У канцы верасня 2021 года па Беларусі пракацілася хваля затрыманняў за каментары з нагоды перастрэлкі IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Гэта стала адной з самых масавых палітычных крымінальных справаў Беларусі. Пасля затрымання фігурантаў змясцілі на каранцін, дзе паўтара месяца ўтрымлівалі ў нечалавечых умовах без перадач. На сёння дзясяткі чалавек ужо выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрміны. Былая палітзняволеная па «справе Зельцэра» Аліса (яе імя змененае з меркаванняў бяспекі) расказала «Вясне», што было па той бок кратаў.
«Першы ляціць з кувалдай і заганяе мяне ў шафу!»
28 верасня 2021 года Аліса была дома з дзіцем. Увечары яна прачытала ў тэлеграме навіну пра забойства айцішніка Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Гэтая навіна вельмі зачапіла жанчыну:
— Усё гэта мне падалося нейкай абсурднасцю. Я не паверыла нават і падумала: «Што? Айцішнік са стрэльбай кагосьці застрэліў? Нейкае чарговае трызненне!» Потым я адкрыла YouTube, і ў папулярных відэа мне вылезла тое самае відэа на нейкім канале. Я была ў шоку ад таго, што ўбачыла, як выбіваюць дзверы кувалдай… Я да моманту забойства нават не дайшла — выключыла, бо была ў шоку. Я на эмоцыях напісала ў каментарах першае, што прыйшло ў галаву, і забыла пра гэта.
Увечары наступнага дня — 29 верасня 2021 года — па Алісу прыйшлі сілавікі. Таксама з кувалдай і ў поўным абмундзіраванні.
— Пачалося ўсё з таго, што хтосьці вельмі моцна пачаў стукаць у дзверы ў тамбуры. Стукалі так, што трэсліся сцены. Я падумала, што гэта нейкі сусед, і пайшла паглядзець, але мне сказалі: «Адчыніце, міліцыя!» Далей усё было як у кіно: адчыняюцца дзверы, залятаюць дзевяць чалавек у поўным абмундзіраванні, першы ляціць з кувалдай і заганяе мяне ў шафу, а мужа ставяць да сценкі на расцяжку. Паміж намі пры гэтым носіцца дзіця шасці гадоў з вялікімі вачыма, не разумеючы, што адбываецца.
Людзі ў чорным без апазнавальных знакаў пачынаюць бегаць па кватэры і шукаць нешта, магчыма, нейкую сімволіку, зброю і наркотыкі. Яны нічога не знайшлі і сказалі здаць усе гаджэты. Я спачатку не паверыла ў гэта ўсё і падумала, што гэта нейкі прыкол. Калі мне сказалі, што я затрыманая, то я папрасіла, каб яны паказалі мне хоць нейкую паперу і сказалі, у чым мяне абвінавачваюць. Але замест адказу мяне зноў загналі ў шафу і пачалі крычаць, што я крымінальніца і «сяду» гадоў на дзесяць.
Потым мне сказалі апранацца і праехаць з імі да высвятлення абставінаў. Малады супрацоўнік бегаў і крычаў, каб забралі яшчэ і мужа, але яго пакінулі. Іншыя супрацоўнікі яму сказалі нешта накшталт: «Ты што, дурны? Тут дзіця маленькае». А дзіцяці сказалі, што «з мамай пагавораць і адпусцяць». Калі я сыходзіла, то ў кватэры засталося крычаць і плакаць дзіця. Гэта апошні ўспамін з дому. Я калі выйшла, то больш родных не бачыла практычна паўтара года.
«Паглядзіце, якія мы добрыя, мы вам нават кватэру не разнеслі»
Як расказвае Аліса, дзіця потым год вадзілі да псіхолага. Яму было складана без мамы. Сын увесь час успамінаў словы пра тое, што з мамай пагавораць і адпусцяць, ён не думаў, што чакаць давядзецца так доўга. Сілавікі былі без апазнавальных знакаў, але жанчына мяркуе, што некаторыя з іх былі з Камітэта дзяржаўнай бяспекі:
— Ведаю, што некаторых затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, якія моцна разносілі кватэры і збівалі людзей. Адну жанчыну прывялі на Акрэсціна ўсю збітую. Калі мяне забіралі з дому, то адзін супрацоўнік сказаў: «Мы вас абараняем, а вы пра нас усё так кепска пішаце. Паглядзіце, якія мы добрыя, мы вам нават кватэру не разнеслі». Адзін з тых, хто мяне затрымліваў, быў дакладна з КДБ.
