельмі нагадваў супрацоўніка КДБ, хоць быў у памежнай форме з пагонамі капітана, — апісвае яго суразмоўца. — Я папрасіў яго прадставіцца, але ён адказаў, што не абавязаны рабіць гэта. Назваў толькі свой асабісты нумар, але я яго не запомніў — было вельмі шмат лічбаў.

Гэты супрацоўнік прывёў Віктара ў пакой, дзе іх чакалі яшчэ двое ў форме памежнікаў. Так пачалося «апытанне».

— Мяне пачалі пытаць, што рабіў у Польшчы, навошта паехаў, навошта вярнуўся, што збіраюся далей рабіць, — успамінае беларус. — Я адказаў, што з’язджаў працаваць, вярнуўся бацькоў адведаць, падарункі прывёз, а далей зноў планую ехаць у Польшчу працаваць. Адзін з супрацоўнікаў сказаў, што набліжаюцца выбары ў парламент, але я шчыра адказаў, што не ведаю і не цікаўлюся гэтым. Пасля гэтага яны запатрабавалі тэлефон, і я яго аддаў. Гэта было, а 5-й раніцы.

«Папрасіў патэлефанаваць, але мне адказалі, што не маю на гэта права»

Праверка тэлефона заняла паўтары гадзіны. Праходзіла яна скрупулёзна: у Віктара прасілі ўсе запытаныя праграмамі паролі, вывучалі змесціва фотагалерэі, гісторыю перапісак у чатах і падпіскі на тэлеграм-каналы.

— Бліжэй да паловы сёмай твар супрацоўніка стаў трошкі радаснейшы. Ён паведаміў, што я затрыманы, бо ў маім тэлефоне знойдзеныя матэрыялы антыдзяржаўнай скіраванасці, — кажа мужчына. — Памежнік выклікаў міліцыю. Хвілін праз дзесяць прыехаў нарад — старшы лейтэнант і старшы прапаршчык. Яны таксама сказалі, што я затрыманы. Прымусілі падпісаць нейкую паперу, што прэтэнзій да супрацоўнікаў памежнай службы ў мяне няма. Я спрабаваў адмовіцца, казаў, што яны без пратаколу канфіскавалі мой тэлефон, вывучалі яго змесціва. Але памежнік на гэта толькі засмяяўся і сказаў, што тэлефон я аддаў добраахвотна. Карацей, паперу давялося падпісаць. Яшчэ я папрасіў патэлефанаваць, каб папярэдзіць сваякоў. Але мне адказалі, што не маю на гэта права.

Снимок носит иллюстративный характер. Фото: TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

На Віктара надзелі кайданкі, хоць ніякага супраціву затрыманню ён не аказваў, і адвялі ў службовы аўтамабіль. Але напаўдарозе да міліцэйскага ўчастка машына нечакана спынілася.

— Гэты старлей спытаў, ці хачу я пакурыць, — тлумачыць мужчына. — Я вельмі здзівіўся гэтаму пытанню, але сказаў, што хачу. Мы выйшлі, закурылі. Ён пачаў задаваць мне пытанні: «Чаму тэлефон не пачысціў, чаго наогул вярнуўся, не бачыш, што адбываецца?» Яшчэ сказаў, што ў яго і так праблем па горла, яшчэ і са мной трэба важдацца. Я спытаў: «Ці нельга гэта неяк вырашыць і адпусціць мяне?» Ён адказаў, што не, цяпер мяне даставяць у пастарунак, аформяць пратакол, і гэта зойме час.

Далейшыя падзеі сапраўды занялі шмат часу. У камеры ўчастка міліцыі Віктар прабыў амаль суткі. На яго склалі пратакол, з якога мужчына даведаўся прычыну затрымання. Аказалася, што ў архіве Instagram знайшлі сторыз, у якіх — рэпосты навін «экстрэмісцкага медыя».

— Нейкае віншаванне Святланы Ціханоўскай, навіна пра тое, як былы сілавік у Мінску стрэліў у 16-гадовага хлопца, і яшчэ нешта пра Лукашэнку і Качанаву, — тлумачыць суразмоўца. — Міліцыянт у пастарунку сфатаграфаваў гэта на маім тэлефоне, раздрукаваў на прынтары і папрасіў распісацца. Яшчэ сказаў, што гэта расцэньваецца як захоўванне і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў — артыкул 19.11 КаАП. Маўляў, па ім суд можа прызначыць штраф да 30 базавых (1200 рублёў. — Заўв. рэд.) або арышт да 15 сутак.

«Бацькі казалі памежнікам, што ведаюць дакладна: мяне знялі з аўтобуса на іх прапускным пункце. Але тыя рабілі выгляд, што чуюць пра такое ўпершыню»

Больш да канца дня ніякіх працэсуальных дзеянняў з Віктарам не праводзілі. Ён проста сядзеў у камеры ўчастка, пазбаўлены магчымасці нават патэлефанаваць бацькам.

— А бацькі мяне шукалі! — усклікае мужчына. — Яны спрабавалі датэлефанавацца на мяжу, у мясцовае аддзяленне міліцыі. Усе як адзін казалі, што нічога не было, нічога не здарылася. Бацькі казалі памежнікам, што ведаюць дакладна: мяне знялі з аўтобуса на іх прапускным пункце. Але тыя рабілі выгляд, што чуюць пра такое ўпершыню.

