У Беларусі плануецца змяніць закон пра пракуратуру. Адпаведны законапраект днямі быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Расказваем, якія папраўкі хочуць унесці ўлады.
Паўнамоцтвы пракуратуры
Законапраект прадугледжвае фармальнае ўмацаванне незалежнасці пракурораў. У артыкул пра недапушчальнасць умяшання ў іх дзейнасць дадаецца таксама наступны пункт: «Пракурорскія работнікі не абавязаныя даваць нейкія тлумачэнні па сутнасці ажыццяўлення сваіх паўнамоцтваў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі».
Пашыраюцца паўнамоцтвы Генеральнай пракуратуры, але не ключавыя. Яна атрымае права:
- ствараць інфармацыйныя сістэмы, базы, банкі дадзеных і забяспечваць іх эксплуатацыю;
- аналізаваць фінансавае і матэрыяльнае забяспечанне органаў пракуратуры, прапаноўваць спосабы яго ўдасканалення, планаваць сродкі на ўтрыманне сістэмы пракуратур;
- праводзіць конкурсы, інфармацыйныя кампаніі, асветніцкія і іншыя мерапрыемствы, скіраваныя на «ўмацаванне законнасці і правапарадку»;
- арганізоўваць розныя семінары, сходы, навукова-практычныя канферэнцыі, ствараць рабочыя групы, камісіі і іншыя саветы.
У паўнамоцтвы генпракурора хочуць уключыць устаноўку нормаў забяспечання пракуратур зброяй, транспартам, тэхнікай і іншымі сродкамі.
Усе пракуроры атрымаюць права падчас нагляду за выкананнем заканадаўства «выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі, у тым ліку апаратуру, якая ажыццяўляе гука- і відэазапіс, кіна- і фотаздымку, ксеракапіяванне, прылады для сканавання дакументаў».
Дададзенае права ўмешвацца ў адміністрацыйны працэс яшчэ на яго пачатковай стадыі, правяраць законнасць як затрымання, так і ўжывання іншых мер забяспечання працэсу, а таксама накладання спагнання. Цяпер фармулёўка дазваляе толькі «правяраць законнасць адміністрацыйнага затрымання грамадзян і прымянення да іх адміністрацыйных спагнанняў».
Прапісана, што ў паўнамоцтвах пракурораў — рэагаваць, выносіць пратэст не толькі на незаконныя дзеянні і рашэнні, але і на бяздзейнасць чыноўнікаў, рэспубліканскіх і мясцовых органаў кіравання, арганізацый і прадпрымальнікаў.
Аднак у пракурораў ніжэйшых узроўняў паўнамоцтваў стане менш. Падобна, у іх забіраюць права прызначаць і звальняць свой персанал.
Так, пракуроры абласцей і горада Мінска па-ранейшаму будуць мець права прызначаць і звальняць пракурорскіх работнікаў і работнікаў пракуратур абласцей, горада Мінска, раёнаў, раёнаў у гарадах, гарадоў, міжраённых і транспартных пракуратур, за выключэннем саміх пракурораў і намеснікаў.
Пракурорскі работнік — гэта пракурор або стажор пракуратуры. А работнік пракуратуры — асоба, якая знаходзіцца ў працоўных адносінах з органам пракуратуры і не з’яўляецца пракурорскім работнікам.
А вось з артыкула, дзе пералічаныя паўнамоцтвы пракурораў ніжняга ўзроўню — раёнаў, раёнаў у гарадах, гарадоў, міжраённых і транспартных пракурораў, — выкраслены пункт, дзе якраз і было прапісанае іх права прызначаць і звальняць работнікаў сваёй пракуратуры.
Допуск да службы
Законапраект прадугледжвае змяненне цэнзу па ўзросце і стажу для прызначэння на пракурорскія пасады.
Так, з умоваў прыёму на пасаду пракурора раёна, раёна ў горадзе, горада, міжраённага пракурора, транспартнага пракурора прыбіраецца патрабаванне пра ўзрост, не маладзейшы за 25 гадоў. Але гэта не значыць, што пракурорамі будуць прызначаць нядаўніх студэнтаў, бо патрэбны для прызначэння стаж пракурорскай працы, наадварот, павялічваецца — з трох гадоў да пяці. А для прызначэння пракурорам вобласці або Мінска — з пяці да дзесяці гадоў.