Алісу пасадзілі ў бус, дзе было шмат сілавікоў:
— Яны мацюкамі крычалі, што мы, бэчэбэшнікі, іх ужо задзяўблі, яны б «учора нас яшчэ разарвалі». Я, вядома, парыравала. Была нейкая лаянка з імі. Потым я пачула хрып нейкага мужчыны з аддзялення ў бусе. Ён спрабаваў нешта таксама ім адказваць. Я пытала ў бусе пра адваката, а яны мне казалі: «Забудзьце гэтае слова — „адвакат“». Калі я спытала, куды мяне вязуць, то яны адказалі: «У лес!» Я ехала і не разумела, што адбываецца. Але была спакойная, бо ведала, што нічога дрэннага не зрабіла.
«Чаму вы ў мяне дома шукаеце Матольку?»
У выніку жанчыну прывезлі ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, дзе збіралі ўсіх затрыманых па гэтай справе.
— Забягаючы наперад, скажу, што ў гэтую ноч туды з’ехаліся ўсе: Карпянкоў, Церцель, Паўлічэнка і нават Лукашэнка. Адна з затрыманых чула яго сіплы голас — у суседнім кабінеце ён усю ноч даваў нейкія ўказанні сваім падначаленым. Пакуль хапалі вельмі шмат людзей, яны ўсю ноч нешта абмяркоўвалі. Калі на Акрэсціна пачалі заводзіць людзей, то першых вялі жанчын. Іх сустракаў асабіста Церцель, а потым паступіла каманда не браць больш жанчын, а хапаць толькі мужчын. Ніхто не чакаў, што каментатары — гэта жанчыны з адукацыямі і нармальнымі сем’ямі. Яны былі вельмі здзіўленыя.
Калі мяне прывезлі ў КДБ, то там былі два аператыўныя супрацоўнікі, якія гралі ролі «добрага і кепскага паліцэйскага»: адзін угаворвае даць паказанні, а другі крычыць, што ў іх там труна стаіць і мы зараз пойдзем выбачацца перад сваякамі. Я кажу: «Я наогул нічога не разумею, якая труна, якія сваякі».
Тут яны пачынаюць пытаць, дзе Матолька. Я кажу: «Чаму вы ў мяне дома шукаеце Матольку? Я наогул не разумею». У многіх жанчын пыталі пра яго. Таксама яны ўсё пыталі, хто мне плаціць. А я ўвогуле не разумею і кажу, што мне плаціць арганізацыя, у якой я працую. Супрацоўнікі пытаюць, а хто яшчэ мне грошы дае. Я кажу, што мне муж часам грошы дае. Тады яны пачынаюць крычаць: «Не рабіце выгляду, што вы не разумееце». Увогуле, КДБ думаў, што мы ботаферма, якая спансаруецца польскімі лялькаводамі. Яны думалі, што схапілі такую банду і сетку людзей, якім даюць каманду, а яны пішуць каментары.
У КДБ супрацоўнікі сфатаграфавалі тэлефон Алісы, і толькі тады яна зразумела, што яе затрымалі за каментар. Тады яна спытала: «Сур'ёзна? За адзін каментар вы мяне будзеце затрымліваць?»
Адразу затрыманым па «справе Зэльцэра» выстаўлялі абвінавачанні па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне іншай сацыяльнай варожасці групай асобаў:
— КДБ хацеў звязаць гэта ўсё ў групу асобаў, што мы знаёмыя паміж сабой, нам давалі нейкія каманды і задачы, мы пісалі, а потым нам плацілі за гэта. Сілавікі крычалі: «Давай здавай сваіх „падзельнікаў“». А я нават слова такога не ведала.
«Шчыра кажучы, гэта быў правал»
Аліса са зразумелых прычын не змагла назваць сілавікам імёны іншых каментатараў. Пасля ночы допыту ў КДБ пад раніцу яе адвезлі на Акрэсціна.
— Нас вазілі на сваіх службовых машынах. Са мной было некалькі чалавек — аднаму з іх завязвалі вочы чорнай стужкай. Ён плакаў і маліўся.
У першыя суткі ў нашую камеру пастаянна закідвалі затрыманых па справе жанчын: хтосьці быў баявы, хтосьці — у шоку, хтосьці плакаў. У КДБ некаторым жанчынам казалі: «Мы вас наогул за людзей не лічым, а вы нешта яшчэ варушыцеся і пішаце. Калі б нам далі карт-бланш, то куля ў лоб у вас ва ўсіх бы ўжо была». Адну дзяўчынку дапытваў Паўлічэнка. Крычалі, што «Машу мы закрыем на 25 гадоў». Я старалася парыраваць, што яна ж нічога не зрабіла, а які Зельцэр тэрарыст, калі нічога тэрарыстычнага ён не зрабіў.
Хтосьці з затрыманых спытаў, чаму іх супрацоўнік не надзеў бронекамізэльку, калі да яго пайшлі. А яны ў адказ крычалі: «Няма чаго нас вучыць, як праводзіць спецаперацыі!»
