Падчас аблавы ў Дзяржынску ў гэтыя выходныя сілавікі затрымалі каля 45 чалавек. Большасць з іх пазней адпусцілі. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Масавыя ператрусы прайшлі пасля таго, як 31 сакавіка ўздоўж дарогі вывесілі тры сцягі: бел-чырвона-белы, украінскі і палка «Азоў». Побач з імі нібыта знайшлі выбуховае прыстасаванне, паведамляюць праваабаронцы.
Ператрусы праводзіліся супрацоўнікамі САХРа і АМАПа па пастанове, выпісанай пасля «ўстаноўкі муляжа выбуховага прыстасавання на трасе ў раёне Петкавічаў», піша «Вясна».
«Агулам за гэтыя дні (1−2 красавіка. — Заўв. рэд.) затрымалі каля 45 чалавек, але большую частку з іх адпусцілі. Некаторых пакінулі ў мясцовым РАУС. Яны чакаюць судоў па адміністрацыйных артыкулах», — удакладнілі праваабаронцы.
Мясцовыя расказалі «Вясне», што сілавікі прыходзілі да людзей, якія 31 сакавіка праязджалі па трасе міма месца ўстаноўкі сцягоў, а таксама да тых, хто раней затрымліваўся па «палітычных» артыкулах.
«Увечары 1 красавіка дзяржынскія ўчастковыя хадзілі па людзях з „нейкага свайго спісу“ і праглядалі іх тэлефоны», — адзначылі ў «Вясне», падкрэсліўшы, што правяралі жыхароў не толькі Дзяржынска, але і суседніх вёсак.
Толькі за 1 красавіка ў Дзяржынску прайшло каля 30 ператрусаў.
«Затрымліваюць не ўсіх. Запампоўваюць інфармацыю з тэлефона, многіх адпускаюць, нават нічога не адбіраючы. Аднаго чалавека выводзілі з дому з пакетам на галаве і ў кайданках. Многіх правяраюць таму, што яны трапілі на камеры назірання на ўездзе ў Дзяржынск. Пытаюцца, навошта і куды ездзілі. Па некаторых адрасах хадзілі ўчастковыя, правяралі тэлефоны. Амаль усім ставілі нейкі бот, правяралі падпіскі, лайкі, прагляды. Некаторыя расказвалі, што ім паставілі „маячкі“ на аўтамабілі», — паведамілі мясцовыя «Вясне».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, каля 10 чалавек застаюцца ў РАУС.