Сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак расказаў «Люстэрку» пра першы выпадак затрымання чалавека, які вырашыў вярнуцца ў Беларусь, каб памяняць пашпарт. Паводле яго, такія выпадкі пакуль не масавыя.

— Мы ўжо ведаем пра выпадак, калі чалавек заязджаў на тэрыторыю Беларусі і быў затрыманы праз тое, што ён перасёк мяжу і быў ці то ў базах, ці то пад крымінальным пераследам, пакуль яшчэ нам гэта не вядома, — расказаў «Люстэрку» Андрэй Стрыжак. — На жаль, як мы гэта і прагназавалі, навіна пра ўказ Лукашэнкі пра забарону на абмен пашпартоў за мяжой стала трыгерам для людзей, у якіх заканчваюцца дакументы, і яны паехалі ў Беларусь. Гэта дадатковы выклік для нас, бо людзі, на жаль, не ўспрымаюць магчымую небяспеку ад паездкі ў Беларусь і чамусьці думаюць, што іх гэтая сітуацыя не датычыць.
Падрабязнасці пра асобу затрыманага і дэталі яго затрымання кіраўнік BYSOL паведамляць не стаў з меркаванняў бяспекі.
Паводле словаў Андрэя Стрыжака, на сённяшні дзень нельга казаць, што выпадкі затрымання беларусаў, якія вярнуліся, каб атрымаць пашпарт, масавыя. Але яны могуць стаць такімі, калі людзі не будуць клапаціцца пра сваю бяспеку.
— Мінімум раз на тыдзень мы атрымліваем інфармацыю пра чарговае затрыманне тых, хто вярнуўся ў Беларусь, — паведаміў Стрыжак. — Хтосьці едзе на лячэнне, хтосьці — да сваякоў ці абмяняць дакументы. Часам вяртаюцца людзі, якім стоадсоткава нельга гэта рабіць, — напрыклад, былыя сілавікі, якія звольніліся на знак пратэсту ў 2020 годзе. Я не разумею, чым усе яны кіруюцца, як плануюць сваё жыццё і чаму думаюць, што ўсё скончылася і з імі нічога не адбудзецца.
7 верасня набыў моц указ Лукашэнкі, згодна з якім беларусы больш не могуць атрымаць новыя пашпарты ў дыпламатычных установах за мяжой, а таксама аформіць некаторыя іншыя дакументы. Зрабіць гэта можна толькі ў органах унутраных справаў на тэрыторыі Беларусі.
Чытайце таксама