Толькі потым я зразумела, што яны хацелі раскруціць справу пра ботаферму. Але нічога ў іх не атрымалася. Давялося закрываць справы і праводзіць суды ў закрытых рэжымах, таму што, шчыра кажучы, гэта быў правал.
У Алісы быў яшчэ адзін допыт з прызначаным адвакатам на наступны дзень. Тады, паводле яе словаў, задалі пытанні: «Ці лічыце вы, што пакрыўдзілі маму загінулага супрацоўніка?», «Што вы маеце на ўвазе пад тым ці іншым словам?» Аліса вырашыла адмовіцца ад паказанняў. Супрацоўнікі тады, як успамінае жанчына, вельмі моцна злаваліся, што затрыманыя па справе не даюць паказанняў:
— Яны пагражалі, што будуць цягаць нас на допыты, уключаць нейкі аўдыёзапіс па шэсць гадзін… але я тады не ела, не піла, не спала другія суткі і проста фізічна не магла даваць паказанні. Увечары 30 верасня паехалі на ператрус іншай кватэры. Яны нічога не знайшлі там, увесь час адзін з адным стэлефаноўваліся і пыталі, ці ёсць зброя. Вядома, гэтага не было. Я кажу: «Госпадзе, вы што?! Як гэта — пахапаць звычайных людзей і нейкую зброю па кватэрах у іх шукаць?» Ну гэта цырк!
Усіх затрыманых «па справе Зельцэра» жанчын у ІЧУ на Акрэсціна змясцілі ў адну двухмесную камеру на другім паверсе. У гэтай камеры пяць дзён без матрацаў і пасцельнай бялізны ўтрымлівалі 16 чалавек. Калі прывялі Алісу і іншых затрыманых, то ў камеры ўжо знаходзілася жонка забітага Андрэя Зельцэра Марыя Успенская.
— Там мы даведаліся, што, аказваецца, з намі разам знаходзіцца жонка забітага Андрэя Зельцэра — Марыя. Калі мы зайшлі, то адна з нашых затрыманых дзяўчат сказала ёй: «Можна я вас абдыму?» Маша адразу спытала, навошта гэта. Тады мы сказалі, што нам яе вельмі шкада і хочам ёй выказаць свае спачуванні.
Яна была ў шоку, што столькі людзей затрымліваюць за каментары пра яе мужа. Маша вельмі плакала, што не можа пахаваць мужа і не можа з ім развітацца. Часам яна выпадала і казала: «Слухайце, а як гэта мне пайсці за кватэру заплаціць?» Чалавек быў у стане такога дзікага шоку, што яна вярталася думкамі ў мінулае, што ў яе нармальнае жыццё.
На Акрэсціна супрацоўнікі з ёй абыходзіліся кепска і называлі «цёлкай з ружовымі валасамі». Мы ўвесь час з імі лаяліся і казалі, каб яны не смелі абражаць жанчын. Машу мы падтрымлівалі як маглі. Кожны дзень яе выклікалі на допыты. Яна казала, што яе не білі. Мы думалі, што нас хутка адпусцяць, таму запаміналі адрас, каб выйсці і наведаць іх дзіця і маму Машы. Мы разлічвалі, што хутка выйдзем, і думалі, што за каментары нас 10 сутак патрымаюць і выпусцяць.
Мы не пыталі ў Машы, што адбывалася 28 верасня ў іх у кватэры, каб не траўмаваць яе. Нават у нашых крымінальных справах пра гэта не было наогул нічога. Але Маша расказала, што Андрэй паспяхова займаўся крыптавалютамі. І напярэдадні таго, як прыйшлі да яго сілавікі, ён зняў вельмі буйную суму грошай. Магчыма, гэта стала прычынай, чаму да яго ўламіліся.
Нас на Акрэсціна не білі. Тры дні ў нас не зачыняліся дзверы — ім было не да біцця. Там было вар’яцтва! Яны мітусіліся, бо столькі людзей тады хапалі! Усе паверхі ІЧУ на Акрэсціна былі запоўненыя затрыманымі за каментары. Людзей затрымлівалі пачкамі. Хлопцаў забіралі проста з басейна за плаўкі, кагосьці — з бальнічнай палаты перад аперацыяй на ныркі, у КДБ бачыла, як перадавалі пачак лістоў, а на кожным — фатаграфія, прозвішча і білінгі. Пры мне супрацоўніку па рацыі перадавалі ў аэрапорт: «Тэрмінова затрымлівайце рэйс Мінск — Масква». Некага моцна збілі — у кагосьці была кроў, а камусьці нават рэбры зламалі.
