У пачатку красавіка мінчуку Міхаілу прыйшла позва. Спачатку маладога чалавека выклікалі на зверку звестак, а потым запрасілі на зборы. Але ў Слонім, куды з’ехала большасць мужчын, што прыйшлі ў ваенкамат разам з ім, ваеннаабавязаны не паехаў. Яму паведамілі, што яго паставілі ў «гарачы рэзерв», і адпусцілі дадому. Даведаліся ў ваенкамаце, што чакае тых, хто трапіў у «гарачы рэзерв».
З меркаванняў бяспекі імя суразмоўцы змененае. Яго звесткі ёсць у рэдакцыі.
Міхаіл жыве з бацькамі. Позву яму прынеслі ўвечары, калі яго не было дома. Мама распісалася і забрала дакумент. У ім было напісана, што на наступны дзень, а 8-й раніцы сын мусіць з’явіцца ў ваенкамат аднаго з раёнаў Мінска «для выканання дзяржаўных абавязкаў».
— Я адпрасіўся з працы і раніцай пайшоў па патрэбным адрасе. Там зверылі мае звесткі — месца жыхарства, сямейнае становішча — і ўручылі новую позву. Паводле яе ў 7.30 наступнага дня мне зноў трэба было прыбыць у ваенкамат. Праўда, гэтым разам з рэчамі, бо нас забіралі на зборы, — апісвае сітуацыю суразмоўца і кажа, што на працы яго без праблем адпусцілі. — Раніцай нас прыйшло трохі больш за 50 чалавек. Усіх пашыхтавалі на вуліцы і пачалі называць па спісе. Тым, чыіх прозвішчаў не агучылі, сказалі чакаць. Астатніх, дзесьці сорак чалавек, папрасілі прайсці ў аўтобус. Двух з іх адсеялі, нібыта не хапіла месца, астатнія паехалі ў Слонім на зборы.
Ваеннаабавязаных, прозвішчы якіх засталіся неназванымі, папрасілі затрымацца ў ваенкамаце. Чакаць давялося гадзіны тры-чатыры. Патлумачылі так: «На выпадак, калі хтосьці з тых, хто паехаў у Слонім, на месцы адсеецца, вы будзеце на замену».
— Пакуль мы чакалі, пяцярых адправілі на пераагляд, — расказвае Міхаіл. — Астатніх, чалавек дзесяць, завялі ў актавую залу і запісалі ў «гарачы рэзерв». Што гэта значыць, толкам не патлумачылі, сказалі, калі спатрэбіцца, нас «закінуць» вучыцца на іншыя спецыяльнасці.
У той дзень замена не спатрэбілася — і мужчын адпусцілі дадому. Але папярэдзілі, што найбліжэйшым часам ім мусяць патэлефанаваць і дакладна паведаміць, прызываюць іх усё ж на зборы або пакуль не. Ваеннікі яны пакінулі ў ваенкамаце.
— Я быў рады, што нікуды не трэба ехаць, але два чалавекі засмуціліся. Яны хацелі на зборы. Мабыць, каб адкасіць ад працы, — жартуе Міхаіл. — Увечары таго ж дня мне зноў набралі з ваенкамата і паведамілі, што пакуль зборы для мяне адмяняюцца. Чаму? Не тлумачылі. Пазней, калі забіраў ваенны білет, заўважыў, што ў яго ўклеілі мабілізацыйнае прадпісанне. Бачыў, у іншых ваенніках яны таксама былі. Спытаў, што гэта значыць. Мне адказалі: «Нічога страшнага. Проста праверка. У выпадку мабілізацыі вы мусіце з’явіцца па інструкцыі».
А вось дакладнага адказу на пытанне, што чакае Міхаіла як чалавека, які знаходзіцца ў «гарачым рэзерве», малады чалавек так і не атрымаў.
«Трэба быць гатовымі даць адпор»
Афіцыйна тэрміна «гарачы рэзерв» мы не знайшлі. Каб даведацца, што мелі на ўвазе ў ваенкамаце, калі выкарыстоўвалі гэты выраз, мы як звычайныя грамадзяне звярнуліся ў ваенны камісарыят аднаго з раёнаў Мінска. Там патлумачылі, что калі нехта з тых, хто прыехаў на зборы, «акажацца не да кампаніі» або «нешта яшчэ здарыцца», то на яго месца запросяць чалавека з «гарачага рэзерву». Выклікаць такога ваеннаабавязанага могуць у любы момант, але папярэдне яму ўручаць позву. Спачатку запросяць для гутаркі — «кантрольнай яўкі», а «праз дзень-два», магчыма, чалавек паедзе на зборы.
— Сёння ідуць зборы за зборамі, таму ніхто не застрахаваны, каб на адны з іх не трапіць, — патлумачылі ў ваенкамаце.
На ўдакладненне, ці чакае тых, хто трапіў у «гарачы рэзерв», нейкае перанавучанне, у камісарыяце дапусцілі: магчыма, мелася на ўвазе, што чалавек адправіцца на навучанне, дзе будзе ўспамінаць, што даведваўся, калі атрымліваў вайскова-ўліковую спецыяльнасць.
— Абсталяванне, зброя мяняецца, усё ўсюды ўдасканальваецца. Трэба навыкі гэтыя не страчваць, а набываць, — сказалі на тым канцы дрота.
На пытанне, ці стваралі «гарачы рэзерв» раней, у ваенным камісарыяце адказалі так:
— Раней было спакайней. Вы ведаеце, што і супастат у нас драмаў, а цяпер супастат чамусьці разгарачыўся. Трэба быць гатовымі яму даць адпор.
— Супастат — гэта вы пра каго?
— Той, які вакол нас, па межах, за мяжой. Хто супастат? Вы што, не ведаеце хто? Палякі, лабусы ўсе, найбліжэйшыя.
Нагадаем, 3 красавіка ў Беларусі на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі пачалі праверку баявой гатоўнасці Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Такая праверка праходзіла ў снежні 2022 года, а да гэтага — у траўні мінулага года.
Чытайце таксама