З пракурорскімі работнікамі, якія праходзяць стажыроўку, на яе час будзе заключацца тэрміновая працоўная дамова, у адрозненне ад кантракту для тых, каго прызначаюць на пастаянную працу.
Плануецца змяніць парадак атэстацыі пракурорскіх работнікаў. Яны павінныя будуць праходзіць атэстацыю кожныя пяць гадоў. Пры гэтым генпракурор атэстацыі не падлягае. Законапраект прапануе даць такую ж «індульгенцыю» і яго намеснікам.
Дысцыпліна і адказнасць
Змяняецца паняцце службовай дысцыпліны ў органах пракуратуры. На цяперашні момант гэта прытрымліванне пракурорскімі работнікамі пры выкананні службовых абавязкаў парадку і правілаў, акрэсленых законамі, прысягай, кантрактам, загадамі генпракурора і вышэйшых пракуратур, а таксама прытрымліванне абмежаванняў, звязаных з дзяржслужбай.
Папраўкі даюць паняццю новы змест: цяпер «службовай дысцыплінай» для пракурораў будзе выкананне іх абавязкаў, акрэсленых як законам, так і загадамі генпракурора і вышэйшага начальства, а таксама выкананне ўмоваў працоўнага кантракту.
Адпаведна, за парушэнне абноўленай службовай дысцыпліны трэба будзе адказваць. Таксама пракурорам зараз давядзецца несці адказнасць за «здзяйсненне правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі».
Узмацняюцца і меры адказнасці: «Паніжэнне ў класавым чыне на тэрмін да шасці месяцаў «замяняецца на «паніжэнне ў класавым чыне на адну прыступку ніжэй за наяўную» — то-бок бестэрмінова.
Бонусы
Цікавая праўка ёсць у артыкуле пра заахвочванне пракурорскіх работнікаў. Цяпер яны могуць атрымаць званне «Заслужаны юрыст» або «Заслужаны работнік органаў пракуратуры», а таксама іншыя дзяржузнагароды за «асаблівыя заслугі перад дзяржавай». У новай рэдакцыі фразу «перад дзяржавай» хочуць выдаліць — застануцца проста нейкія «асаблівыя заслугі».
Акрамя таго, цяпер генпракурор зможа выдаваць нагрудны знак адрознення «За заслугі» іншым асобам, якія не працуюць у органах пракуратуры, але «эфектыўна ўзаемадзейнічаюць» з імі пры «выкананні задач пракуратуры», а таксама на знак іх заслуг ва ўмацаванні правапарадку. Можна дапусціць, што такія значкі атрымаюць, напрыклад, прапагандысты за асвятленне тэмы «генацыду беларускага народа».
Акрамя таго, дазваляецца фінансаванне і матэрыяльна-тэхнічнае забяспечанне органаў пракуратуры не толькі за кошт рэспубліканскага бюджэту, але і з «іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам».
Таксама ўводзіцца правіла, што пракуратура можа мець жыллёвы фонд, які фармуецца ў парадку, акрэсленым заканадаўчымі актамі.
Ільготная пенсія
Пракурорскія работнікі са стажам не менш за 20 гадоў і такім жа тэрмінам выплаты ўнёскаў у ФСАН маюць права на пенсію за выслугу гадоў ужо за 5 гадоў да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, пры гэтым пенсія будзе выплачвацца ў поўным памеры.
Аналагічнае права атрымліваюць і тыя пракурорскія работнікі, якія працавалі на вайсковай або цывільнай дзяржслужбе ў розных органах з выплатай страхавых унёскаў сумарна не менш за 20 гадоў, з якіх хаця б 5 гадоў было ў вайсковых/ваенізаваных арганізацыях і хаця б 10 гадоў у пракуратуры.
Такія прэферэнцыі былі прадугледжаныя яшчэ законам 2022 года «Аб дзяржаўнай службе», а законапраект іх канкрэтызуе.
Дарэчы, для пракурорскіх работнікаў, як і для іншых цывільных службоўцаў, пенсія па выслузе гадоў будзе складаць 40% ад іх зарплаты з улікам усіх надбавак і прэмій, а калі праслужылі больш за 20 гадоў, то пенсія можа дасягаць 50% зарплаты.
Законапраект унесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў і знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі да першага чытання.
Чытайце таксама