«Я сказала: „Ну ўсё, нас дакладна вязуць у лес“, — і страціла прытомнасць»
На пятыя суткі ўсіх затрыманых па «справе Зельцэра» жанчын выклікалі ў кабінеты. 13 чалавек пашыхтавалі калонай у калідоры ІЧУ і павялі на выстаўленне абвінавачанняў:
— Калі нас заводзілі ў кабінеты, то мы дзівіліся, што там нас чакалі супрацоўнікі неславянскай знешнасці. Некаторыя былі з бародамі. У іх быў акцэнт. І мы вельмі моцна перапалохаліся, што гэта нейкія чачэнцы і нас павязуць на расстрэл. Гэта былі не тыя супрацоўнікі КДБ, якія нас дапытвалі, але хто гэта быў — я не ведаю дагэтуль. Нам даюць падпісваць паперкі (пастановы пра прыцягненне ў якасці абвінавачанага. — Заўв. «Вясна») — мы ў здзіўленні. Хтосьці заплакаў, калі ўбачыў трэцюю частку артыкула 130 КК, па якой пагражае ад пяці да 12 гадоў пазбаўлення волі. Калі мы вярнуліся ў камеру, то адна дзяўчынка страціла прытомнасць.
На наступны дзень затрыманых пачалі этапаваць у следчы ізалятар, бо ўсім абралі меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
— У пастановах было напісана, што нас адправяць у СІЗА-1, таму мы трохі супакоіліся. Уначы на аўтазаку нас прывозяць на Валадарскага, і мы вельмі доўга стаім. У СІЗА-1 проста адмовіліся нас прымаць: ці то людзей шмат, ці то яны не хацелі ў гэтым усім удзельнічаць. Тады нас выводзяць адтуль і доўга кудысьці вязуць. Я сказала: «Ну ўсё, нас дакладна вязуць у лес», — і страціла прытомнасць. У мяне нешта пякло ў грудзях. Калі я ачулася, то ўжо стаяла з нейкай таблічкай з нумарам для фота ў жодзінскай турме. Але як я там апынулася — я не памятаю. Мне казалі, што былі сабакі і «калідоры», але я нічога гэтага не памятаю.
«Маладыя ахоўнікі прыходзілі і пыталі: „Яна ў вас яшчэ не здохла?“»
Усяго па «справе Зельцэра» ў жодзінскую турму, паводле словаў Алісы, прывезлі 139 чалавек, 14 з якіх — жанчыны. Усіх фігурантаў справы трымалі 48 дзён на так званым каранціне: больш за паўтара месяца без перадач, душа і прагулак на свежым паветры.
Адразу ўсіх затрыманых жанчын (першапачаткова іх было 13, а праз два тыдні прывезлі з Гродна яшчэ адну затрыманую) змясцілі ў адну васьмімесную камеру:
— Мы радаваліся, што аказаліся ў адной камеры. Усё ж такі добрая кампанія ў турме — вялікая справа. У нас не было з сабой ні рэчаў, ні сродкаў асабістай гігіены, ні нават запасной ніжняй бялізны. Нам выдалі матрацы, і мы ўзрадаваліся, што зможам нарэшце паспаць, бо пяць дзён практычна не спалі. Мы толькі леглі, і праз 10 хвілін пачалі крычаць: «Падымайцеся! Ідзе праверка!» Мы ім сказалі, што нам дазволілі паспаць, але нам адказалі: «Мы зараз пакажам, як вы тут спаць будзеце!»
Прыйшла гэтая праверка з пытаннямі, што мы такога там панапісвалі, што нас сюды прывезлі. Я не ведаю, хто гэта прыходзіў, мы з імі асабліва не размаўлялі. Яны нам казалі, што нас ахоўваць будзе КДБ.
Мы спалі па дзве, але асобныя ложкі выдзелілі дзвюм жанчынам, у якіх былі праблемы са здароўем. 48 дзён у нашай камеры не выключалася святло наогул. Тры тыдні нас не выводзілі мыцца і на прагулкі, мы былі без зубных шчотак, пастаў і іншых сродкаў гігіены. Сваякі прыязджалі, спрабавалі перадаць нешта, але ў іх нічога не прымалі.
Калі мы прыехалі, то ўсе моцна захварэлі. У нас зніклі пахі — тады быў самы разгар кавіду. На Акрэсціна мы спалі на падлозе, таму захварэлі на ангіну, у нас у многіх апухла горла і была тэмпература. Медыцынская дапамога нам не аказвалася. Прыходзіў начальнік і казаў: «Вы кепскія людзі, лекаў вам не дам». Мы прасілі даць нам пракладкі, але нам не давалі. Калі мы прыехалі з Акрэсціна, то ў нас яшчэ былі месячныя, а потым яны зніклі дзесьці месяцы на тры ад стрэсу. Таксама не выдавалі нам і туалетную паперу. Калі давалі трохі і мы прасілі зноў, то супрацоўнікі пыталі: «Што вы сабе там усё траце?» Былі ўсялякія прыніжэнні.
