Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


На адным з прадпрыемстваў беларускага ваенна-прамысловага комплексу Аляксандру Лукашэнку паказалі вытворчасць «найбольш ужывальных тыпаў боепрыпасаў» калібрам 122 мм. Палітык сказаў, што рабіць такіх снарадаў Беларусь зможа да 15 тысяч (не ўдакладніўшы, за які час). Разбіраемся, ці зможа нашая краіна разгарнуць масавую вытворчасць гэтых вырабаў ва ўмовах санкцый і на якія аб’ёмы можна разлічваць.

Што здарылася

13 чэрвеня Лукашэнка з’ездзіў у рабочую паездку ў Мінскую вобласць, паведаміла яго прэс-служба. Пры гэтым ён наведаў неназванае прадпрыемства ваенна-прамысловага комплексу. Са словаў палітыка, «адказныя асобы» паабяцалі яму наладзіць на гэтым заводзе вытворчасць айчынных боепрыпасаў. Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта (ДВПК) Дзмітрый Пантус заявіў, што адпаведная праца ўжо арганізаваная.

Пантус дадаў, што наладжваць вытворчасць пачалі яшчэ ў лістападзе 2022 года, і цяпер на прадпрыемствах Мінпрама і ДВПК вырабляюць больш за 50 корпусна-механічных частак для гэтага тыпу боепрыпасаў. Паводле словаў чыноўніка, ужо вырабляецца самы масавы тып боепрыпасу РС 122 мм (рэактыўны снарад 122-міліметровага калібра).

Лукашэнка заявіў, што цяпер запатрабаваныя сістэмы залпавага агню «Шквал» (мадэрнізацыя савецкага «Граду» на расійскім шасі, нядаўна прынятая на ўзбраенне ў Беларусі), якія вырашаюць «вялікія праблемы на фронце» — адпаведна, неабходныя і боепрыпасы да іх. У хуткім часе, запэўніў палітык, вытворчасць снарадаў разгорнецца на поўную магутнасць.

РСЗО "Шквал". Фото: t.me/modmilby
РСЗА «Шквал». Фота: t.me/modmilby

«Выйдзем на 10−12 тысяч. У нас жа „дыктатура“ і, калі жыць, то і 15 тысяч Дзмітрый Аляксандравіч Пантус збярэ», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Імаверна, гаворка пра штогадовую вытворчасць (падрабязней растлумачым крыху ніжэй).

Пра якія боепрыпасы гаварыў Дзмітрый Пантус

Расказваючы пра боепрыпасы, вытворчасць якіх была пачатая ў лістападзе 2022 года, старшыня Дзяржкамваенпрама назваў тып — «РС 122 мм», А Лукашэнка згадаў важнасць рэактыўных сістэм залпавага агню «Шквал» (якімі, магчыма, заменяць амаль аналагічныя сістэмы «БелГрад» на шасі вытворчасці МАЗ). Такім чынам, можна канстатаваць, што рабіць пачалі 122-міліметровыя боепрыпасы для РСЗА «Град» і іх шматлікіх версій.

Во время рабочего визита Лукашенко показывали в том числе белорусскую РСЗО "БелГрад" - ее дни после принятия на вооружение "Шквала", вероятно, сочтены. Фото: president.gov.by
Падчас рабочага візіту Лукашэнкі паказвалі ў тым ліку беларускую РСЗА «БелГрад» — яе дні пасля прыняцця на ўзбраенне «Шквала», відаць, палічаныя. Фота: president.gov.by

Паколькі вытворныя «Граду» — мабыць, галоўная сістэма залпавага агню ў постсавецкіх краінах і ў дзяржавах, якія раней узбройваў СССР, 122-мм снарады сапраўды вельмі вядомыя і запатрабаваныя. Падчас вайны ва Украіне яны ўвесь час выкарыстоўваюцца абодвума бакамі. Невысокая дакладнасць трапляння (боепрыпас ніяк не карэктуецца ў палёце) часткова кампенсуецца вялікай колькасцю ракет у залпе (за раз «Град» або «Шквал» выпускае да 40 штук), у выніку чаго ўдар накрывае вялікую плошчу і можа прынесці значныя разбурэнні.

Кампетэнцыі па працы з такімі снарадамі ў Беларусі ёсць у першую чаргу на «Заводзе дакладнай электрамеханікі» (ЗДЭМ). Хоць прэс-служба Лукашэнкі не назвала прадпрыемства, дзе быў палітык, з высокай імавернасцю гэта менавіта ЗДЭМ.

Завод уваходзіць у склад ДВПК, створаны ў канцы нулявых і размешчаны пад Дзяржынскам у Мінскай вобласці. Прадпрыемства займаецца выпускам і мадэрнізацыяй сістэм узбраення, тавараў двайнога прызначэння і трэнажораў для навучання карыстанню зброяй. Да работ прыцягваюць, як паведамляў у 2021-м блог, блізкі да беларускіх сілавых структур, вайскоўцаў, што маюць досвед эксплуатацыі комплексаў ракетнага ўзбраення ў войсках.