Бліжэй да ночы Віктара перавезлі ў ізалятар часовага ўтрымання Брэста, у якім ён ужо адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.

— Там усё было яшчэ горш, чым у 2020 годзе, — сцвярджае суразмоўца. — Тады хаця б дрэнненькія матрац з падушкай выдавалі, а цяпер і гэтага няма. Нельга курыць, прыхінацца да сцяны, седзячы на нарах. Людзей там сядзіць вельмі шмат — гэта можна было зразумець на паверках, калі супрацоўнік гучна называў прозвішчы затрыманых. На ўсіх надзяваюць кайданкі, ісці па калідорах увесь час трэба тварам у падлогу, пакуль у камеру не заводзяць. Усіх, хто сядзеў па артыкуле 19.11, ноччу будзілі па тры разы. Прымушалі падыходзіць да акенца і называць імя, прозвішча, дату нараджэння і за што ты тут знаходзішся.

Уся камера кішэла клапамі, гэта было страшна, ніхто нічога з гэтым не рабіў. Мы прасілі, каб нам хоць нейкіх анучак далі, каб можна было іх неяк выціраць. Але нікому нічога не давалі. Святло ў камеры, натуральна, ніколі не гасла. Яно ўвесь час гарэла, гарэла ярка, спаць было немагчыма. Ежа была агідная. На вячэру давалі адно варанае яйка, гарбату — толькі раніцай, з нейкай кашай, а на абед бульбу з катлетай, якую складана назваць катлетай.

У такім становішчы Віктар сустрэў каталіцкія Каляды. Раніцай 26 снежня наглядчыца ІЧУ зайшла ў камеру, назвала яго прозвішча і скамандавала: «З рэчамі на выхад!»

— Яна сказала, што мяне вызваляюць, — кажа мужчына, успамінаючы, што ў той момант адчуў моцную палёгку. — Пасля выхаду з камеры я спытаў у супрацоўніцы: а як жа суд і пратакол? Яна адказала, што нічога не ведае, яе праца — пратрымаць мяне тут трое сутак, а пасля гэтага я магу рабіць што хачу.

«За трое сутак, прабаўленыя ў гэтым „першакласным“ гатэлі, запатрабавалі 55 рублёў 50 капеек»

Віктар хацеў прабавіць зімовыя святы з сям’ёй. Але пасля затрымання і нечаканага вызвалення вырашыў, што замест гэтага мусіць паклапаціцца пра сваю бяспеку.

— Перш за ўсё я пайшоў дадому, потым — да юрыстаў, — прыводзіць мужчына алгарытм сваіх дзеянняў. — У юрыстаў спытаў, што рабіць, як жыць. Мне сказалі, што раз я не даваў падпіску пра нявыезд, то магу смела перасякаць мяжу. Тры дні я прабыў у Брэсце, аформіў на маму генеральную даверанасць і з’ехаў. На мяжы прапусцілі без праблем. Ніхто нічога не глядзеў, не пытаў. Я думаю, што гэта праз бюракратыю — паміж ведамствамі ўсе паперкі ідуць вельмі доўга, ды і святы былі.

Віктар паехаў у Польшчу, дзе ўжо пасля Новага года атрымаў паведамленне ад бацькоў: яму прыйшоў заказны ліст з Упраўлення ўнутраных справаў Брэсцкага аблвыканкама. У дакуменце паведамлялася, што міліцыя вырашыла спыніць у дачыненні да Віктара адміністрацыйную справу з прычыны адсутнасці складу адміністрацыйнага правапарушэння.

— Але прыйшоў і яшчэ адзін ліст — з ізалятара часовага ўтрымання, — абураецца Віктар. — За трое сутак, прабаўленыя ў гэтым «першакласным» гатэлі, запатрабавалі 55 рублёў 50 капеек. Я заплаціў далей ад граху. Тэлефон таксама вярнулі, бацькі адправілі яго мне ў Польшчу. Я скінуў налады да заводскіх, але ўсё роўна баюся, што, пакуль апарат быў у іх, на яго маглі паставіць якую-небудзь шпіёнскую праграму.

У Беларусі можна трапіць у ізалятар нават за «непачышчаны» архіў тэлефона. Пра гэта нельга маўчаць. «Люстэрка» кожны дзень расказвае пра беззаконне, якое адбываецца ў нашай краіне, і пра тое, як вы можаце паклапаціцца пра сваю бяспеку.

«Люстэрка» працуе для беларусаў ужо больш за два гады. Нас чытаюць як унутры нашай краіны, так і за яе межамі. Не толькі на сайце, але і ў сацыяльных сетках, і ў мэсэнджарах. Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, то можаце падтрымаць рэдакцыю фінансава і зрабіць свой унёсак у захаванне незалежнай журналістыкі. Ахвяраваць любую суму можна хутка і проста праз сэрвіс . Гэта бяспечна? Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўваюць больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка». Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу. Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі. Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце . Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас. Дзякуй, што застаяцеся з намі! 🤍