Кожны дзень нам трэба было скручваць матрацы, і мы цэлы дзень сядзелі на халодных жалезных кратах нашых ложкаў. Нам пастаянна выключалі ваду. Ледзяная вада была адну-дзве гадзіны ў дзень. Калі мы хадзілі ў прыбіральню, то стаяў дзікі смурод. Мы казалі, што мы можам проста задыхнуцца і атруціцца ад паху мачы.
Кожны дзень у турме ўключалі пасланне Лукашэнкі Усебеларускаму народнаму сходу. Гэта называлі прафілактычнымі мерапрыемствамі. Пастаянна гэтае радыё раўло. У 22.00 быў адбой, але нас падымалі потым апоўначы, а другой гадзіне ночы, а пад’ём быў, а шостай гадзіне. Усю ноч трэба было хадзіць да «кармушкі», называць сваё прозвішча і свой прафілактычны ўлік, хоць на яго нас яшчэ не паставілі. Але яны прэвентыўна нас паставілі на яго, каб вось так падымаць начамі. Адзення зменнага ў нас не было ніякага, таму мы ў майтках, майках, станіках хадзілі да гэтай «кармушкі», дзе на нас глядзелі супрацоўнікі. І такім гуськом мы паўночы вакол стала хадзілі. Хтосьці быў заматаны ў прасціны, а хтосьці і так.
Супрацоўнікі нам казалі: «Навошта вам перадачы? Вы атрымліваеце тут трохразовае гарачае харчаванне». Кожны дзень нас выводзілі на шыхтаванне ля сценкі на расцяжцы. Супрацоўнікі білі пад каленямі палкай або нагой пастаянна, каб мы ніжэй схіляліся, а ахоўніцы палкай ногі рассоўвалі шырэй. Адзін раз нас пасадзілі на кукішкі, у тым ліку пажылых людзей, якім пад 70 гадоў. Людзі падалі на падлогу і плакалі. Калі мы вярнуліся ў камеру, хтосьці нават страціў прытомнасць. Больш яны нас не саджалі на кукішкі. Але здзекаваліся па-іншаму ўсяляк.
Неяк дзвюх дзяўчат выклікаў да сябе супрацоўнік КДБ, які працуе ў Жодзіне. На іх ціснулі, каб яны расказалі, хто ў камеры «бэчэбэшніца», хто «змагарка», хто на якія пратэсты хадзіў. Пагражалі дзяўчатам, што мы ўсе паедзем на зону гадоў на 10, што нас згнояць у турме, што мы паедзем свіней карміць. Але дзяўчаты адказвалі, што мы рандомныя схопленыя жанчыны і навошта яны гэта ўсё зрабілі наогул. За гэты адпор пагражалі карцарамі.
Нам потым яшчэ супрацоўнік турмы казаў: «Дзяўчаты, вы ж паміж сабой не перагаворвайцеся, а то сярод вас ёсць чалавек, які здае». Але па факце сярод нас не было падсадных, напэўна. Гэта рабілася для таго, каб мы перагрызліся адна з адной, пачалі адна адну падазраваць. Але мы далі ясна зразумець, што расказваць нам асабліва няма чаго.
Калі нам казалі, што мы на каранціне, то мы прасілі паказаць дакументы, якія яго рэгламентуюць, каб ведаць, што належыць, а што не. Але нічога нам не далі.
Найгоршы дзень быў 14 кастрычніка — Дзень маці. Нам уключылі радыё, дзе дзеці віншавалі сваіх мам са святам. Мы вельмі моцна плакалі, бо ў большасці з нас ёсць дзеці, з якімі мы не маглі быць у той дзень.
Адна з жанчын пастаянна казала ахоўнікам, што мы ў закладніках, і пытала, калі спыніцца гэты палон. Яна пасля Акрэсціна захварэла на бранхіт так моцна, што мы, калі шчыра, кожны дзень баяліся, што яна памрэ. Пры гэтым у яе ціск яшчэ быў пад 230. Не было ніякай дапамогі, а яна вельмі моцна кашляла. Чалавек быў у вельмі кепскім стане. Маладыя ахоўнікі прыходзілі і пыталі: «Яна ў вас яшчэ не здохла?» Смяяліся і адыходзілі. У адной жанчыны здарылася алапецыя (моцнае выпадзенне валасоў) на фоне каранціну.