122-миллиметровые боеприпасы, модернизируемые ЗТЭМ. Фото: iammilitary-by.livejournal.com
122-міліметровыя боепрыпасы, мадэрнізаваныя ЗДЭМ. Фота: iammilitary-by.livejournal.com

Самай вядомай зброяй, вырабленай ЗДЭМ, можна лічыць дальнабойныя ракеты для высокадакладнай РСЗА «Паланэз» — гонару беларускага ваенпрама ў цэлым. Хоць камплектавальнікі для іх шмат у чым пастаўляў Кітай, гэта ўсё ж важная і складаная праца.

Таксама прадпрыемства займалася мадэрнізацыяй і падаўжэннем тэрмінаў захоўвання і службы боепрыпасаў, у гіганцкіх колькасцях вырабленых Савецкім Саюзам (пра тое, як Беларусь, якая не мае ўласных вытворчасцяў зброі па поўным цыкле, стала адным з найбуйнейшых экспарцёраў узбраення, мы ўжо расказвалі). Падрабязна пра прадукцыю ЗДЭМ можна прачытаць тут. Цяпер, відаць, да мадэрнізацыі дадалася і ўласная вытворчасць. Паспрабуем ацаніць яе маштабы і асаблівасці.

У чым плюсы і мінусы вытворчасці рэактыўных снарадаў у Беларусі

Плюсы цалкам відавочныя: Беларусь мае пакуль нядрэнную канструктарскую школу і дастаткова навучанымі спецыялістамі для вытворчасці такіх параўнальна нескладаных узбраенняў. Кампетэнцыі назапашаныя, відаць, немалыя — завод працуе са 122-міліметровымі рэактыўнымі снарадамі з канца 2012 года, то-бок ужо больш за дзесяць гадоў. Нават нягледзячы на тое, што раней калектыў завода мадэрнізаваў, а не рабіў боепрыпасы з нуля, шанцы ЗДЭМ зрабіць нешта вартае значна вышэйшыя, чым у прадпрыемстваў, якія ніколі не працавалі з такімі вырабамі.

Мінусы досыць стандартныя для Беларусі як былой саюзнай рэспублікі. «Зборачны цэх» СССР меў мала вытворчасцяў, на якіх выпускаліся б усе кампаненты складанага вырабу. Для таго каб вырабіць рэактыўны снарад, патрэбныя выбухоўка, цвёрдае ракетнае паліва (порах, што моцна адрозніваецца ад таго, які выкарыстоўваецца ў стралковай зброі), корпус і гэтак далей.

Пытанне, ці вырабляецца ў Беларусі ракетнае паліва, а калі вырабляецца, то ў якіх маштабах, адкрытае даўно, і дакладнага адказу пакуль няма. У 2016 годзе навукова-даследчы інстытут парашковай металургіі паведамляў, што сваё паліва для авіяцыйных ракет С-8 стварыць удалося. Аднак навіны пра гэтае паліва паступаюць спарадычна, і незразумела, ці сапраўды наладжаная яго вытворчасць.

Тэарэтычна, вядома, порах можна купіць у іншых краінах: Расіі, Турцыі, Сербіі (Беларусь нямала гандлявала з гэтымі дзяржавамі, і да санкцыйнай палітыкі заходніх краін усе яны ставяцца ў рознай ступені скептычна). Аднак у якіх аб’ёмах удасца атрымаць ракетнае паліва ад іх, незразумела, як незразумела і тое, ці былі створаныя якія-ніякія яго запасы ў мінулым. Расія, наколькі нам вядома, сваіх порахаў Беларусі не прадавала наогул ніколі — ёй яны больш патрэбныя самой. Усё гэта можна сказаць і пра выбуховае рэчыва — мы не ведаем, ці вырабляецца яно ў Беларусі, і незразумела, дзе яго можна без праблем купіць ва ўмовах жорсткіх санкцый.

Дапусцім, усе кампаненты ў Беларусі ёсць. Ці атрымаецца зрабіць 15 000 снарадаў?

За нейкія разумныя тэрміны — дакладна не. Хутчэй за ўсё, Аляксандр Лукашэнка меў на ўвазе штогадовую вытворчасць — за месяц 15 000 ракет зашмат, а агучваць планы на два ці тры гады, не ўдакладняючы канкрэтнага часу, даволі дзіўна. Такім чынам, 15 000 ракет за год. Гэта шмат?

