Увесці адміністрацыйную адказнасць за прапаганду «нетрадыцыйных сэксуальных адносін» прапанавалі ў Генпракуратуры. Ідэю падтрымаў Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта расказалі ў прэс-службе нагляднага ведамства.
Генпракуратура распрацавала шэраг ініцыятываў па палавым выхаванні беларусаў. У прыватнасці, ведамства прапанавала ўвесці адміністрацыйную адказнасць за прапаганду «нетрадыцыйных сэксуальных адносін, змены полу, педафіліі і чайлдфры».
Акрамя таго, Генпракуратура прапанавала «ўкараніць» у адукацыйны працэс курс на тэму палавога выхавання дзяцей і моладзі.
«Кіраўніком дзяржавы падтрыманыя ініцыятывы Генпракуратуры», — адзначылі ў прэс-службе ведамства.
Ідэалогія чайлдфры — свядомае нежаданне мець дзяцей. Падчас свайго паслання беларусам і Нацсходу ў сакавіку Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў абвясціць яе па-за законам:
— Любая папулярызацыя ідэй бяздзетнай сямейнай пары ў нашай інфармацыйнай і культурнай прасторы мусіць спыняцца. Любыя ўкіды такіх завуаляваных заклікаў, роўна як і ўсе нетрадыцыйныя павевы, — не што іншае, як спроба абязлюдзіць і аслабіць дзяржаву. Ніяк не менш. Такая ідэалогія павінная быць па-за законам, — заявіў Лукашэнка, дадаўшы, што «парадыгму такога мыслення трэба мяняць».
Яго думку падхапілі прапагандысты і чыноўнікі. Так, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у інтэрв'ю «СБ. Беларусь сегодня» слова ў слова паўтарыла рэпліку Лукашэнкі пра «спыненне папулярызацыі ідэй бяздзетнай сямейнай пары» ў інфапрасторы. Яна заклікала пашыраць «беларускі сямейны рух» і ўкараняць «традыцыі шматдзетнасці»:
— Тым больш што грамадства гэта падтрымлівае, — сказала Касцевіч.
Адзначым, што раней падобны закон падпісаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. З 2013 года ў Расіі ўжо дзейнічаў закон, які забараняе «гей-прапаганду» сярод няпоўнагадовых — са снежня мінулага года забарону распаўсюдзілі на ўсіх, пісала «Медуза».
Пасля прыняцця закона кніжныя анлайн-крамы, сэрвісы і маркетплэйсы пачалі масава прыбіраць з продажу кнігі, якія могуць трапіць пад закон пра ЛГБТ-прапаганду, паведамілі «Ведомости». Акрамя таго, прыняты закон даў лішнюю падставу для пераследу непажаданых актывістаў, грамадскіх арганізацый, СМІ.
Чытайце таксама