«Адна дзяўчынка замест сваіх прозвішча і імені сказала: „Кузьма Чорны“»
— Гэта ўсё цягнулася 48 дзён. Мы рэальна былі нібыта ў палоне. Што зробяць гэтыя маньякі далей — мы не ведалі. Відавочна, што мы сядзім, пакуль з намі вырашаюць, што рабіць. Усё дайшло да таго, што мы пачалі ўспамінаць родных і што мы б ім сказалі, бо думалі, што мы іх больш ніколі не ўбачым. Мы разважалі там, што, калі сыходзілі, не сказалі ім нейкіх важных словаў. Мы пастаянна прыслухоўваліся да гуку машын і аўтазакаў. Адна жанчына казала: «Божа мой, дзяўчаты, нас, мабыць, у лес павязуць». Яна паўтарала гэта кожны дзень — настолькі гэтая думка засела ў яе ў галаве, што ў яе быццам псіхоз пайшоў.
Мы там практычна не спалі: удзень не давалі, а ўначы падымалі ўвесь час і святло гарэла. Дзесьці на 42-ы дзень нас чарговым разам пабудзілі на праверку, на якой трэба назваць сваё прозвішча і артыкул. Адна дзяўчынка замест гэтага сказала: «Кузьма Чорны». Яна ўжо забыла, як яе завуць — так псіхалагічна давялі жанчын. І тады яны, напэўна, зразумелі, што хопіць нас мардаваць. Пасля гэтага каранціну ў нас дзве жанчыны паехалі ў «Навінкі» на абследаванне.
Неўзабаве нас паставілі на прафілактычны ўлік як схільных да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці. Нас і хлопцаў усіх выводзілі на дыван да адміністрацыі турмы, пыталі, навошта мы гэта пішам. Па-рознаму сябе дзяўчаты паводзілі: хтосьці размаўляў, а хтосьці бунтаваў і казаў, што гэтая ўлада нелегітымная і яе законы — таксама, таму выконваць яны іх не збіраюцца. У КДБ і ў жодзінскай турме нам адказвалі на такое, што калі нешта не падабаецца, то з’язджайце з краіны.
«Першыя паўгадзіны сустрэчы я проста плакала»
Пасля 48-дзённага каранціну затрыманых па «справе Зельцэра» размеркавалі па камерах.
— Мы зноў спадзяваліся, што нас адпускаюць дадому. Нас паднялі наверх у камеру па 3−4 чалавекі. Усе ўжо ведалі пра наш каранцін і пра нашыя жудасныя ўмовы. Дзесьці з 15 лістапада пачалося нашае знаходжанне ў турме на агульных умовах.
Калі мяне павялі да адваката, то першыя паўгадзіны сустрэчы я проста плакала. Праз шкло рыдала і казала, што гэта нейкі кашмар. Адвакат спрабаваў мяне неяк суцяшаць і перадаць супакаяльныя. Ад родных мне перадалі цэлы стос лістоў і першую перадачу з апельсінамі і іншай садавіной. Больш, вядома, парадавалі лісты. Іх было шмат ад розных родных са словамі падтрымкі. Усе чыталі лісты, што прыйшлі за час каранціну, і плакалі. Гэта быў самы кранальны момант. Ён парадаваў больш, чым ежа.
Нас адразу трымалі ўсіх у першым корпусе, які называецца «Тытанік» і лічыцца «прэс-хатай», як мы потым даведаліся. Я думаю цяпер, што, можа, у іх там у камерах была праслухоўка? Але ў нас не было што праслухоўваць, мы ж у каментарах напісалі, што кожная думае. Мы там проста знаёміліся, абмяркоўвалі дзяцей, падарожжы. Проста днямі сядзелі і балбаталі пра ўсё на свеце. Асабліва з нас не было чаго ўзяць.
Наогул у жодзінскай турме ў агульных камерах распаўсюджаныя «дзяўчаты-наглядчыцы». Як правіла, гэта тыя, хто даўно сядзіць па эканамічных ці наркатычных артыкулах. Яны ўціраюцца ў давер да затрыманых праз бытавыя пытанні, а потым ідуць і аператыўнікам усё расказваюць. Часам яны адкрыта гнабяць.
З намі былі дзяўчаты па «справе цюкоў». Іх вельмі моцна ўсяляк прыніжалі, крытыкавалі і чапляліся да ўсяго. У адной камеры адна дзяўчына некалькі дзён крычала на палітзняволеную за тое, што тая ноччу схадзіла ў прыбіральню па-вялікаму, а вокны пры гэтым былі зачыненыя. За найменшыя парушэнні яна крычала на палітычных. Напрыклад, падушку не так паклала, не так села, не тую кнігу ў бібліятэцы замовіла. Калі пачынаеш заступацца, яна адразу ішла да аператыўніка, і цябе пачыналі перакідваць з камеры ў камеру. Прозвішча гэтай жанчыны на Жодзіна — Алена Сямагіна па артыкуле арт. 209 КК (махлярства).