Калі казаць пра выкарыстанне на вайне, то не так ужо мала. Як мы ўжо пісалі, адзін «Град» або «Шквал» за раз выпускае пакет з 40 снарадаў. У брыгадзе (самая буйная вайсковая частка ў Беларусі, дывізій у нас няма) ёсць адзін дывізіён з 18 РСЗА 122-міліметровага калібра, то-бок за раз ён выпускае 720 снарадаў. Усяго 15 тысяч боепрыпасаў — гэта каля 20 брыгадных боекамплектаў. На вялікую вайну гэтага не хопіць, але на некалькі дзён актыўных баявых дзеянняў будзе дастаткова.

А вось з вытворчасцю такой колькасці боепрыпасаў складаней. Старшыня ДВПК Дзмітрый Пантус заявіў Аляксандру Лукашэнку падчас візіту на завод, што выніковая зборка снарадаў вырабляецца толькі ўручную. Уважліва адгледзеўшы відэа ад дзяржСМІ, мы выявілі, што ўручную боепрыпасы не толькі збіраюць, але і робяць розныя элементы для іх. Да прыкладу, на адным з кадраў рабочы праводзіць маніпуляцыі над соплавым блокам снарада на звычайным свідравальным станку.

Рабочий на заводе сверлит отверстие в сопловом блоке снаряда, используя ручной станок. Скриншот @beltavideo
Рабочы на заводзе свідруе адтуліну ў соплавым блоку снарада, выкарыстоўваючы звычайны станок. Скрыншот відэа БЕЛТА

Хоць, працуючы ўручную, можна дабіцца выдатнай якасці вырабу, хуткасць хуткай быць не можа апрыёры — у гэтым выпадку яна абмежаваная магчымасцямі чалавека. Іншыя зафіксаваныя на відэа маніпуляцыі, якія работнікі завода праводзяць з часткамі будучых боепрыпасаў, таксама не дэманструюць высокай ступені аўтаматызацыі.

Далей пачынаецца простая арыфметыка. Калі рабіць 15 000 снарадаў за год, то атрымліваецца 41 снарад у дзень пры працы без выходных. Пры высокай долі ручной працы такі аб’ём можа атрымацца толькі ў выпадку, калі на прадпрыемстве працуе велізарная колькасць работнікаў. Ці так гэта?

Наўрад. Перыядычна «Завод дакладнай электрамеханікі» публікуе абвесткі наконт вакансій і паведамляе ў іх пэўную інфармацыю пра свой калектыў. Так, вядома, што на прадпрыемстве занятыя прыкладна 180 чалавек. Пры гэтым рабочых сярод іх усяго 20 працэнтаў. Адпаведна, калектыў, які непасрэдна займаецца працай са снарадамі (ды і тое ў выпадку, калі да гэтага працэсу прыцягнуты ўвесь штат цалкам — бо ЗДЭМ заняты і іншай працай), складае менш за 40 работнікаў.

Пры тэмпах вытворчасці ў 15 000 снарадаў за год (мы памятаем, што гэта магчыма толькі пры бесперабойным забяспечанні камплектавальнікамі, якія Беларусь возьме невядома дзе) кожны работнік, працуючы без выходных, мусіць рабіць больш за адзін на суткі ці больш за 365 на год. Гэта абсалютна немагчыма пры высокай долі ручной працы.

Падобна да таго, што агучаная Лукашэнкам лічба ўзятая «са столі». Рэальныя аб’ёмы вытворчасці 122-міліметровых снарадаў невядомыя, але наўрад ці вялікія — нядаўна разгорнутая невялікая вытворчасць без высокатэхналагічнага абсталявання не можа забяспечыць вал прадукцыі. Відаць, гаворка пра дзясяткі ці сотні снарадаў за год.

Цікавыя агучаныя тэрміны пачатку вытворчасці — лістапад 2022 года. Менавіта ў лістападзе Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны расказала пра планы пачаць у Беларусі выпуск боепрыпасаў. Праўда, гаворка ішла не пра асноўны снарад для 122-мм РСЗА, а пра яго артылерыйскага «калегу» — 152-мм гаўбічны снарад (гэта асноўны калібр артылерыі ў постсавецкіх краінах).

Раней вядомы беларускі ваенны блог ацэньваў, што для разгортвання вытворчасці ўласных боепрыпасаў такога тыпу трэба «ўсяго» тры гады і паўмільярда даляраў (а трэба разумець, што для вытворчасці артылерыйскага снарада трэба патраціць менш намаганняў, чым рэактыўнага — апошні мае патрэбу ў якім-ніякім ракетным рухавіку). Наўрад ці для выпуску снарадаў да «Шквалаў» улада наважылася на сур’ёзныя асігнаванні. Мы памятаем, што нават для самага прэстыжнага праекта беларускага ВПК — сістэмы залпавага агню «Паланэз» — фінансаванне, паводле самога Аляксандра Лукашэнкі, было «бедным».