Яшчэ адну дзяўчыну, затрыманую за ўдзел у акцыі пратэсту, прымушалі мыць прыбіральні за ВІЧ-інфікаванымі хлоркай, і ў яе пачалі аблазіць рукі. Мой матрац неяк выкінулі на калідор з пасцельнай бялізнай і піжамай, нібыта выпадкова.
«Пытанні былі пра тое, ці ёсць радня за мяжой, як ставімся да дзеянняў Ціханоўскай»
— На Жодзіна медыцынскія работнікі не займаюцца першаснай апрацоўкай людзей пры паступленні. Да нас падсаджвалі жанчын з сухотамі і з вошамі, гепатытам С і ВІЧ. Часам не давалі сродак ад вошай. Таму дзяўчаты прасілі блізкіх перадаць шампуні і спецыяльныя расчоскі, каб вычэсваць гніды. Дзяўчаты-аднакамерніцы надзявалі пальчаткі і апрацоўвалі такіх жанчын самі. На праверках мы задавалі пытанні, чаму ў нашых камерах знаходзяцца ВІЧ-інфікаваныя і яны не праходзяць тэрапію.
У жодзінскай турме пастаянна мяняюць камеры. За размяшчэнне ў камерах адказвае аператыўны супрацоўнік. Асабліва з палітычных затрыманых жанчын здзекаваўся малады аператыўнік Раман.
Кожны месяц палітвязняў пераводзілі з адной камеры ў іншую. Я за год змяніла дзесьці адзінаццаць камер. Акрамя таго, былі змены, якія асабліва здзекаваліся з нас. Мы стаялі на прадоле і трымалі матрацы ў руках, калі было цяжка іх трымаць і ты іх апускала на падлогу, то матрац і падушку забіралі, а ўзамен прыносілі тонкія і драныя.
Калі пачалася вайна, увесь прадол абвясціў сакрэтную галадоўку. Такая была нашая салідарнасць з Украінай. Мы ўсе былі супраць гэтай вайны і вельмі напалохаліся. Супрацоўнікі вельмі псіхавалі, пыталіся, чаму не ямо.
24 лютага 2022 года дзяўчынкі з іншых камер пайшлі на шпацыр, і ім уключылі песню «Свяшчэнная вайна». Яны вельмі перапалохаліся і пачалі пытаць ахоўнікаў, што адбываецца, з кім ваюем. Людзі доўга нічога не ведалі, што вельмі моцна іх траўмавала. Ніхто нічога не казаў, але ўсе разумелі, што нешта адбываецца.
Каля месяца з пачатку лютага нам не аддавалі лісты. Яны ж думалі, што гэта хутка ўсё скончыцца, але калі ўсё зацягнулася, зразумелі, што трэба ўжо аддаваць нашыя лісты. І там ужо родныя пісалі, што пачалася вайна. Мы вельмі перажывалі.
Перад рэферэндумам у лютым у Жодзіна прыязджаў пракурор. Ён быў ці то з пракуратуры, ці то з ДВП, прадставіўся так хутка, што і запомніць не паспела. І «палітычных» жанчын зноў павялі на допыт. Без прысутнасці адваката чарговы раз. Пытанні былі пра тое, ці шкадуем мы пра напісаны каментар, ці ёсць радня за мяжой, як ставімся да дзеянняў Ціханоўскай, за каго галасавалі, ці падабаюцца ўмовы ў турме, ці будзем з’язджаць з такой цудоўнай краіны, як Беларусь. На гэтым допыце прысутнічаў той самы аператыўнік Раман. Усё гэта нагадвала нейкі сюр.
«Ведалі, што ім будзе па 10 гадоў, і былі да гэтага гатовыя»
У жодзінскай турме, паводле словаў былой палітзняволенай, затрыманых па «справе Зельцэра» ахоўвалі супрацоўнікі КДБ. Там Алісу ўтрымлівалі больш за год, а перад судом адправілі ў СІЗА-1 у Мінск.
— На Валадарцы я пазнаёмілася з Людмілай Чэкінай, Юліяй Мудрэўскай, Валерыяй Касцюговай і Ірынай Злобінай. Сустрэлі мяне вельмі добра — усе вельмі прыязныя. Дзяўчаты, вядома, крэмень і вялікія малайцы. Самі заўсёды ўсіх падтрымлівалі. На іх ціснула следства, каб напісалі памілаванне, але яны казалі, што ніколі на гэта не пойдуць. Яны ведалі, што ім будзе па 10 гадоў, і былі да гэтага гатовыя, таму размаўлялі пра тое, што будуць рабіць у Гомелі на Антошкіна. Яны займаліся спортам у камеры і ў любое надвор’е хадзілі на шпацыр. Валерыя Касцюгова прасіла перадаць, каб людзей неяк з турмаў вызвалялі, таму што вельмі цяжка і вялікі прэсінг.
Чамусьці на Ірыну Злобіну, якую ўжо асудзілі на дзевяць гадоў калоніі, моцна ціснулі. З яе асабліва здзекавалася адна рэжымная работніца Дзядзюля. Яе называлі жанчынай з чырвонымі вуснамі. Праводзіла ў камеры шматгадзінныя ператрусы з 10.00 да 16.00 — вучыла новых ахоўніц. Я тады была ў такім шоку, думала, што на Валадарцы ўмовы лепшыя, а тут трапіла на такі ператрус. Яна выкідала нашыя асабістыя рэчы без прысутнасці дзяжурнай па камеры, а гэта вялікае парушэнне. Забрала ў нас усе цёплыя рэчы, пакінула кожнай адну кофту і адны штаны.
Неяк Іру Злобіну і Юлю Мудрэўскую Дзядзюля вывела на калідор, і дзяўчаты мусілі пераапранацца проста на калідоры. Мы глядзім у шчыліну кармушкі, а яны без штаноў стаяць у адных трусах. Такога наогул нельга рабіць, жанчын могуць раздзяваць толькі ў кабінеце ў доктара. Тады ўсе лісты Іры, якія людзі дасылалі са словамі падтрымкі, рэжымніца выкінула. Сказала, што гэта смецце.
«Дзяўчынкі зрабілі пераздымку-татуіроўку ў выглядзе пантэры»
Першага верасня стала вядома, што палітзняволеныя медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ажаніліся ў СІЗА-1. Пад вартай іх утрымліваюць са студзеня 2021 года.
— Я не заспела, як Іра Злобіна выходзіла замуж, але мне дзяўчаты расказалі. Ёй перадалі прыгожую сукенку чорнага колеру з вялікімі празрыстымі рукавамі і адкрытай спінай. Дзяўчаты ёй зрабілі пераздымку-татуіроўку ў выглядзе пантэры, а таксама прыгожую прычоску. Распісваліся яны без сведак пры канваірах.
У камеры Валерыя, Людміла і Юлія зрабілі канфеці і хацелі абсыпаць Ірыну, калі яна прыйдзе з роспісу. Але дзяўчат забралі на шпацыр, і Іра вярнулася ў камеру раней, таму яе прасілі, каб яна адвярнулася і зрабіла выгляд, быццам заходзіць з роспісу, а яе абсыпалі і віншавалі.
Я трапіла ў такую камеру, дзе ў дзяўчат быў прысуд дзевяць гадоў, а астатнім свяціла па 10 гадоў, таму мне нават сорамна са сваім прысудам было хвалявацца. Хоць я вельмі перажывала. Суд не забыць ніколі. Дзяўчаты трымаліся. Іра Злобіна наогул заўсёды ўсміхаецца і ветлівая. Я не ведаю, як у яе атрымліваецца быць заўсёды ў добрым настроі.
«Суддзя не ведала, як судзіць чалавека за адзін каментар»
Судовы працэс Алісы, як і іншых фігурантаў «справы Зельцэра», праходзіў у закрытым рэжыме. Жанчыну асудзілі на два гады калоніі за адзін каментар у YouTube. Яго кваліфікавалі як распальванне іншай сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).
— Усім затрыманым рабілі лінгвістычныя і псіхалагічныя экспертызы каментароў. Але амаль ва ўсіх лінгвістычная экспертыза не пацвердзіла ніводнага артыкула, указанага ў абвінавачванні, у кагосьці пацвердзілі толькі адзін артыкул. Аднак следчыя нам не знялі абвінавачанні ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса. Многія з іх цягам года атрымалі павышэнне па службе.
Калі мяне перавезлі ў СІЗА-1 перад судом, то ўжо былі працэсы над нашымі дзяўчатамі — ім давалі па два і два з паловай гады калоніі і штрафы. Мы былі ў жаху, бо не чакалі, што будуць такія суровыя прысуды. Мы не чакалі, што будзе настолькі кепска ўсё. Але стала лягчэй, калі перакваліфікавалі частку 3 на частку 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса.
Суддзя ўжо не ведала, што пытаць і як судзіць чалавека за гэты адзін каментар. Пачала чытаць, на якія я каналы была падпісаная, нейкія іншыя каментары, якія да мяне не маюць дачынення. Мая крымінальная справа налічвала два ці паўтара тома. Палова матэрыялаў справы — падаўжэнні ўтрымання пад вартай.
Як расказвае Аліса, сярод палітвязняў яна сустракала доктарак, настаўніц, айцішніц:
— Усе інтэлігентныя жанчыны з вышэйшымі адукацыямі, часта — і не адной, спецыялісткі ў сваёй сферы, якія маюць добрыя сем'і. Не бачыла я там ні прастытутак, ні наркаманак.